Падзяліцца:
“Роздум. З легендаў і казак былых пакаленняў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.09.2023
“Роздум. З легендаў і казак былых пакаленняў”. Радыёблог Навума Гальпяровіча

Кожная вандроўка па родным краі заўсёды выклікала ў мяне шмат пачуццяў, бо, напэўна, цяжка знайсці ў віры штодзённых клопатаў і спраў больш шчаслівых хвілін спазнання прыгажосці і велічы здаецца сціплых краявідаў, але кожны з іх напоўнены пачуццём невыказнай пяшчоты і замілавання.

Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
як вецер густыя туманы развесіць,
ці пена срабрыста на хвалях зазвоніць,
цалуючы зоры, калышучы месяц…

Гэтыя радкі народнага паэта Максіма Танка я паўтараў пра сябе, стоячы ў туманную світальную раніцу на беразе магутнага неабдымнага возера пад ясным жнівеньскім небам. Лета падарыла мне сёлета нямала памятных месцаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых творцаў і завяршылася на маляўнічай Мядзельшчыне, дзе ўсё, здаецца, дыхае цудоўнай танкаўскай паэзіяй, дзе нябачна прысутнічае яго высокі і светлы вобраз.

І ў Пількаўшчыне каля роднай хаты, і ў суседніх Навіках на сельскіх могілках, дзе ён застаўся на вечны спачын сціплым сямейным помнікам.

Малады паэт Рагнед Малахоўскі падвёз нас да хаты, дзе нарадзіўся паэт, дзе толькі сціплая шыльда сведчыць пра тое, што тут прайшлі гады яго маленства.

Заглядаючы праз плот на пустуючы будынак, хацелася ўявіць, як малы Жэня Скурко рабіў тут першыя крокі, як жыла сям'я будучага волата айчыннага пісьменства.

На жаль, ні ў гэтай хаце, ні побач у вёсцы няма пакуль музея і не едзе сюды паток турыстаў і прыхільнікаў творчасці паэта.

Затое Мядзель сустрэў нас магутным помнікам паэту работы скульптараў Івана Місько і Аляксандра Фінскага.

Непадалёк, у раённай бібліятэцы, руплівая гаспадыня ўстановы Таццяна Ананьеўна Нірцова распавяла аб тым, як землякі ўшаноўваюць памяць творцы, аб мерапрыемствах, якія штогод праходзяць у раёне.

На сустрэчы з мясцовымі аматарамі літаратуры былы старшыня калгаса імя Максіма Танка кандыдат эканамічных навук Пётр Давыдавіч Чарняўскі гаварыў, што для нарачан Максім Танк застаецца родным і блізкім і яго творчасць па-ранейшаму хвалюе і цешыць землякоў.

Прыемна было чуць сакавітую родную мову, глядзець на адухоўленыя твары мясцовых людзей. Тую мову, пра якую ён так хораша і шчыра напісаў:

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Нездарма кажуць, што каб зведаць усю прыгажосць роднай зямлі, трэба пачытаць, што пішуць пра сваю радзіму яе паэты – Броўка і Барадулін пра Ушаччыну, Аляксей Пысін і Алесь Пісьмянкоў пра Магілёўшчыну, Анатоль Грачанікаў пра Гомельшчыну, Алесь Разанаў і Раіса Баравікова пра Брэшчыну, Алег Лойка пра Гарадзеншчыну…

А нарачанскія сосны нагадвалі мне пра Максіма Танка. І я марыў пра яго музей на радзіме, каб многія беларусы і нашы шматлікія госці дакрануліся да вытокаў яго магутнага таленту.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: