Я разумею, што ўсякія параўнанні і паралелі вельмі ўмоўныя, але ў нечым вельмі падобныя лёсы мексіканскай піяністкі і кампазітара Кансуэлы Веласкес Торэс і беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, чый 130-гадовы юбілей мы адзначаем у гэтыя дні. Яны засталіся ў нашай памяці як аўтары адной песні, якая стала іх жыццём. Калі ў мексіканкі гэта славутая «Бэсамэмучо», то для Канстанцыі – гэта песня «Люблю». Вы ўсе, відаць яе ведаеце. Памятаеце:
Пакладзены на музыку кампазітарам Міколам Равенскім верш стаў вядомай песняй, якая прынесла Канстанцыі Буйло вядомасць і славу.
Канстанцыя Буйло — беларуская паэтэса. Заслужаны дзеяч культуры БССР.
Нарадзілася ў сям’і аб’ездніка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 года ў Віленскім касцёле Святога Якава. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914).
Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч, жонкай Янкі Купалы.
Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910 года. У 1914 годзе Беларускае выдавецкае таварыства выпусціла дэбютны зборнік вершаў Какстанцыі Буйло «Курганная кветка» (1914, Вільня, друкарня Марціна Кухты; факсімільнае выданне ў 1989), які адрэдагаваў Янка Купала і аформіў Язэп Драздовіч.
Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай.
Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай паэзіі».
Буйло так успамінала пра знаёмства з будучым класікам беларускай літаратуры: «Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокi, тонкi мужчына, з сiнiмi вачыма, задумлiвы i сур’ёзны. – «Ты, мусiць, Буйлянка, – лагодна сказаў ён мне, – ну, а я Купала. Дык давай знаёмiцца». I ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур’ёзна i ўрачыста, што я нават не здзiвiлася, а смяшлiвая Уладка не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяцiў мне вельмi прыгожы свой верш».
Менавіта з Канстанцыяй Купала неяк увесь вечар у рэдакцыі чытаў рукапіс сваёй новай п'есы «Паўлінка». Ён жа і прапанаваў юнай паэтэсе саставіць кнігу яе вершаў. Успамінала Канстанцыя: «Пiсаў мне, што працуе над ёй з такiм жа замiлаваннем, як над сваёй. Як гэта ўзнiмала веру ў сябе маладога паэта, як гэта акрыляла яго, як памагала пiсаць!»
Значную частку свайго жыцця ажно да апошніх сваіх дзён Канстанцыя Буйло пражыла ў Маскве. Але любоў да роднай старонкі не пакідала яе. «Залочаныя збожжам нівы і шум нашых гаяў і лясоў» натхнялі яе, надавалі жыццёвыя і творчыя сілы.
А нам засталіся яе вершы і цудоўная песня, якую спявае народ.