Падзяліцца:
«Роздум. З цэлым народам гутарку весці...». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.04.2022
«Роздум. З цэлым народам гутарку весці...». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця –
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця, –

пісаў у 1912 годзе ў адным са сваіх першых вершаў Янка Купала.

Год гістарычнай памяці нагадвае нам пра слынныя вехі гісторыі нашай краіны, імёны выдатных людзей, якія стваралі гэтую гісторыю. І сярод іх імёны класікаў айчыннай літаратуры – народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Як сцвярджае даследчык творчасці песняроў пісьменнік Іван Навуменка: «Другія народы даўно заявілі аб сабе, за іх плячамі былі значныя набыткі кніжнай культуры, найталенавіцейшыя з людзей пануючага класа зліваліся з народам, выказваючы яго непаўторную душу, розум, імкненні. Беларусь жа яшчэ мусіла заявіць аб сабе, заявіць так, каб яе голас пачулі і адрознілі».

На пачатку ХХ стагоддзя на творчасць маладых тады Купалы і Коласа звярнуў увагу Максім Горкі. Ён пісаў: «У Беларусі ёсць два паэты: Якуб Колас і Янка Купала – вельмі цікавыя хлопцы! Так проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра». Менавіта Максім Горкі адкрыў дарогу да шырокага чытача праграмны верш маладога тады яшчэ беларускага паэта «А хто там ідзе?», пераклаўшы яго на рускую мову.

Для беларусаў гэты твор абуджаў патрыятызм, гонар за свой народ. Сёння купалаўскі верш перакладзены больш чым на сто моў свету і выяўляе спрадвечныя мары нашага народа – быць у агульнай сям'і народаў свету роўнымі і годнымі сябрамі.

І тут варта паразважаць пра творчае крэда нашых класікаў. Яны звярнуліся да асэнсавання ролі творцы ў вырашэнні лёсу народа, творцы, які добра ўсведамляе гістарычны шлях свайго народа, яго культуру.

Сваімі творамі яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявілі незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.

Сёлетнія юбілеі песняроў шырока адзначаюцца грамадскасцю. І наша радыё ўносіць свой уклад не толькі ў асвятленне мерапрыемстваў, звязаных з юбілеямі. На нашых хвалях гучаць несмяротныя творы класікаў. А канал «Культура» разам з Дзяржаўным купалаўскім музеем арганізаваў спецпраект, дзе вершы песняра ў выкананні артыстаў мінскіх тэатраў суправаджаюцца каментарыямі музейных работнікаў аб гісторыі іх стварэння.

І гэта важна таксама таму, што ў патоку інфармацый, якімі поўніцца эфір, роздумаў над лёсам краін і народаў, паэтычнае слова класікаў нібы гаючае паветра, светлы гімн усяму прыгожаму і вечнаму.

«У народ і край свой толькі веру», – так акрэсліў Купала тыя абсягі свайго светапогляду, свайго глыбокага патрыятызму.

Народ і Бацькаўшчына – найвялікшыя каштоўнасці Купалы і Коласа, а любоў да Беларусі – пачуццё, што вызначыла іх жыццё. Яны не толькі знакавая з’ява, якая красамоўна сведчыць аб вяршынях нацыянальнай творчасці, але і яскравае выяўленне народнага духу.

І сёння, калі мы гаворым пра ролю пісьменніка, літаратуры ў нашым жыцці, высокі прыклад класікаў для сучасных творцаў як узор магутнай знітаванасці з каштоўнасцямі свайго народа, з грамадзянскімі, маральнымі ідэаламі грамадства.

І ўсе разам мы вучымся гэтай адданасці, гэтай знітаванасці думкамі і памкненнямі з родным народам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: