Падзяліцца:
«Роздум. З удзячнай памяццю». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.11.2020
«Роздум. З удзячнай памяццю». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

«Пяць лыжак заціркі. Такі блізкі лёс
Народа твайго і братоў-беларусаў…»

Гэта з майго даўняга верша, прысвечанага Змітраку Бядулю, класіку, аднаму з пачынальнікаў айчыннай найноўшай літаратуры. Гэта яго абразок «Пяць лыжак заціркі» стаў сапраўдным шэдэўрам і палюбіўся чытачам розных пакаленняў.

Самуіл Плаўнік, які ўзяў сабе такі псеўданім, тым самым атаясаміў свой лёс з лёсам беларускага народа, стаў аўтарам твораў, якія сталі энцыклапедыяй народнага жыцця, поклічам да высокага патрыятызму, абуджалі ў душах людзей светлыя і шчымлівыя пачуцці.

Як сцвярджаюць даследчыкі і аматары роднай літаратуры, Змітрок Бядуля –постаць яркая, каларытная, неардынарная: у нацыянальным прыгожым пісьменстве ён паэт-рамантык, раманіст, публіцыст, таленавіты і арыгінальны тэатральны крытык, даследчык пытанняў этнаграфіі і фальклора, дзіцячы пісьменнік.

Жыццёвы лёс яго перарваўся ў далёкім 1941-годзе. Бядуля з сям’ёй ехаў у эшэлоне ў эвакуацыю, бо вораг быў на подступах да Мінска. Трэцяга лістапада 1941 года непадалёк ад станцыі Уральск, пісьменнік у час прыпынку цягніка адчуў сябе дрэнна і нечакана перастаў дыхаць: спынілася сэрца. Пахавалі класіка беларускай літаратуры там жа, ва Уральску. Сын пісьменніка Яфім Плаўнік, якому тады было сем год, распавядаў, што многія сем’і беларускіх пісьменнікаў у той дзень выгрузіліся з цягніка і засталіся ва Уральску, хаця мусілі ехаць у Алма-Ату. Бядулю хаваў тэатр БДТ-2 з Віцебска, які там гастраляваў.

На месцы смерці пісьменніка ва Уральску, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Казахстана, стаяў сціплы помнік, да якога ў памятныя дні прыходзілі мясцовыя жыхары, а таксама госці з Беларусі, каб пакланіцца памяці класіка.

Сваякі Бядулі не раз спрабавалі здзейсніць перапахаванне яго парэшткаў у Беларусь.

І толькі праз дзесяткі гадоў гэта з дапамогай грамадскасці і пры падтрымцы дзяржаўных структур ажыццявілася – 26 лютага гэтага года прах Змітрака Бядулі вярнуўся на Радзіму.

У міністэрстве інфармацыі было прынята рашэнне пра дату і месца пахавання. Сёння, трэцяга лістапада, у дзень, калі памёр пісьменнік, адбудзецца перапахаванне яго парэшткаў на Усходніх могілках, дзе пахаваны многія выбітныя асобы, у тым ліку Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і іншыя выдатныя сыны Бацькаўшчыны.

Парэшткі, якія знаходзяцца ў Ільінскай царкве ў Бабруйску, будуць перавезены ў Мінск. У гэты дзень у філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, «Беларускай хатцы», дзе некалі жыў Бядуля, жадаючыя наведаюць выставу, прысвечаую яго жыццю і творчасці, а затым на Усходніх могілках адбудзецца пахаванне.

У цырымоніі развітання прымуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі і культуры, творчых арганізацый, музейныя работнікі, грамадскасць, сын пісьменніка Яфім Плаўнік. З-за пандэміі не змогуць прыехаць прадстаўнікі Фонду Марыі Магдалены Радзівіл са Швейцарыі, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі працэсу вяртання праха пісьменніка на Радзіму.

Такім чынам, нашы землякі не толькі з Мінска, а і з іншых куткоў Беларусі атрымаюць магчымасць прыйсці да магілы выдатнага сына беларускай зямлі, пакланіцца і выказаць словы прызнання і ўдзячнасці аўтару неўміручых твораў пра наш край, пра родны беларускі народ.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: