З былым партызанскім разведчыкам, франтавіком, ганаровым грамадзянінам Полацка пісьменнікам Алесем Савіцкім мы не раз праязджалі па дарозе з Мінска міма вёскі Сарочына, якая вяла на блізкія Ушачы.
– Слухай, Навум, давай заедзем на комплекс «Прарыў», – сказаў аднойчы Алесь Ануфрыевіч.
Мне не раз даводзілася бываць на гэтым мемарыяле, але з жывым сведкам тых гераічных падзей як было не пагадзіцца звярнуць з шашы і скіраваць на Ушачы.
І вось мы ў сямі кіламетрах ад гарадскога пасёлка Ушачы паміж вёскамі Пліна, Паперына і Новае Сяло. Падымаемся па бетоннай дарозе, што сімвалізуе крывавы шлях прарыву фашысцкай блакады да помніка.
Надпіс: «Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх бітваў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 каля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17 185 супраць 60 000. Мужнасць народа перамагла смерць і стала бессмяротнасцю».
Як згадаў Алесь Ануфрыевіч, партызанская зона прасціралася ад Полацка на поўначы да Лепеля на поўдні, ад Вілейскай вобласці на захадзе да ракі Заходняй Дзвіны на ўсходзе. На тэрыторыі зоны знаходзілася 1220 населеных пунктаў, у якіх пражывалі 80 тысяч чалавек, у тым ліку бежанцаў з іншых раёнаў. У партызанскай зоне была адноўлена савецкая ўлада, дзейнічалі млыны, шкіпінарна-дзягцярныя заводы, кузні, слясарныя майстэрні, гарбарныя прадпрыемствы, сталярна-бандарныя майстэрні, электрастанцыі, маслазаводы, рыбалоўныя арцелі, бальніца, выдавалася 6 раённых газет.
Працягласць абароны складала 287 км. На тэрыторыі партызанскай зоны дзейнічалі тры аэрадромы.
Захопнікі не раз рабілі спробы, каб уварвацца ў партызанскую зону, але байцы атрадаў паспяхова адбівалі атакі.
Вясной 1944 года былі распрацаваны 2 карныя аперацыі. Супраць 16 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю 17 тыс. чалавек было сцягнута 60 тыс. салдат і афіцэраў нямецкай арміі.
Карная экспедыцыя пад кодавай назвай «Свята вясны» пачалася 11 красавіка атакамі 56-й пяхотнай дывізіі з боку Полацка.
Амаль 25 дзён ішлі цяжкія няроўныя баі. У ноч з 4 на 5 мая партызанскія атрады ажыццявілі легендарны прарыў вогненнага кальца, выйшлі з акружэння і вывелі 15 тыс. чалавек мірнага насельніцтва.
Сівы ветэран стаяў моўчкі. Ветрык варушыў яго пышную чупрыну. Ён нанова перажываў сваю былую баявую маладосць.
Няма ўжо Алеся Ануфрыевіча, як пайшлі з жыцця многія былыя ўдзельнікі баёў. А комплекс стаіць, да яго прыязджаюць і прыходзяць людзі, каб пакланіцца памяці герояў, якімі сталі звычайныя людзі ў суровыя гады выпрабаванняў.
Наступае вясна. Давайце і мы, па магчымасці, завітаем на гэтае святое месца і ўскладзем кветкі нашай ўдзячнай памяці.