Падзяліцца:
«Роздум. З віртуальнага ў рэальны...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 02.03.2020
«Роздум. З віртуальнага ў рэальны...» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сёння, відаць, нікога не здзівіш тым, што нашы дзеці нярэдка аддаюць перавагу гульням у інтэрнэце перад традыцыйнымі раней дзіцячымі забавамі. Відавочна, паменшыла такіх забаў на вуліцах і дварах, усё часцей хлопчыкі і дзяўчынкі маюць намер заставацца дома са зручнымі для іх мабільнымі тэлефонамі, планшэтамі і гаджэтамі.

Намаганні старэйшых пераключыць іх увагу на кнігі і казкі, гульні на свежым паветры, сумесныя прагулкі ў заапарк ці цырк, часам натыкаюцца на скрытае або адкрытае нежаданне.

Пачынаецца гэтае захапленне літаральна ледзь не з першых гадоў жыцця малечы. Пагутарце з малымі ў дзіцячым садку. Упэўнены, што большасць з выхаванцаў, якія не ўмеюць яшчэ чытаць, ужо досыць вольна абыходзяцца і з мабільнымі тэлефонамі, і іншымі камп'ютарнымі прыладамі.

Дастаткова аднаму, скажам так, вельмі «прасунутаму» выхаванцу пахваліцца цікавай камп'ютарнай гульнёй на падораным бацькамі тэлефоне, і гэты своеасаблівы вірус імгненна распаўсюдзіцца на ўсю групу.

Цяжка бацькам устаяць перад неадольнай прагай любімага дзіцяці хоць пяць хвілінак пагуляць у нейкага там «майнкрафта» ці ў шэрыфаў і злодзеяў.

Зрэшты, іх зразумець можна: простая забарона толькі павялічыць жаданне, выкліча негатыў, пастаянную затоеную крыўду.

Як кантраляваць гэты працэс, не дапусціць устойлівага прывыкання і залежнасці, сёння пішуць і гавораць псіхолагі, педагогі, журналісты.

Забараніць — значыць адкінуць дзіця ў мінулае, не дазволіць яму быць сучасным. А татальны кантроль — гэта ўвогуле парушэнне элементарнай этыкі.

Але абмежаваць час на такі занятак, пастарацца адцягнуць увагу малых на іншыя цікавыя рэчы: кнігі, сумесныя гульні, паходы ў дзіцячыя забаўляльныя цэнтры, спартыўныя секцыі, напэўна, неабходна ў першую чаргу.

Віртуальны свет, у які ўваходзяць або, дакладней, «ныраюць», што гаворыцца, «з галавой», нашы дзеці становіцца часам для іх больш зразумелы і свойскі, чым рэальны.

Для майго маленькага ўнука, да прыкладу, як і для многіх яго равеснікаў, і птушкі, і жывёлы знаёмыя больш з інтэрнэцкіх відэасюжэтаў, чым з рэальных назіранняў на прыродзе.

Каб уявіць, як злавіць на вуду рыбу ці адшукаць грыб у траве, яму варта проста навесці курсор, і тут жа ажыве жаданая карцінка.

Яна дасць яму магчымасць віртуальна пагладзіць па галоўцы зайчаня ці падняцца на высокую гару... А ў кнізе ён можа бачыць толькі застылыя статычныя малюнкі.

Тое самае і з казкамі. Сёння інтэрнэт дае магчымасць не толькі «ажывіць» праслуханыя ці прачытаныя сюжэты, а даць магчымасць малому самому стаць удзельнікам любімай казкі, нават, паўплываць на яе змест.

І гэта ставіць перад тымі, хто стварае кнігі, хто выпускае друкаваныя дзіцячыя часопісы, новыя задачы.

Трэба аўтарам і журналістам не карыстацца сваімі дзіцячымі ўспамінамі і звыклымі стэрэатыпамі ўяўлення пра дзіцячы свет, а зразумець, што па-сапраўднаму цікавіць і прыцягвае сучасную малечу.

Як сведчыць старая ісціна, каб перамагчы з'яву, трэба яе ўзначаліць. Не адмахвацца ад інтэрнэта, не карыстацца простымі забаронамі, а ісці туды, каб вярнуць дзетак ад віртуальных падзей і гульняў у сапраўдны, больш цікавы, больш яркі і насычаны свет, дзе ёсць месца і любімым казкам, і захапляльным гульням, і бацькоўскай цеплыні, спагады і разумення.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: