Незабыўнае ўражанне бывае, калі слухаеш старыя запісы, якія захаваліся на радыё, калі праз лёгкі трэск эфіру, нібыта праз пошум прайшоўшых гадоў, чуеш голас, які даносіць да нас дыханне часу і жывых чалавечых эмоцый.
«Кожны дзень мы ўспамінаем цябе, мілы, разам з мамаю і тваімі братамі. Ты жывеш у нашых сэрцах. Мы ведаем, якое цяжкае, але ў той жа час і пачэснае выпрабаванне выпала на долю байцоў нашай Чырвонай Арміі… Вас, воінаў Савецкай айчыны, чакаюць у беларускіх вёсках і гарадах як вызваліцеляў. Спяшайся, Юрка мой, спяшайцеся, баявыя сябры, да нашых братоў, якія стогнуць пад ігам гітлераўскай тыраніі…»
Гэта словы з адной з перадач радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» 1942 года. І словы гэтыя належаць народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу. Яго бацькоўскі клопат і трывога набылі важкую сілу і значэнне для многіх людзей – тых, хто змагаўся на франтах з ворагам, і тых, хто чакаў родных і блізкіх з перамогай дадому.
На жаль, Канстанцін Міхайлавіч не дачакаўся сына, які загінуў на фронце. Юрый Канстанцінавіч Міцкевіч стаў адным з тых, хто паклаў сваё жыццё ў змаганні з фашысцкай навалай.
Як гаварыў не раз яго брат, малодшы сын песняра Міхась, для бацькі гэтая страта была няўцешнай.
А праз радыёхвалі ў час, калі прагучалі гэтыя словы, тысячы людзей адчулі і бацькоўскі боль, і заклік да змагання, і веру ў Перамогу.
Сімвалічна, што сёння на вечарыне ў гонар 95-годдзя Беларускага радыё, якую ладзіць канал «Культура» ў Дзяржаўным музеі Янкі Купалы, пра гэта будзе гаварыць праўнучка Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч ад усёй вялікай сям’і нашчадкаў нашага народнага паэта.
У гады ўсенароднай барацьбы з ворагам гарачае слова Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятра Глебкі, Пімена Панчанкі, Максіма Танка і іншых паэтаў было той зброяй, якая дапамагала ў бязлітаснай барацьбе з захопнікамі.
Слова паэта на радыё… Ва ўсе часы яно было запатрабаваным і важкім. З гісторыяй радыё цесна звязаны імёны не толькі нашых класікаў. У розныя часы і па сённяшні дзень беларускае паэтычнае слова нясе з эфіра высокія пачуцці, адгучаючыся на ўсе праявы нашага жыцця, сеячы ў душах слухачоў любоў да Айчыны, нашай гісторыі і культуры, роднага слова.
Так супала, што пра гэта мы будзем гаварыць у дні, калі ў Мінску праходзіць 27-я міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, дзе разам з нашымі літаратарамі сваю творчасць будуць прадстаўляць шматлікія госці з розных краін.
І тут ужо гаворка набывае новы, больш шырокі характар — аб ролі мастацкай літаратуры на сучасным этапе, аб вернасці традыцыям гуманізму і высокай маралі, якія нясе мастацкае слова.
Таму хочацца сказаць аб высокай адказнасці творцы, аб яго нязменнай місіі “пачуці добрыя лірай абуджаць”.
Чытач і слухач павераць толькі сапраўднаму пачуццю, чалавечай шчырасці, і, безумоўна, высокаму майстэрству.
За гэта мы і цэнім ролю і месца паэта ў нашым жыцці.