Падзяліцца:
«Роздум. З'яднаны лёс». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.11.2021
«Роздум. З'яднаны лёс». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Хто такі беларускі пісьменнік? Вядома, скажаце вы, – чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, піша па-беларуску або на іншых родных мовах, друкуецца ў беларускіх выданнях.

А вось беларускі пісьменнік Ганад Чарказян нарадзіўся ў Арменіі, першыя вершы па-армянску надрукаваў у мясцовай піянерскай газеце, але па-сапраўднаму раскрыўся яго талент менавіта на нашай зямлі.

Не думаў, што буду гаварыць пра свайго даўняга сябра ў мінулым часе, зусім нядаўна віншаваў яго з юбілеем, а вось на днях прыйшла жахлівая вестка, што Ганада Бадрыевіча не стала. Не стала падчас таго, як яго апавяданні ў перакладзе на беларускую мову загучалі на хвалях нашага канала “Культура”.

Лёс Ганада Чарказяна настолькі глыбока і трывала звязаны з нашай літаратурай, з нашай Беларуссю, што высокае званне беларускага пісьменніка, якім ён даражыў, упрыгожыла не толькі яго як творцу, стала гонарам нашай зямлі, нашага народа.

Упершыню былы салдат Савецкай арміі прыехаў у Беларусь у 1969 годзе. Якраз у той год адкрывалі мемарыяльны комплекс Хатынь. Як узгадваў пазней Ганад, пабываўшы там, ён настолькі быў узрушаны, настолькі пранікся болем беларускага народа, што не захацеў сесці ў аўтобус і пайшоў у Мінск пешшу. Колькі прайшоў па дарозе, не заўважыў. Каля стомленага хлопца спыніўся “Масквіч” і мужчына прапанаваў падвесці і высадзіў пасля ў сталіцы каля самага дома. У адказ на прапанаву заплаціць нават пакрыўдзіўся. “Тады ўпершыню, – гаварыў Ганад, – я сутыкнуўся з беларускім характарам”.

Беларускі характар, беларускую душу спазнаваў таксама Чарказян, сустрэўшы на сваім жыццёвым шляху народнага паэта Беларусі Петруся Броўку. Слынны творца цёпла і па-чалавечы паставіўся да маладога каўказца, паспрыяў яго першай публікацыі ў часопісе «Нёман».

Гэта яму ён потым прысвеціць такія радкі:

Прыемна зорам загарацца.
Няўтульна радасці
З журбою.
Ён для мяне жывы,
Дарадца.
Ён множыць дабрыню
Сабою.

У сяброўскае кола Чарказяна неўзабаве ўвайшлі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Пра іх цёплыя ўспаміны апублікаваў нядаўна Чарказян у кнізе «Дарога на Ушачы».

Творы Ганада сталі з'яўляцца ў беларускім друку дзякуючы перакладам на беларускую і рускую мову, выходзілі кнігі. Таварыскі, шчыры, ён стаў неад'емнай часткай пісьменніцкай сям'і, па-сапраўднаму сваім і блізкім для многіх людзей. Бадай, цяжка знайсці сярод творцаў чалавека, які б не сустракаўся хоць раз з яго шчырай усмешкай, сяброўскімі словамі і ўчынкамі.

І мяне Ганад Бадрыевіч не раз саграваў сваёй цеплынёй, спагадай, мне давялося быць вядучым на яго сустрэчах з чытачамі, удзельнічаць у сямейных святах. Яго беларуская радня любіла яго і шанавала, і ён адчуваў сябе ў нашай краіне як ва ўласным доме.

Спачуваючы лёсу свайго народа, ён не аддзяляў свой лёс ад Беларусі, думаў і клапаціўся пра наш родны край, горда называў сябе беларускім пісьменнікам.

Ён і застаўся з намі сваімі творамі, поўнымі чалавечай цеплыні і светлага смутку, любові да людзей, да нашай зямлі.

Гаворачы пра асобу Ганада Чарказяна, нельга не ўзгадаць тых творцаў, для каго Беларусь стала сапраўднай радзімай, якія аддалі і аддаюць пал душы нашаму краю.

Рускі Уладзімір Мулявін, карацінец Хізры Асадулаеў, армянін Армен Сардараў. Мы сёння можам называць іх не толькі гонарам Беларусі, але і тымі, хто зрабіў свой істотны ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры, каму будзе заўжды пашана і ўдзячнасць беларускага народа.

І Ганад Чарказян застанецца ў гэтым слаўным спісе тых, каму Беларусь будзе заўсёды гаварыць шчырае «дзякуй».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: