Гэтыя радкі Максім Багдановіч напісаў, пабываўшы ў вёсцы Ракуцёўшчына, што на Маладзечаншчыне.
Вельмі важная падзея ў жыцці будучага класіка беларускай літаратуры адбылася ў 1911 годзе – першая, пасля доўгага растання, сустрэча з радзімай. Тады паэт наведаў Вільню, некалькі месяцаў жыў у фальварку Ракуцёўшчына пад Маладзечна.
Здаецца, нiчога ў сваiм жыццi Максiм не чакаў так, як паездкi ў Беларусь. Туды пасля заканчэння гiмназii яго запрасiлi сябры з выданняў, куды ён пасылаў свае першыя вершы.
Дарэчы. Самы першы верш на беларускай мове ён напісаў у Яраслаўлі, дзе жыў з бацькамі, калі яму было ўсяго дзевяць год. Бацька вельмі здзівіўся, бо Максім не мог чуць родную мову, таму што сям'я з'ехала з Беларусі, калі ён быў зусім малы.
Ракуцёўскі перыяд у творчым плане стаў адным з самых плённых для Максіма, за некалькі летніх месяцаў ён напісаў два цыклы вершаў «Места» і «Старая Беларусь», і паэмы «У вёсцы» і «Вераніка». Аднакласнік і лепшы сябра творцы Дзіядор Дзябольскі ва ўспамінах падкрэсліў, што «толькі пасля гэтай паездкі Максім адчуў i зразумеў, што ён сапраўды беларускі паэт».
Мне давялося не раз піць з крыніцы, пра якую пісаў Багдановіч, падчас святаў паэзіі, якія штогод праходзяць у гэтым маляўнічым месцы.
Мне здаецца, што гэтае свята мае асаблівую, вельмі паэтычную аўру. Вяршыня лета, буйная зеляніна, шырокі празрысты абсяг палёў, пералескаў, лясоў, і гэта крыніца жывой вады. Тут неяк па-сапраўднаму адчуваеш высокую глыбіню і чысціню багдановічскага слова.
Яно вельмі блізкае, асабліва моладзі, бо менавіта Багдановіч сваім па-юнацкаму чыстым і светлым пачуццём любові да роднага краю дапамагае па-новаму адкрываць нашу зямлю з яе цудоўнымі мясцінамі і шчырымі працавітымі людзьмі.
А крыніца з жывой вадой нібы далучае да беларускага слова, якое далёка ад Радзімы захапіла Максіма, і якому ён прысвяціў сваё кароткае жыццё.
Руплівыя музейшчыкі зрабілі гэтае свята не толькі традыцыйным, але жаданым для многіх, хто не толькі любіць паэзію Максіма Багдановіча, але і роднае слова, якое тут, у гэтым жывапісным кутку, гучыць асабліва важка і кранальна.
І дзеля гэтага варта пабываць ля гэтай жыватворнай крыніцы, паслухаць народныя песні, акунуцца ў свет прыгажосці і замілаванасці, які дорыць шчодрае лета.
І як не перасыхае ракуцёўская, апетая нацыянальным геніем крынічка, так не павінна знікаць магія і чароўнасць роднага слова, слова, якое жывіла жыццё і лёс нашых людзей, якому надалі крылы і вечнасць слынныя майстры пяра, сярод якіх яркай зоркай ззяе імя нашага Максіма Багдановіча.
Выкарыстаны ілюстрацыі: SB.BY, zviazda.by


