Падзяліцца:
«Роздум. Захавальнік сівой гісторыі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.12.2021
«Роздум. Захавальнік сівой гісторыі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сёння мой родны Полацк усё часцей прыцягвае шматлікіх турыстаў не толькі з Беларусі. У больш як дзесяці музеях Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка можна не толькі пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю найстаражытнейшага горада нашай краіны, але дакрануцца да вытокаў беларускай дзяржаўнасці, бо слаўнае Полацкае княства X-XII стагоддзяў было правобразам сённяшняга нашага дзяржаўнага ўтварэння – суверэннай незалежнай Беларусі.

А ў гады майго дзяцінства адзінай музейнай установай горада быў краязнаўчы музей, размешчаны ў будынку былой лютэранскай кірхі – помніка архітэктуры ХІХ стагоддзя.

Памятаю як наша настаўніца Тамара Фёдараўна павяла нас, другакласнікаў, на экскурсію, як мы былі ўражаны старажытнымі экспанатамі і вялікім чучалам сама, якога некалі злавілі ў Дзвіне.

З таго часу шмат што змянілася ў музейнай экспазіцыі, дадаліся новыя ўнікальныя экспанаты, і музей, як адзін з філіялаў Нацыянальнага запаведніка, з'яўляецца яркім аб'ектам на карце турыстычнага маршрута.

А адкрыўся краязнаўчы музей горада ў далёкім 1926 годзе. Намаганні па стварэнню музея ладзіла Полацкае краязнаўчае таварыства, якое і давяло распачатую ў першыя гады савецкай улады справу да канца. Як друкавалася на старонках «Чырвонай Полаччыны»: «Будаванне Акруговага Краязнаўчага Музею – гэта ажыццяўленне дырэктывы 1-й Краязнаўчай канферэнцыі». Адзін з удзельнікаў гэтай канферэнцыі – ганаровы грамадзянін Полацка Іван Дэйніс – падзяліўся сваімі ўспамінамі, і напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя перадаў музею пяць альбомаў з уласнымі матэрыяламі і малюнкамі помнікаў даўніны горада. Імя полацкага педагога і краязнаўцы Івана Пятровіча Дэйніса сёння добра вядома кожнаму гісторыку Полаччыны. Яго працамі «Полацкая даўніна» і «Полацк у ХХ стагоддзі» карыстаюцца даследчыкі ўжо не адзін дзясятак гадоў.

Адкрыццё музея стала для палачан доўгачаканай з’явай. Упершыню ў савецкай гісторыі Полацкі павятовы аддзел народнай адукацыі прыняў рашэнне стварыць музей пры Доме народнай асветы. У горадзе і павеце пачалася рэгістрацыя помнікаў даўніны, перапіс прадметаў мастацтва, прыём мастацкіх каштоўнасцяў ад прыватных асоб «за ўзнагароду». Прыцягнутыя да стварэння музея мясцовыя настаўнікі і краязнаўцы распрацоўвалі каштарысы на набыццё музейных прадметаў і абсталявання, разглядалі варыянты памяшканняў пад пастаяную экспазіцыю.

Вялікая Айчынная вайна нанесла вялікія страты калекцыям музея, ад якіх засталося толькі 462 прадметы. Колькі пасляваенных год рэшткі музейнага збору месціліся ў двух пакоях Сафійскага сабора, пакуль Краязнаўчаму музею не вярнулі даваенны будынак. Даволі хутка ішло камплектаванне фондаў, паступова адкрываліся новыя аддзелы пастаяннай экспазіцыі. У гэтым музею аказвалі дапамогу калегі з іншых музеяў, якія дасылалі ў Полацк прадметы з уласных фондаў, дапамагалі ствараць тэматыка-экспазіцыйныя планы, а таксама археолагі, што дзяліліся з музеем знаходкамі з раскопак на Падзвінні. У выніку актыўнай працы калектыву Краязнаўчы музей стаў культурным і метадычным цэнтрам Полаччыны, да якога звярталіся па дапамогу практычна з усяго Савецкага Саюза.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея зараз знаходзяцца каля 2 000 экспанатаў. Этнаграфічныя матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток беларускай хаты канца XIX – пачатку XX стагоддзя». Музей валодае вялікімі калекцыямі баністыкі, фатаграфій, зброі, прадметаў побыту, друкаваных і перыядычных выданняў, якія дазваляюць пазнаёміцца з асаблівасцямі палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця Полацка.

Сваё 95-годдзе супрацоўнікі музея сустракаюць новымі цікавымі праектамі. Сёння ўстанова часта запрашае на сустрэчы цікавых людзей, праводзіць вялікую работу са школьнікамі, навучэнцкай моладдзю. Ужо стала традыцыйным правядзенне канферэнцый да юбілеяў старэйшага полацкага музея, і гэты год не стаў выключэннем.

Юбілей — важная падзея ў гісторыі любой установы або прадпрыемства. Для полацкіх музейшчыкаў гэта яшчэ і нагода ўключыць у сваю дзейнасць сучасныя формы работы з наведвальнікамі, і ва ўмовах сённяшняй эпідэміялагічнай сітуацыі працягваць дакранацца да падзей сівой мінуўшчыны, выхоўваць гонар за свой край, высокія патрыятычныя пачуцці.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: