У дзяцінстве адным з самых маіх любімых твораў была трылогія Вольгі Асеевай “Васёк Трубачоў і яго таварышы”. Асабліва я перажываў за свайго любімага героя і яго сяброў, калі чытаў, як яны падчас вайны, апынуўшыся ва ўкраінскім сяле, акупаваным фашыстамі, самі, без дарослых, арганізавалі падпольную групу, дапамагалі партызанам, як радасна сустрэлі Дзень Перамогі.
Увогуле, чытаць “пра вайну” любілі ўсе мае аднакласнікі і сябры, мы часта дзяліліся прачытаным, абмяркоўвалі найбольш цікавыя эпізоды.
Гэта тычылася і ваенных фільмаў. Таму, відаць, цяжка знайсці людзей майго пакалення, у пераважнай большасці дзяцей франтавікоў, хто не мог распавесці пра тыя трагічныя і гераічныя падзеі, любімых герояў, пра подзвігі воінаў і партызанаў.
Трэба сказаць, што кніг і кінафільмаў на гэтую тэму выходзіла нямала. Пісьменнікі, сцэнарысты і акцёры ў пераважнай большасці самі прайшлі франтавымі дарогамі і таму іх творы неслі адбітак перажытага.
І ў беларускай літаратуры тэма змагання з ворагам і подзвігу народа была адной з самых асноўных у творчасці.
Раманы Міхася Лынькова, Івана Мележа, Івана Шамякіна яшчэ нібыта дыхалі порахам і пахам франтавых гімнасцёрак, асабістым баявым вопытам.
Подзвіг партызан і падпольшчыкаў знайшоў адлюстраванне ў творах былога юнага партызана Алеся Савіцкага, яркіх старонках кніг Алеся Адамовіча. Цыкл вершаў юнага партызанскага сувязнога Валянціна Тараса стаў асновай для канцэртнай праграмы “Песняроў” Уладзіміра Мулявіна.
Палымяным пафасам дыхалі вершы Аркадзя Куляшова, Пятра Глебкі, Петруся Броўкі, Анатоля Астрэйкі.
Загінуў на фронце, пакінуўшы кранальныя неўміручыя радкі Мікола Сурначоў.
Тэму падхоплівалі “дзеці вайны” — Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Вячаслаў Адамчык.
Сваёй бескампраміснай праўдай захапіў душы чытачоў былы франтавік, прадстаўнік так званай “лейтэнантскай прозы” Васіль Быкаў.
Нядаўна, напярэдадні 75-годдзя свята Перамогі, выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала том лепшых беларускіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.
Важна, каб тое, што было напісана беларускімі пісьменнікамі пра падзеі таго часу, не знікала з нашай чытацкай увагі. Бо і ў маладзейшых пісьменнікаў дваццатага стагоддзя ваеннае ліхалецце знаходзіць свой водгук. Пачытайце Уладзіміра Караткевіча, Алеся Жука, Уладзіміра Саламаху…
Нехта аднойчы сказаў “Калі гавораць гарматы, музы маўчаць”. Рэальнасць абвергла гэтае выказванне. Не маўчалі музы, калі гаварылі гарматы, не маўчалі і пасля, не маўчаць і зараз.
І тэма выпрабаванняў на трываласць, подзвігу і патрыятызму ў змаганні з ворагам, думаю, і надалей не знікне са старонак новых кніг, фільмаў і карцін.
Гэта патрэбна, каб мы памяталі і ганарыліся, напаўняліся сілай і верай.