Мама мая накрывала на стол зранку. Не, нейкіх асаблівых прысмакаў не было. Акраец хлеба, масла ў маслёнцы, вараная бульба…
Калі хто з суседзяў ці сяброў зойдзе ў хату, не пытайцеся, хоча чалавек есці, ці не. Вось усё на стале. Захоча, пакаштуе…
Яна ў вайну перанесла ленінградскую блакаду, таму спазнала цану голаду, і галоўнае было для яе, каб людзі былі сытыя.
Добра памятаю сямейныя традыцыі: не гаварыць брыдкія словы, садзіцца за стол увечары ўсёй сям'ёй, саступаць месца старэйшым…
Дарэчы, наконт саступаць месца. Нядаўна чытаў допіс у інтэрнэце пра тое, як на заўвагу пасажыраў у тралейбусе двум дзесяцігадовым бэйбусам, што трэба саступіць месца бабульцы з кійком, якая стаяла ў праходзе, у адказ чулася брыдкая лаянка і нахабны смех.
Лаяцца матам стала звычкай не толькі для падвыпіўшых мужыкоў, але і для гламурных дзяўчатак, нават у школах брыдкаслоўе можна пачуць не толькі на перапынках…
Імклівы наступ інтэрнэта, буйства сацсетак, здаецца, здымаюць усякую прыстойнасць з паводзін «фрэндаў» і «чэлаў», і неверагоднае хамства і бескультур'е ліюцца шырокай ракой.
Мне «падабаецца» (у двухкоссях), калі канапныя аглядальнікі лезуць у асабістае жыццё вядомых людзей, выдаючы плёткі за праўду, калі падлічваюць колькасць зморшчынак на твары ці якасць ніжняй бялізны зорак.
Але гэта наш час, калі многія суткамі жывуць у смартфонах. Мне запомніўся здымак наведвальніка ў Эрмітажы, калі, седзячы насупраць шэдэўра, ён паглядаў не не на карціну, а ўнурыўся ў свой мабільнік...
Пра гэта мы гаворым часта, але, тым не менш, відаць, усё ж, праблема пакуль застаецца.
Прыходзяць новыя пакаленні, і традыцыйныя звычкі і каштоўнасці для некаторых з іх становяцца анахранізмам.
Вось маладая пісьменніца ў інтэрв'ю прызнаецца, што раней ніколі не захаплялася чытаннем. Застаецца толькі здагадвацца, які інтэлектуальны і жыццёвы запас прынясе яна ў свае опусы.
Сямейныя традыцыі фарміравалі асобу, і чалавек прыходзіў у жыццё, узбагаціўшы сябе досведам і вопытам сваіх продкаў, правіламі, якія вякамі існавалі ва ўласнага народа.
Гэта тычыцца і мовы, і песень, і музыкі.
Варта было ў тым жа інтэрнэце аб'явіць паэтычны марафон допісаў пра родную мову, як людзі ўжо сталага ўзросту пачалі ўзгадваць знаёмыя з дзяцінства паэтычныя радкі, словы, якія яны чулі ў роднай вёсцы, у сваім горадзе.
На стаптанай дарозе трава не расце. Таму сёння, як ніколі раней, трэба вяртацца да адвечных ісцін, традыцый, сямейных паданняў.
Разбураючы тое, што было духоўным апірышчам народа, мы рызыкуем згубіць важнае і галоўнае – самабытнасць, духоўнасць, людскасць.