Падзяліцца:
«Роздум. Захоўваючы гістарычную памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.10.2021
«Роздум. Захоўваючы гістарычную памяць». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Што такое вера ў перамогу? Прыкладаў гэтаму з гісторыі нямала. А я назаву адзін з іх. 1942 год. Жорсткія баі на франтах. Родную Беларусь топча бот фашысцкага акупанта. А ў Маскве ствараецца першая калекцыя будучага музея Вялікай Айчыннай вайны, які адкрыецца 22 кастрычніка 1944 года ў вызваленым Мінску.

Праўда, пра гэтую дату ніхто тады не ведаў. Але будучыя экспанаты непасрэдна з фронту адпраўлялі ў спецыяльна створаную рэспубліканскую камісію па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў Маскве. У ліку першых каштоўнасцей былі хронікі партызанскага руху, друкаваныя і рукапісныя выданні, самаробная зброя...

У лістападзе 1942-га жыхары ваеннай Масквы сталі сведкамі экспазіцыі пад назвай «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца, Беларусь была і будзе савецкай». Яна працавала да жніўня 1944 года, пакуль не пераехала ў вызвалены Мінск.

Горад быў паўразбураны, не аправіўся яшчэ ад бед, прычыненых акупацыяй, але ў адным з ацалелых будынкаў сталіцы адкрылі музей, якому спаўняецца 77 гадоў.

Першыя экспазіцыі расказвалі аб узбраенні партызан і ваеннай прэсе. Супрацоўнікі ўстановы ўжо ў 1944 годзе пачалі даследваць мясціны, дзе быў размешчаны канцлагер «Трасцянец», удзельнічалі ў першых раскопках на тэрыторыі гераічнай Брэсцкай крэпасці...

Але цяжка было ўявіць у тыя гады той велічны комплекс, які сёння стаіць на праспекце Пераможцаў.

Плошча 10 экспазіцыйных залаў складае звыш 4-х квадратных кіламетраў, дзе прадстаўлена звыш 8 тыс. экспазіцыйных матэрыялаў. Фонды музея складаюцца з 30 калекцый і налічваюць звыш 155 тыс. адзінак захоўвання: фатаграфіі, дакументы, лісты і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння гэта адзін з самых значных і вялікіх музеяў планеты – нараўне з багацейшымі зборамі ў Маскве, Кіеве, Новым Арлеане – якія расказваюць пра падзеі Другой сусветнай вайны.

…У гэтыя страшныя гады Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара – загінулі каля 3 мільёнаў чалавек, у тым ліку амаль 50 тысяч партызан і падпольшчыкаў. На тэрыторыі краіны дзейнічалі 250 лагераў смерці.

Усяго ў фондах захоўваецца амаль 145 тысяч рарытэтаў, сабраных у час баявых дзеянняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы і Германіі, а таксама перададзеных пасольствамі розных краін ужо ў мірны час.

Не так даўно я меў гутарку з адным маладым гісторыкам, тэма навуковых даследаванняў якога – гісторыя Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войн. Па яго словах, сёння навукоўцы ўсяго свету маюць безліч дакументальных матэрыялаў, могуць літаральна па хвілінах скласці карціну падзей таго часу.

Таму, мякка кажучы, дзіўнымі выглядаюць спробы перагледзець ці перапісаць гістарычныя факты, унесці домыслы і ўласныя спрэчныя меркаванні пра тое, што адбывалася ў тыя гады...

Варта толькі наведаць Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. І шматлікія госці сталіцы, і яе жыхары будуць мець магчымасць дакрануцца да трагічных і слаўных старонак беларускай гісторыі, адчуць гонар за подзвігі старэйшых пакаленняў і выказаць удзячнасць тым, хто змагаўся за Радзіму і перамогу у бязлітаснай схватцы з ворагам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: