Падзяліцца:
“Роздум. Заставацца з кнігай”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.01.2021
“Роздум. Заставацца з кнігай”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Студзень для мяне з дзяцінства быў месяцам здзяйснення таемных мар і чакання падарункаў. І гэта было звязана не столькі з традыцыйнай навагодняй ялінкай і пачастункамі Дзеда Мароза. У студзені ў свой дзень нараджэння я прасіў у мамы дазволу запрасіць да нас у госці сяброў-аднакласнікаў. І самым чаканым і прыемным было, калі яны прыходзілі і прыносілі ў падарунак кнігі.

Чытанне для мяне было святам, і я з нецярплівасцю чакаў, калі пакладу падараную кнігу на нашу сціплую этажэрку. Такім чынам пачынала фарміравацца мая ўласная бібліятэка.

І значна пазней, ужо ў дарослым жыцці, калі атрымаў першую зарплату, прынёс дадому купленыя ў нашай кнігарні томікі вершаў любімых паэтаў.

Шмат гадоў збіраўся гэты скарб, і не думаў я, што прыйдзе час, калі ад кніг стане ў кватэры цеснавата, калі буду фарміраваць кніжныя падарункі для вучняў роднай школы, для бібліятэк, дзе давялося выступаць…

Але ўсё ж да сапраўды царскага падарунка, які зрабіў роднаму гораду пісьменнік Янка Сіпакоў, мне вельмі далёка. Яго падарунак Аршанскай бібліятэцы склаў пяць тысяч тамоў. Памятаю, як мы з пісьменнікам Зіновіем Прыгодзічам, які сябраваў з Сіпаковым, пабывалі ў Оршы, дзе ў гарадской бібліятэцы цяпер цэлая зала, дзе на стэлажах кнігі, падораныя Іванам Данілавічам. Дарэчы, днямі гэтаму выдатнаму творцу споўнілася б восемдзесят пяць гадоў.

Не раз успаміналі выступоўцы ў той дзень словы славутага земляка падчас перадачы кніг:

«Я не набыў вялікіх скарбаў, ні золата, ні дыяментаў, але ў мяне ёсць адна каштоўнасць — кнігі. Кнігі — мае сябры. Я збіраў іх усё жыццё і, як адзначаюць знаўцы, гэта, бадай, самая лепшая бібліятэка ў Мінску. Я падараваў сваіх сяброў вам, каб у іх з'явілася многа сяброў-чытачоў».

Асабістыя бібліятэкі… Даўні прадмет гонару і запаветны скарб перажывае не лепшыя часы. Сёння трымаць стэлажы з кнігамі ў хаце перастала быць прэстыжным і модным. І, бывае, што каштоўныя тамы, якія некалі былі прадметам гонару гаспадароў, можна ўбачыць нават на сметніку.

Не так шмат, як раней, аматараў кніг можна ўбачыць у букіністычных крамах.

Надта «прасунутыя» аматары сцвярджаюць, што кніг дома трымаць увогуле не трэба, дастаткова «спампаваць» на жорсткія дыскі патрэбныя тэксты, і прастора ў доме будзе вольнай, і патрэбныя творы захаваюцца.

Гэта, канечне, надта радыкальны падыход, але часткова гэтая ідэя знаходзіць разуменне і падтрымку ў некаторых.

Я тут не буду даказваць, што кніга – гэта не толькі тэкст, гэта твор мастацтва, над якім працавалі дызайнеры, мастакі, паліграфісты.

Зараз я вяду размову менавіта пра хатнія бібліятэкі.

Як ні парадаксальна, але сёння перадаць уласную бібліятэку ў падарунак бывае не так і проста. Часам і букіністы, і некаторыя бібліятэкі проста адмаўляюцца ад кніг, якіх у іх дастаткова.

Што ж рабіць? Адзначнага адказу ў мяне няма. Але вопыт таго, як можна падзяліцца ўласнай бібліятэкай, у свеце ёсць. Гэта і букросінг – раздача кніг, што набывае папулярнасць у аматараў літаратуры, і стварэнне пунктаў такога абмену ў грамадскіх месцах…

А што ж тады рабіць з хатнім кнігазборам? Некалі пісьменнік Валянцін Катаеў пісаў, што пакінуў з вялікай уласнай бібліятэкі ўсяго трыста тамоў – таго, без чаго яму цяжка абысціся, што ён будзе гартаць і перачытваць.

І разглядаючы гэтыя праблемы, усё ж галоўным лічу – захаваць любоў да друкаванай кнігі, найдаражэйшага скарба чалавецтва.

Веру, што кніга па-ранейшаму будзе займаць пачэснае месца ў нашым жыцці, будзіць высокія пачуцці, спрыяць духоўнаму сталенню асобы, быць верным спадарожнікам, сябрам і дарадцам чалавека.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: