Падзяліцца:
“Роздум. Жывое слова Беларускага радыё”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.11.2020
“Роздум. Жывое слова Беларускага радыё”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Хочаце гаварыць прыгожа, слухайце радыё” – часта гаварыла нам на ўроках наша настаўніца Тамара Фёдараўна.

Што сёння ўвечары будзем слухаць у “Тэатры перад мікрафонам? Паглядзі па па праграме” – пыталася бабуля.

Радыё і мастацкае слова, прыгажосць роднай мовы… За ўсю сваю дзевяностапяцігадовую гісторыю Беларускае радыё было знакавым культурным асяродкам у жыцці краіны, прапагандавала высокія мастацкія каштоўнасці, стварала ў эфіры шэдэўры музыкі, літаратуры, тэатральнага мастацтва.

У прыватнасці, у адной з самых першых перадач радыёстанцыі “Савецкая Беларусь” свае вершы перад мікрафонам чыталі Паўлюк Трус, Алесь Дудар, Кандрат Крапіва. Літаратурныя перадачы заваявалі аўтарытэт у слухачоў.

Музыка, радыё, тэатр сталі дасягненнем жыхароў усёй рэспублікі. Родная літаратура, мастацкае слова знаходзілі асаблівы эмацыянальны водгук сярод людзей.

На нашым радыё працавалі людзі, многія з якіх сталі гонарам айчыннай культуры. Музыканты, пісьменнікі, артысты разам з рэпарцёрамі, рэжысёрамі, гукааператарамі стваралі летапіс народнага жыцця, станавіліся шчырымі і дасведчанымі суразмоўцамі для мільёнаў людзей. Радыё станавілася для іх жыццёвым і творчым лёсам.

Нельга не згадаць, да прыкладу, Уладзіміра Міхайлавіча Юрэвіча – аднаго з першых айчынных дыктараў. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго голас нёс беларускаму народу жывое роднае слова, заклікаў на барацьбу з ворагам, усяляў веру ў Перамогу. У пасляваенны час Юрэвіч узначальваў аддзел літаратурна-драматычнага вяшчання, амаль сорак гадоў вёў радыёклуб “Жывое слова” —праграму, якая вучыла слухачоў любіць і шанаваць родную мову.

Спачатку “Жывое слова” было гульнёй, віктарынай, але потым склаўся цэлы клуб дзяцей, якія рабілі свае першыя спробы ў літаратурнай творчасці. Многія з іх пазней сталі вядомымі пісьменнікамі.

Паслядоўнікам Юрэвіча быў паэт Мікола Чарняўскі. На Беларускім радыё ў розны час працавалі пісьменнікі Валянцін Лукша, Уладзімір Мехаў, Віктар Шымук, Казімір Камейша, іншыя.

Радыё развівалася, удасканальвала вяшчанне, прыходзілі новыя тэхналогіі. Але роднае слова, айчыннае мастацтва заставаліся прыярытэтам.

І пра гэта нялішне нагадаць, бо ў патоку разнастайнага эфіру, які можна пачуць штодня, каналы нашага радыё вылучаюцца сваёй пастаяннай увагай да слова, да беларускай культуры, да высокай духоўнасці.

Беларускае радыё і сёння не толькі расказвае і, дарэчы, паказвае, не толькі прадастаўляе мікрафон выдатным людзям краіны, яно па-ранейшаму вучыць, раіць, дзеліцца каштоўнымі ведамі і культурнымі набыткамі.

Урокі беларускай мовы для замежнікаў, моўныя хвілінкі, парады, як правільна гаварыць па-беларуску, атрымалі пастаянную прапіску ў эфіры. Зрэшты, як і знаёмства з лепшымі здабыткамі рускай і сусветнай культур.

І напярэдадні шаноўнага юбілею нашага радыё пра гэта можна гаварыць з пачуццём гонару і з верай у тое, што лепшыя традыцыі, якія склаліся за гэты час, будуць прадаўжацца і знойдуць далейшае пашырэнне.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: