У гэтай кнізе не знойдзеш дынамічнага захапляльнага сюжэта, меладраматычных гісторый пра каханне і здраду, фармальных пошукаў і адкрыццяў. Тым не менш, чытач у ёй можа адшукаць шмат таго, што трэба ведаць, ацэньваючы лёс народа і краіны.
Я маю на ўвазе навінку выдавецтва «Мастацкая літаратура» – кнігу «Мы жылі ў буднях барацьбы». У ёй сабраны дзённікі беларускіх літаратараў, якія яны вялі падчас франтавых баёў.
У анатацыі адзначана: «У выданні ўпершыню пад адной вокладкай друкуюцца дзённікі чатырох беларускіх пісьменнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Выключнасць кожнага ў тым, што яны адлюстроўваюць падзеі на розных ваенных напрамках, з’яўляюцца своеасаблівым геаграфічным ці тапанімічным паказчыкам вялікіх шляхоў Перамогі.»
Сапраўды, пра падзеі тых ваенных гадоў напісана шмат. Раманы, аповесці, успаміны ўдзельнікаў адлюстроўваюць многія эпізоды барацьбы і пакут, гераізму і выпрабаванняў таго часу. Але усе гэтыя творы напісаны хоць і па гарачых слядах падзей, але ўсё ж з улікам магчымасці роздуму, асэнсавання, аўтарскіх ацэнак.
А гэтыя дзённікі вяліся непасрэдна ў час падзей, былі глыбока асабістымі і патаемнымі ўражаннямі. Зрэшты, для аўтараў яны неслі пэўную небяспеку, бо весці дзённікі удзельнікам баёў забаранялася. Творчыя людзі ў большасці выпадкаў рызыкавалі — дзеля фіксацыі дакладных фактаў і дэталяў, каб не страціць вастрыню ўяўленняў і пачуццяў.
Самае каштоўнае ў ваенных дзённіках, што надае ім асаблівае гучанне, — гэта адлюстраванне вайны, дапоўненай унікальнымі падрабязнасцямі і дэталямі, не зафіксаванымі ў афіцыйных дакументах.
Пісьменнік Вісарыён Гарбук быў на фронце з першага і да апошняга дня. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне і з гонарам паставіў аўтограф на сценах рэйхстага. Потым была праца па ўзвядзенні помнікаў і абеліскаў загінуўшым савецкім воінам на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Дзённік Вісарыён Сцяпанавіч вёў на працягу ўсёй вайны і да апошніх дзён жыцця. Запісы вельмі эмацыянальныя, асобныя эпізоды напісаныя на высокім мастацкім узроўні.
Мікалай Паўлавіч Лобан ваяваў на Волхаўскім фронце, быў двойчы паранены, апошні раз — цяжка, калі яму адзінаму з усяго вагона санітарнага цягніка, які разбамбілі фашысцкія самалёты, удалося выбрацца з-пад груды жалеза і ламачча. Запісы яго дзённіка пачынаюцца 22 чэрвеня 1941 у Мінску, калі яму, студэнту БДУ, давялося пехатой прайсці па маршруце Рудзенск — Магілёў — Клімавічы — Рослаўль — Арол — Ліпецк, а потым на цягніку ехаць на Волхаўскі фронт. Запісы Лобана вызначаюцца лаканічнасцю, дынамізмам, вастрынёй апісання, адкрытасцю.
Шмат цікавага можна знайсці ў франтавых запісах Пятра Валкадаева і Антона Алешкі.
Сёння, калі жывых сведкаў тых падзей становіцца ўсё менш, вартасць такіх публікацый цяжка пераацаніць.
Радкі, напісаныя алоўкам у блакноце, становяцца каштоўнейшым дакументам, вартым шматлікіх тамоў даследаванняў і мастацкіх твораў.