Самае, напэўна, страшнае і нялюдскае, якое адбылося ў ХХ стагоддзі, калі падчас адной са страшнейшых у гісторыі чалавецтва войнаў бязлітасна і мэтанакіравана знішчаліся мірныя жыхары. Ад рук акупантаў гінулі старыя і дзеці, у жудасных мучэннях сканчвалі свае жыцці ні ў чым не вінаватыя людзі.
22 сакавіка 1943 года. Жыхары беларускай вёскі Хатынь раніцай гэтага дня ўсталі і пачалі займацца сваёй гаспадаркай, нічога не падазраючы пра тое, што для абсалютнай большасці з іх гэты дзень стане апошнім у жыцці. Атрад карнікаў паказаўся ў вёсцы нечакана. Пра тое, што зараз адбудзецца, жыхарам стала зразумела, калі іх пачалі зганяць у вялікі хлеў. Узброеныя немцы і паліцаі гналі нават хворых людзей, якія ледзьве здолелі ўстаць з ложка. Маленькія дзеці таксама сталі ахвярамі.
Апошні сведка трагедыі Віктар Жалабковіч, які ўратаваўся цудам, так узгадваў той жудасны дзень:
«Мне было відаць праз шчыліну, як карнікі падносілі каністры з бензінам і аблівалі сцены, падкідвалі сена. Саламяны дах успыхнуў імгненна. Усё загарэлася, затрашчала. Як жа ўсё крычалі! Словамі не перадаць. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці».
Знішчэнне вёскі легла ў аснову рамана Алеся Адамовіча «Хатынская аповесць». Кніга, у сваю чаргу, паслужыла сцэнарнай асновай для кінафільма «Ідзі і глядзі».
Хатынь стала першым месцам памяці, якое аб’яднала трагедыі многіх беларускіх вёсак. Тры маладыя архітэктары — Градаў, Занковіч і Левін — так убачылі гісторыю знішчэння Хатыні, якая стала сімвалам усіх знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны населеных пунктаў.
З таго часу званы Хатыні пачулі сотні тысяч экскурсантаў з многіх краін свету, пра іх пісалі вершы і песні, пра іх казалі на сустрэчах ветэранаў з моладдзю. Але па-рознаму можна казаць. Памятаю, як у адной з бібліятэк настаўніца па паперцы, хуткагаворкай чытала аддрукаваную метадычку пра хатынскую трагедыю. Дзеці перагаворваліся паміж сабой, хіхікалі ад нейкіх сваіх жартаў. І я не вытрымаў. Калі мне далі слова, я папрасіў дастаць падлеткаў запальнічкі і ўявіць, як дакранецца адкрыты агонь да сваіх пальцаў.
Балюча? А як гарэлі людзі ў ахопленым агнём хляве? І запанавала цішыня. І на маладых тварах з’явілася адчуванне таго, што адбылася з іх равеснікамі ў той жудасны дзень.
Высокае разуменне не церпіць фармалізму, абыякавасці. Памятаю, як некалькі раз перачытваў Алеся Адамовіча, асабліва яго твор «Карнікі», у якім ён яскрава перадаў вытокі здрады людзей, якія назаўсёды пераступілі нормы чалавечай маралі.
І да такіх злачынстваў няма тэрміну даўнасці і нічым нельга апраўдаць звярыную сутнасць фашызму.
Таму пошук і ўшанаванне трагічных старонак нашай гісторыі працягваецца.
Да 186 населеных пунктаў, спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі разам з насельніцтвам у гады акупацыі і не адноўленых пасля вайны, у «Хатынскі спіс» дабаўлены яшчэ 30 паселішчаў. Большасць з іх — 21 населены пункт — раней знаходзіліся ў Асвейскім (цяпер Верхнядзвінскім) раёне. Усе яны будуць увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
Напісаў паэт Анатоль Вярцінскі.
І пад звон гэтых званоў людзі чытаюць словы звароту хатынцаў да ўсіх нас, жывых, з надпісу на мемарыяльным вянцы;
Неўзабаве ў Хатыні з’явіцца і музей. І памяць пра спаленыя вёскі Беларусі, пра нявінных ахвяр вайны будзе працягваць жыць як святы агонь смутку і вечнай памяці.