Падзяліцца:
«Роздум. Звязваючы стагоддзі». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.09.2022
«Роздум. Звязваючы стагоддзі». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Мы дзецям горад свой перададзім,
Свой дом, свой дождж і месца на заводзе...
А хочацца звязаць усе стагоддзі у сноп адзін.
Бо Мінск у нас адзін...

Гэтыя радкі належаць народнаму паэту Пімену Панчанку. Былы франтавік, які ведаў цану Перамогі, радаваўся адноўленаму пасля ваеннага ліхалецця гораду, які, нібы Фенікс, паўстаў пасля страшэнных разбурэнняў, нанесеных фашысцкімі захопнікамі.

Пасля вызвалення ў 1944 годзе воінам-вызваліцелям адкрывалася страшная карціна. Горад быў знішчаны прыкладна на 80%. Акупанты разбурылі 5975 жылых дамоў. З амаль 300 тысяч жыхароў, якія пражывалі ў Мінску перад вайной, да мая 1943 года засталося каля 100 тысяч, а да моманту вызвалення – каля 45-50 тысяч. З 332 дзяржаўных і кааператыўных прадпрыемстваў засталося толькі 19. Агульныя страты гораду, нанесеныя вайной, склалі каля 6 млрд рублёў.

Паэт у сваім вершы «Слова пра Мінск» пісаў:

Ад плошчаў да лісточка на вярбе
Мы зноў цябе стварылі, родны горад,
І рукатворным цёмна-сінім морам
Завабілі мы чаек да сябе.

У гэтыя выхадныя Мінск будзе адзначаць сваё 955-годдзе.

У Год гістарычнай памяці адновіцца правядзенне аднайменнага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі. Па рацэ Свіслач праплыве старажытны карабель вікінгаў з князем Глебам Вячаслававічам і княжацкай дружынай. Эпізод раскажа аб гістарычным шляху «З вараг у грэкі», які праходзіў з Балтыйскага мора праз Усходнюю Еўропу ў Візантыю.

Самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага Мінска вядомыя з IX стагоддзя. Даліна ракі Свіслач была заселена дзвюма усходнеславянскімі плямёнамі крывічанамі і дрыгавічамі.

Каля 980 года тэрыторыя ўваходзіла ў склад Полацкага княства.

Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам.

Сучасны Мінск – палітычны, прамысловы, навукова-адукацыйны і культурны цэнтр Беларусі, самы вялікі горад краіны.

І традыцыйныя святы горада ў верасні сталі адметнай часткай жыцця не толькі жыхароў сталіцы, але і шматлікіх гасцей. І сёлета шмат цікавага чакае яго ўдзельнікаў.

Для кожнага з нас Мінск у рознай ступені блізкі і родны. Для мяне гэта горад, дзе я вучыўся, дзе працую, дзе жыве мая сям'я. Ён стаў для мяне сваім, як і мой родны Полацк. І я з поўным правам магу сказаць, што гэта мой горад. Як і многія мае калегі па працы і творчасці, сябры, якія сталі мінчанамі.

Зрэшты, і для тых, хто жыве ў іншых гарадах і паселішчах краіны, Мінск – наша сталіца. І як сказаў у вершы наш слынны паэт, ён у нас адзін.

Так што адсвяткуйма разам яго чарговы дзень народзін!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: