Падзяліцца:
«Розгалас. А ты прышчапіўся ад кавіду?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.12.2021
«Розгалас. А ты прышчапіўся ад кавіду?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Тыдзень таму мне зрабілі прышчэпку ад каронавіруса. Або, як кажуць на прафесійным жаргоне ўрачы, паставілі прышчэпку. Другі кампанент. Здавалася б, здароўе – справа асабістая, але на гэтую тэму вырашыў паразважаць публічна. Бо цудоўна разумею, што дагэтуль хапае людзей, якія сумняваюцца, раздумваюць, узважваюць, слухаюць розныя меркаванні. Актыўна цікавяцца чужым вопытам: «А вы рабілі? Ну і як адчуванні? А як прайшло? І што потым, якія наступствы?». Пакуль, мяркуючы па лічбах Міністэрства аховы здароўя, поўны курс вакцынацыі не прайшла і трэць жыхароў Беларусі – менш за 3 мільёны чалавек.

Скажу шчыра, я таксама раздумваў і сумняваўся. Актыўным «антываксерам» ніколі не быў, але розных пытанняў хапала. Адказы не заўсёды задавальнялі. Што ж стала ў выніку матыватарам пайсці да ўрачоў?

Адказ банальны: сумныя гісторыі канкрэтных людзей, якія пандэмію не перажылі. Яны не былі маімі блізкімі знаёмымі. Але я дакладна ведаю, што гэта былі рэальныя людзі, ведаю, дзе яны працавалі, колькі ім было гадоў – і ведаю, што яны не зрабілі прышчэпку. Гадоў, дарэчы, некаторым было няшмат – не споўнілася і 30-ці.

Такія рэальныя прыклады чапляюць куды мацней, чым гісторыі з інтэрнету пра «аднаго майго знаёмага, якому яго знаёмы расказаў, што ў яго пачаліся праблемы пасля прышчэпкі». Менавіта такія гісторыі любяць распаўсюджваць у сеціве актыўныя праціўнікі вакцынацыі. Прычым акаунты некаторых з гэтых праціўнікаў падазрона нагадваюць ботаў, а не жывых людзей.

Сапраўды, праблемы бываюць і пасля прышчэпкі… Але ж, ведаеце, праблема гэта не трагедыя! Практычна любую праблему можна перажыць. Горш, калі чалавека не ўдаецца выратаваць, а пасля застаецца толькі шкадаваць: вось, мог жа зрабіць прышчэпку і атрымаць дадатковую абарону, але не зрабіў…

Асабіста для мяне апошнім штуршком стала гісторыя перад працэдурным кабінетам. Для прышчэпкі трэба было дачакацца яшчэ аднаго чалавека (бо дозу дзеляць на дваіх). Такім чалавекам стаў мужчына ў гадах, якому ўрачы не раілі праходзіць вакцынацыю. Справа ў тым, што ў маладосці ён пайшоў да стаматолага і атрымаў анафілактычны шок ад уколу абязбольваючага. Гаворыць, «ледзь ласты не склеіў». Дык вось, паўтару: самі ўрачы зараз адгаворвалі яго ад вакцынацыі, з такім-та негатыўным вопытам. Але мужчына цвёрда стаяў на сваім рашэнні: буду прышчапляцца ад кавіду! І прышчапіўся. Ніякіх шокаў не было. Я пасля ўдакладніў: аказваецца, адзін з яго калег нядаўна памёр ад каронавірусу. Ну вось, зноў той самы найлепшы матыватар – прыклад іншых людзей. Сумны прыклад у гэтым выпадку…

Пры гэтым трэба разумець, што жывём мы ў інфармацыйную эпоху. А ў яе свае законы. Ніхто вам не будзе ў медыя расказваць пра мільёны людзей, якія прышчапіліся і ўсё ў іх добра. Проста таму, што гэта нецікава, не чапляе, і ўвогуле – што тут за навіна? А вось калі вядомы чалавек прайшоў поўны курс вакцынацыі і ўсё роўна памёр ад кавіду – гэта тут жа будзе ва ўсіх загалоўках! Як з тым самым Колінам Паўэлам, былым дзяржсакратаром ЗША (гэта ён калісьці ладзіў перфоманс з прабіркай у руках, у якой нібыта былі доказы наяўнасці ў Ірака хімічнай зброі).

Прачытаюць многія такую навіну і вынесуць вердыкт: «Ну вось, і чым вашы вакцыны дапамагаюць?!». І мала хто пойдзе далей за загаловак, у пошуках падрабязнасцей. Каб даведацца, што, напрыклад, у таго ж Паўэла было анкалагічнае захворванне крыві, якое проста падарвала яго імунную сістэму...

Але ж, трэба прызнаць, нават у тых, хто абсалютна спакойна ставіцца да прышчэпак, хапае прычын з недаверам назіраць за развіццём сітуацыі. Памятаеце, спачатку многія спецыялісты казалі: зробім вакцыну – будзе нам абарона ад кавіду! Зрабілі – з часам аказалася, будзе патрэбна рэвакцынацыя. Пасля аказалася, што патрэбная яна будзе часцей, чым думалі – раз у паўгода, а можа, і больш. І абсалютнай абароны ніхто ўжо блізка не абяцае. А ў Еўропе тым часам пятая хваля нараджаецца. І, здаецца, усё лагічна эксперты тлумачаць, чаму так, чаму адмаўляцца ад вакцын усё роўна не трэба… Але ж гэта яўна не тая гісторыя, дзе працуе толькі логіка. Пытанне жыцця і смерці, ведаеце, тут без эмоцый не абысціся!

Можна зразумець і тых еўрапейцаў, якія, што называецца, «не падпісваліся» на такую колькасць локдаунаў і іншых абмежаванняў. Тут ніякіх нерваў не хопіць! А абмежаванняў усё больш – і вялізныя штрафы для непрышчэпленых (як у Аўстрыі), і закрытыя для наведвання месцы, і размовы пра кавід-пашпарты або QR-коды. Не дзіўна, што ўсё часцей у розных краінах пратэсты выліваюцца з замкнёных дамоў на вуліцы. І становяцца ўсё больш жорсткімі – прычым як з боку незадаволеных людзей, так і з боку праваахоўнікаў.

Калі такую «кветку», як тэорыя змовы, шчодра паліваць – яна расце лепей. А паліваюць яе шчодра – вадамётамі і слёзатачывым газам. І чаго потым здзіўляцца, што ўсё больш людзей задумваюцца: «А навошта нам так, сілай, навязваюць гэтыя вакцыны? Можа, і сапраўды тут штосьці нячыста?».

На шчасце, у Беларусі пайшлі іншым шляхам – і не навязваюць сілай, а спрабуюць растлумачыць, пераканаць, даказаць плюсы вакцынацыі. Без гвалту, але з аргументамі. Магчыма, так справа ідзе марудней, затое ў людзей няма адчування безвыходнасці і гневу. Зрэшты, вырашае ўсё роўна кожны сам. І сам адказвае за рашэнне.

Асабіста я і цяпер, пасля прышчэпкі, усё роўна нашу маску. Там, дзе можна, трымаю хоць невялікую дыстанцыю. І не чакаю 100%-най абароны ад прышчэпкі. Але на душы адназначна стала спакайней.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: