Падзяліцца:
«Розгалас. Адвакаты чужых інтарэсаў». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.04.2021
«Розгалас. Адвакаты чужых інтарэсаў». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Леў Сапега, Ігнат Дамейка, Кузьма Кісялёў, Андрэй Грамыка… Думаю, вы не аднойчы чулі гэтыя імёны – знакавыя для беларускай гісторыі. А больш дакладна, для гісторыі беларускай дыпламатыі. Імён насамрэч больш, бо наша дыпламатыя толькі афіцыйна налічвае больш за 100 гадоў, а неафіцыйна вядзе адлік з сярэдніх вякоў. Не ўсе з гэтых гістарычных асоб працавалі непасрэдна на беларускай зямлі, але, несумненна, кожны з іх дзейнічаў на карысць беларускіх інтарэсаў. Памятаў, дзе яго карані, паважаў сябе і гэтым прымушаў іншых паважаць.

Як, напрыклад, той жа Кузьма Кісялёў, які больш за 20 гадоў узначальваў міністэрства замежных спраў БССР. Менавіта ён прапанаваў рэзалюцыю пра пакаранне нацысцкіх злачынцаў, якую Генасамблея ААН прыняла ў 1946-ым годзе. Як актуальна гучыць, пагадзіцеся!

Памятаючы, што Беларусь – адна з краін-заснавальніц ААН, Кісялёў абсалютна на роўных паводзіў сябе з прадстаўнікамі іншых дзяржаў на пляцоўках глабальнай арганізацыі. Нават з такімі грандамі, як Амерыка і Брытанія. Гэта добра адчуваецца, калі чытаеш яго ўспаміны пра работу ў Нью-Йорку (гэтую кніжачку я нядаўна знайшоў у сваёй дамашняй бібліятэцы). Карацей, Кісялёў быў сапраўдны дыпламат – адстойваў інтарэсы сваёй краіны, яе народа і афіцыйнага кіраўніцтва. На роўных з іншымі, не паддобрываючыся пад іх.

Прыгадаў я гэта, калі чытаў нядаўна інтэрв'ю аднаго з былых беларускіх дыпламатаў. У 2020-ым годзе ён вырашыў пакінуць службу ў Міністэрстве замежных спраў, пра што гучна аб'явіў на сваёй старонцы ў Facebook. У гэтым інтэрв'ю рэжа вочы адзін фрагмент. Дыпламат прыгадвае сустрэчу ў «нармандскім фармаце», якая праходзіла ў Мінску ў 2015-ым і прызнаецца: «мы як дыпламаты проста вар'яцелі ад таго, што маем дачыненне да такога гістарычнага моманту – цэлая канцлер Германіі і прэзідэнт Францыі прыехалі да нас». Вось так. Цэлая канцлер ФРГ ушанавала нас сваім візітам. Калі б такое сказаў дыпламат з якой-небудзь «бананавай рэспублікі», яшчэ можна было б зразумець, але – краіны ў цэнтры Еўропы… А што калі б гэта быў цэлы прэзідэнт ЗША – тады б увогуле страцілі прытомнасць, убачыўшы яго?

Я працаваў журналістам на сустрэчы «нармандскай чацвёркі» у Мінску, і дагэтуль у дэталях памятаю тую бяссонную ноч у Палацы Незалежнасці. За ўсіх калег не скажу, але асабіста я адчуваў, што з'яўляюся сведкам гістарычнай падзеі, бо на нашых вачах на беларускай зямлі вырашаюць пытанні еўрапейскай палітыкі і бяспекі. Што да Ангелы Меркель… Так, цікава было назіраць за медыйнай асобай, якую раней бачыў толькі па тэлевізары, калі яна час ад часу пакідала перамоўную залу. Але куды больш журналісцкага інтарэсу ў мяне, напрыклад, выклікалі спецыяльныя людзі, задачай якіх было захоўваць так званыя «ядзерныя чамаданчыкі» – усё ж такі ў Мінску сабраліся кіраўнікі адразу некалькіх ядзерных дзяржаў. Пакуль ішлі працяглыя перамовы, гэтыя людзі драмалі на канапах Палаца Незалежнасці.

Але я невыпадкова прыгадаў прэзідэнта ЗША. Бо ёсць яшчэ адна паказальная гісторыя – пра візіт у Беларусь амерыканскага кіраўніка. Неаднойчы чуў і чытаў (у тым ліку на прасторах інтэрнэту) захопленыя ўспаміны ў духу «а былі ж часы, калі да нас сам Біл Клінтан прылятаў! І нават знаёмаму майго знаёмага рукой памахаў, калі кветкі ускладаў на плошчы Перамогі». Карацей, цэлы прэзідэнт ЗША! – як сказаў бы наш экс-дыпламат.

А ці ведаеце вы, чаму Клінтан ушанаваў нас візітам тады, у пачатку 1990-ых? Людзі, далёкія ад палітыкі, могуць і не ведаць. А вось калі ў наіўныя разважанні пускаюцца салідныя эксперты, палітолагі, палітыкі, гэта ўжо не наіўнасць, а крывадушнасць. ЗША тады патрэбна было, каб Беларусь і Украіна канчаткова пазбавіліся ядзернай зброі, што дасталася ў спадчыну ад савецкіх часоў. Клінтан прылятаў у Мінск толькі для таго, каб падахвоціць працэс ядзернага раззбраення. А ў Кіеў, дарэчы, не паляцеў – бо якраз тады ўкраінскае кіраўніцтва раптам вырашыла паказаць свае ядзерныя амбіцыі. Праўда, ненадоўга.

Яшчэ адзін дыпламат, былы міністр замежных спраў Беларусі ў сваёй кнізе прыгадвае акалічнасці таго візіту. Прэзідэнцкі «Боінг» прызямліўся ў мінскім аэрапорце 16-га студзеня 1994 года ў 10:30. Але выйшаў з яго Клінтан толькі праз паўгадзіны! 30 хвілін тагачасны кіраўнік краіны Шушкевіч і іншыя члены дэлегацыі былі вымушаны бязропатна стаяць ля трапа і чакаць высокага госця. Надвор'е было адпаведным – дождж з мокрым снегам, пранізлівы вецер, холадна. І кіраўнік з непакрытай галавой, які не знайшоў гонару хаця б на час вярнуцца ў будынак аэрапорту. А як жа – «цэлы Клінтан» да нас прыляцеў! Амерыканскі лідар, дарэчы, ніяк не патлумачыў прычыны такой непавагі. Але на тым не спыніўся. Пасля, ужо на перамовах у сталіцы, амерыканская дэлегацыя закрывалася ў адным з пакояў, каб падсілкавацца сваімі прадуктамі. Ад афіцыйнага абеду адмовіліся – па адной з версій, панічна баяліся радыяцыі, якая нібыта ёсць у беларускіх прадуктах.

У сваіх успамінах былы чыноўнік робіць выснову: «калі прэзідэнт ЗША прымусіў кіраўніка беларускай дзяржавы 30 хвілін чакаць свайго з'яўлення з самалёта, ён мімаволі паказаў наша месца ў прыярытэтах амерыканскай палітыкі. Наўрад ці ён дазволіў бы сабе такое, прыляцеўшы ў Англію ці Германію… Амерыканцам мы былі па-сапраўднаму цікавыя толькі цягам тых двух гадоў, таму што ў нас была ядзерная зброя. Гэтая цікавасць умомант выпарылася, як толькі мы адмовіліся ад ядзерных боегаловак».

Самае цікавае, што ў выніку раззбраення Украіна атрымала мільярдныя кампенсацыі за аддадзены Расіі ракетны ўран. Тагачаснае беларускае кіраўніцтва засталося ні з чым, і амерыканцы дапамагаць не сталі. А потым і наогул у Белым доме пра ўсе дамоўленасці забыліся, проста перайшлі на санкцыйную рыторыку і непрыкрытае ўмяшанне ў нашы ўнутраныя справы.

У міжнародных адносінах паважаюць тых, хто паважае сябе. Хто размаўляе на роўных з партнёрамі любога калібру, а не становіцца адвакатам чужых інтарэсаў. Можа, і добра, што ў нашым МЗС больш не працуюць тыя, хто гэтага не зразумеў?..

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: