Падзяліцца:
«Розгалас. Аранжавы ўзровень небяспекі». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.08.2022
«Розгалас. Аранжавы ўзровень небяспекі». Радыёблог Максіма Угляніцы

«Сіноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі».

У апошнія гады мае калегі ўсё часцей ўжываюць гэты выраз у эфіры, калі расказваюць вам прагноз надвор’я. А гэтым летам аранжавы ўзровень, здаецца, ці не заўсёды быў звязаны з павышэннем тэмпературы паветра. Вось і зараз: на календары канец жніўня, а слупкі тэрмометраў днём лёгка пераадольваюць мяжу +30 градусаў! Лішні раз і на вуліцу не хочацца выходзіць…

Не дзіўна, што ўсё больш людзей (выціраючы пот з ілба) задумваюцца: дык што, сапраўды ёсць яно, глабальнае пацяпленне? Не дарэмна нас пужаюць кліматычнымі змяненнямі?

А цяжка да канца разабрацца. Паслухаеш адных спецыялістаў: так, усё дрэнна. Пачытаеш іншых экспертаў (у тым ліку “аналітыкаў на канапе”): усё не праўда, гэта глабальная змова і жаданне зарабіць на кліматычным хайпе. Каму верыць?

Шмат апошнім часам дастаецца і журналістам, якія расказваюць пра глабальнае пацяпленне. Прычым, што цікава, б’юць з абодвух бакоў – і за тое, што перабольшваюць жахі пацяплення, і за тое, што наадварот недаацэньваюць іх. Вось два прыклады апошняга часу.

Карыстальнікі Twitter жыва абмяркоўвалі дзве карцінкі аднаго з нямецкіх тэлеканалаў. Калі пяць гадоў таму ў выпуску прагноза надвор’я тэмпературу +30 паказвалі на карце на зялёным фоне, то сёлета +25 градусаў ужо ілюстрыруюць чырвоным фонам. Маўляў, вось як свядома маніпулюць эмоцыямі гледачоў з дапамогай каляровай гамы. Падобныя карцінкі ёсць і з тэлеканалаў іншых краін.

І адваротная гісторыя. У сацыяльных сетках на Захадзе гэтым летам стала вірусным відэа, якое практычна паўтарае сцэну з нядаўняга галівудскага фільма “Не глядзіце наверх”. Нагадаю, у кіно астранаўты спрабуюць пераканаць тэлевядучых, што хутка Зямля сутыкнецца з каметай, і чалавецтва чакае апакаліпсіс. На што вядучыя толькі пасмейваюцца і заклікаюць быць пазітыўнымі. А ў жыцці на адным з брытанскіх тэлеканалаў метэаролаг спрабаваў дастукацца да субяседніц-тэлевядучых з простай думкай: Еўропу накрывае смяротная спякота. І ў яго не атрымалася.

Спецыяліст гаворыць: зараз цудоўнае надвор’е, +20 градусаў, але насамрэч нічога цудоўнага, бо хутка будзе +40 і нас чакаюць сотні, калі не тысячы заўчасных смерцяў з-за такой спякоты. На што адна з вядучых усклікае: “Я хачу, каб мы радаваліся надвор'ю!”. А тут гэты метэаролаг-песіміст са сваім фаталізмам…

Дарэчы, праз некалькі дзён пасля таго эфіру спякота сапраўды накрыла Еўропу, і многія, на жаль, не перажылі анамальныя тэмпературы. Але ж, навошта пра гэта задумвацца? Трэба проста радавацца! Такі, напэўна, дэвіз кліматычных аптымістаў.

Сваю порцыю крытыкі летам-2022 атрымалі і брытанскія газеты. Калі па краіне было каля +40, яны выходзілі з такімі ілюстрацыямі: пляжы, марожанае, людзі плаваюць у вадзе. Карацей, пазітыўчык. Адзін з былых кіраўнікоў выдання The Guardian Вольфганг Блау так на гэта адрэагаваў: усё яны цудоўна разумеюць, але спецыяльна памяншаюць пагрозу змянення клімату, каб пашырыць кола чытачоў і прадаць больш экземпляраў газеты.

Некаторыя вучоныя ўвогуле кажуць: даўно настаў час пазбаўляцца ад добрых асацыяцый, якія ў нас выклікае гэтая пара года. Каб не расслабляліся. Лета – гэта сонца, мора ці возера, адпачынак, цяпло? Не – гэта ўраганы, спякота, засуха і пажары! Магчыма, трэба называць лета інакш – “небяспечны сезон”? Гэтая фраза стала часткай спецыяльнай кампаніі так званага Саюза занепакоеных вучоных, які з’явіўся ў ЗША.

Як піша выданне Wired, вучоныя папярэджваюць: спякота ў сярэднім кожны год забівае больш амерыканцаў, чым любое іншае экстрэмальнае надвор'е. Прычым усё прадказальна! Кожнае лета пажылыя паміраюць у сваіх дамах без доступу да кандыцыянераў, а маладыя спартсмены паміраюць ад цеплавога ўдару падчас трэніровак пры высокіх тэмпературах. "Такія смерці можна прадухіліць", – кажуць спецыялісты. Яна спадзяюцца: менавіта фармуліроўка "небяспечны сезон" дапаможа людзям лепш зразумець летнія пагрозы. Таму што, калі мы нешта разумеем, мы можам ужо штосьці з гэтым рабіць.

Іншыя спецыялісты робяць акцэнт вось на чым: трэба ўжо зараз задумацца пра адаптацыю да змяненняў клімату. Інакш будаваць дамы (з улікам небяспекі пажараў), прадумаць абарону тэхнікі і абсталявання, якія ў спякоту могуць “выляцець”, па-іншаму выстройваць працоўны графік летам і шмат яшчэ чаго. Карацей, ужо зараз падрыхтавацца да будучых змяненняў, каб яны не сталі сюрпрызам.

А на ўзроўні звычайнага чалавека, я думаю, лепш за ўсё прыслухоўвацца да свайго арганізма – як ён пераносіць спякоту, – і лішні раз перастрахавацца. Адпаведныя парады медыкаў і ратавальнікаў пастаянна гучаць у нашым эфіры. Нават калі вы кліматычны аптыміст і не верыце ў глабальнае пацяпленне, паклапаціцеся пра сваё здароўе, горш дакладна не будзе.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: