Падзяліцца:
«Розгалас. Бэтмен як культурная зброя амерыканскай палітыкі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.05.2022
«Розгалас. Бэтмен як культурная зброя амерыканскай палітыкі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

У гэты дзень роўна 95 гадоў таму заснавана Амерыканская акадэмія кінамастацтваў. Здаецца, чым можа быць цікавая гэта падзея нам, беларусам? Назаву тры прычыны.

Першая. У навіне ёсць выразны «беларускі след». Ідэя стварэння акадэміі належыць самаму вядомаму галівудскаму прадзюсару таго часу Луісу Барту Майеру, або Лазару Меіру. Ён нарадзіўся ў 1885-ым годзе ў Мінску (прынамсі, так запісана ў афіцыйных дакументах). Пазней у ЗША стаў кіраўніком самай буйной і паспяховай кінастудыі Metro-Goldwyn-Mayer (у яе застаўцы рыкае леў – вы дакладна бачылі гэта ў пачатку многіх галівудскіх фільмаў). Менавіта Майер не толькі выступіў з ідэяй стварыць Акадэмію кінамастацтваў, але і прыдумаў спецыяльную ўзнагароду для лепшых фільмаў – размова пра знакаміты «Оскар».

Другая прычына, па якой сённяшняя дата мяне зацікавіла. Дастаткова вывучыць вынікі работы мінскага кінапракату за мінулы год, каб зрабіць выснову – менавіта амерыканскія фільмы найбольш цікавыя гледачам. Прынамсі, тым, хто ходзіць у сталічныя кінатэатры. У топ-10 самых касавых стужак – 9 амерыканскіх. Самая папулярная – пра Чалавека-павука. Вельмі падобная сітуацыя па выніках мінулага года і ў Расіі. Чаму так здарылася – нагода для асобнай працяглай размовы, але сам факт зафіксуем. Тут ёсць пра што задумацца, у тым ліку нашым кінавытворцам.

Трэцяя прычына цесна звязана з другой. Галівуд даўно ўжо стаў “мяккай сілай” Вашынгтона. Прычым стварыць паўнацэнную “фабрыку мар” спрабавалі і ў Савецкім Саюзе, і ў іншых краінах. Спрабавалі і спрабуюць сёння. Аднак, у поўную сілу гэта спрацавала толькі ў ЗША.

Ці кожны глядач, які сядзіць з папкорнам у мяккім крэсле кінатэатра і глядзіць чарговы галівудскі блокабастэр, разумее, што ён бачыць? Сёння гэта не проста мастацтва (калі ўвогуле мастацтва). Гэта яшчэ ідэалогія, палітыка, дыпламатыя, зброя! Сіла, але – мяккая, не ў лоб. Таму многія і не надта задумваюцца, якія сэнсы ім транслюе з экрана чарговы Бэтман або Чалавек-павук.

Між тым, сувязі амерыканскай кінаіндустрыі з амерыканскім жа ўрадам маюць доўгую гісторыю. Яшчэ 100 гадоў таму была створана Амерыканская асацыяцыя кінакампаній, яе мэта – абараняць інтарэсы вытворцаў кіно. Часам гэтую арганізацыю называюць “маленькім Дзярждэпартаментам”. Не дзіўна – у яе складзе шмат дыпламатаў і іншых спецыялістаў з вялікім вопытам урадавай работы.

Як лічаць даследчыкі, упершыню ўрад ЗША ўбачыў у кінапрадукцыі інструмент дыпламатыі падчас Другой сусветнай вайны і адразу пасля яе. Разлік быў на тое, што экспарт фільмаў дапаможа прапагандзе амерыканскіх ідэалаў у Еўропе і супрацьдзеянню распаўсюджвання камунізму.

Адзін з заснавальнікаў вядомай кінастудыі 20th Century Fox Дэрыл Занук быў членам праўлення Нацыянальнага камітэта за свабодную Еўропу. Яго стварыла ЦРУ для распаўсюджвання амерыканскага ўплыву. Спецыяліст па гісторыі кіно і тэлебачання Майкл Фіцжэральд асабліва вылучае фільм Занука “Самы працяглы дзень”. На яго думку, ён «абсалютна сцёр ролю камуністаў у перамозе над фашызмам у Еўропе».

Кіно як культурная зброя Вашынгтона актуальная і ў нашы часы. Дакладна вядомы факт: праз некалькі месяцаў пасля тэрактаў 11-га верасня дзясяткі топ-мэнэджараў кінаіндустрыі сустрэліся з галоўным саветнікам прэзідэнта Буша-малодшага. Саветнік выказаў некалькі ідэй, якія Галівуд павінен быў распаўсюдзіць праз свае кінатворы: "ЗША ў Афганістане вядуць вайну з тэрарызмам, а не ісламам"; "кожны член грамадства можа аказаць дапамогу арміі"; "тэрарыстычная атака патрабуе глабальнага адказу"; "гэта барацьба са злом" і гэтак далей.

Цесна супрацоўнічае з галівудскай “фабрыкай мар” Пентагон, найперш у выглядзе кансультацый пры здымках фільмаў. Але часам справа даходзіць да значнага перапісвання сцэнарыяў. Расійская даследчыца гэтай тэмы Ульяна Артамонава прыводзіць прыклады фільмаў, знятых з дапамогай Пентагона: "Праўдзівая хлусня", "Дзень незалежнасці", "Жалезны чалавек". У іх ЗША прадстаўлены нейкай добрай сілай. Праява яе ваеннай моцы за мяжой прыносіць для ўсяго чалавецтва толькі станоўчыя вынікі. У фільмах бывае і крытыка – аднак толькі асобных выпадкаў празмернага выкарыстання сілы. Але не амерыканскай ваеннай моцы ў цэлым! Большасць касавых фільмаў зыходзяць з таго, што ўзброеныя сілы ЗША маюць поўнае права праводзіць ваенныя аперацыі дзе пажадаюць і як пажадаюць. Жалезны чалавек або яшчэ які Бэтмен усіх выратуе, не сумнявайцеся! І не важна, ці чакаюць ад яго паратунку.

Калі аднаго з вядомых амерыканскіх прадзюсараў Джэры Брукхаймера (ён зняў "Піратаў Карыбскага мора") спыталі: ці змог бы ён паказаць буйны ваенны правал арміі ЗША або парушэнне амерыканцамі правоў чалавека ў ваенным канфлікце, ён адказаў: "Так, пры ўмове, што Пентагон не будзе супраць".

Але размова не толькі пра баевікі. У любы сюжэт (камедыю, дэтэктыў, меладраму) Галівуд можа ўпісаць дэталі, якія будуць працаваць на станоўчы імідж Злучаных Штатаў. Нават банальныя дробязі: прыгожыя дамы з газонам як сімвал дабрабыту.

Зрэшты, прыгожай «фабрыцы мар» хутка можа прыйсці канец. Прычым яна ўсё зробіць сваімі рукамі. Два гады таму Амерыканская кінаакадэмія сфармуліравала патрабаванні, якія будуць абавязковыя для ўсіх прэтэндэнтаў на «Оскара» ў намінацыі «Лепшы фільм», пачынаючы з 2024-га. Што ў новых правілах? Мінімум адзін з вядучых акцёраў павінен належаць да недастаткова прадстаўленай расавай або этнічнай групы. Не менш чым трэць другарадных роляў варта аддаць прадстаўнікам ЛГБТ, расавых або этнічных груп, жанчынам або людзям з інваліднасцю. Такія ж патрабаванні распаўсюджваюцца на сюжэт карціны. Так што цяпер «моцны арэшак» і Бэтмен, не выключана, будуць прадстаўнікамі сексуальнай меншасці. Мяккая сіла Вашынгтона стане зусім ужо мяккай.

Праўда, ёсць адчуванне, што ў нашых шыротах такая культурная зброя не стрэліць. Запасаемся папкорнам і назіраем!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: