Падзяліцца:
«Розгалас. Чакаеце перамен? Ідзіце на рэферэндум!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.02.2022
«Розгалас. Чакаеце перамен? Ідзіце на рэферэндум!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«Перемен требуют наши сердца»!

Вы дакладна чулі аудыёролікі з гэтым радком вядомай песні Віктара Цоя ў нашым эфіры і ў эфіры іншых радыёстанцый. Некаторых «слухачоў» за межамі Беларусі яны моцна ўзбудзілі. Тыя нават пачалі выдумляць розныя канспіралагічныя тэорыі ў сваіх тэлеграм-каналах.

Тролінг? Чаму б і не. Каб ні ў каго не было спакусы прыватызаваць песню і лозунг «Перамен». Але справа не толькі ў гэтым.

Рэферэндум, на які вынесены праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі, – гэта рэальная магчымасць прыняць удзел у тых самых пераменах. Не проста чакаць іх, седзячы на канапе, не проста абмяркоўваць іх за кубкам капучына – а прыйсці на ўчастак і аддаць свой голас. Новая Канстытуцыя (калі яна будзе прынята) якраз і закладзе асновы гэтых перамен.

Гэта беларускі падыход да важных пытанняў: вырашаць іх не наскокам, рэвалюцыяй, а паступова, у абмеркаваннях, на падмурку таго, што было створана раней. Гэта і ёсць нармальны спакойны рух наперад, а не ёрзанне туды-сюды.

Праўда, нараджалася першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі ў іншай атмасферы, на зломе эпох. Па сутнасці, праект Асноўнага закона быў гатовы да сярэдзіны 1991-га года. Аднак зацятая палітычная барацьба паміж рознымі сіламі, прывяла да таго, што работа над новым Асноўным законам ішла складана і марудна.

Галоўнай перашкодай стала пытанне: якой быць маладой незалежнай рэспубліцы – прэзідэнцкай або парламенцкай? Давялося ісці на кампраміс: увялі інстытут прэзідэнцтва, аднак і захавалі шырокія паўнамоцтвы парламента (Вярхоўнага Савета). Мінусы такога кампрамісу сталі відавочныя праз невялікі прамежак часу. Але ж Беларусь набыла сваю першую ва ўмовах незалежнасці Канстытуцыю. Адбылося гэта 15-га сакавіка 1994-га года. З таго часу гэты дзень з'яўляецца дзяржаўным святам.

Пры ўсіх мінусах кампрамісу, відавочна, што асноўнае рашэнне – увесці ў Беларусі інстытут прэзідэнцтва – стала лёсавызначальным. Наступныя дзесяцігоддзі толькі пацвердзілі гэта. Тады, на пераломным этапе развіцця краіны, трэба было кансалідаваць беларусаў і максімальна эфектыўна вырашыць праблемы ў сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах.

Эксперты называюць Канстытуцыю-1994 антыкрызіснай. З гэтай задачай яна ў цэлым справілася, аднак не змагла ў поўнай меры забяспечыць паступальнае і паспяховае развіццё маладой беларускай дзяржавы. Таму і давялося ў наступныя гады ўносіць у Асноўны закон змяненні і дапаўненні. Кожны раз гэта адбывалася шляхам рэферэндуму – гэта значыць, рашэнне прымаў народ.

І вось – амаль праз два дзесяцігоддзі пасля апошніх змяненняў – наспела неабходнасць абнавіць Канстытуцыю. Перадумовы відавочныя: у людзей з’явіліся новыя патрэбы, грамадства развіваецца, палітычнай сістэме неабходнае абнаўленне. Усё гэта павінна быць адлюстравана і ў Асноўным законе краіны (нездарма ж ён так называецца).

Падкрэслім: да неабходнасці змяненняў прыйшлі не ў выніку падзей 2020-га года. Магчыма, яны і сталі каталізатарам, але любы, хто ўважліва сочыць за беларускай палітыкай, цудоўна ведае: беларускі лідар рэгулярна гаворыць пра неабходнасць змяненняў у Канстытуцыю мінімум апошнія 5 гадоў (тых, хто не сочыць – адправім у Гугл, там можна знайсці дакладныя цытаты). Асноўная матывацыя: трэба адпавядаць патрабаванням часу.

Над праектам працавалі і спецыялісты, аб’яднаныя ў Канстытуцыйнай камісіі і спецыяльнай рабочай групе, і звычайныя грамадзяне – яны выказвалі свае прапановы і заўвагі. Абмеркаванне было адкрытым, прыняць удзел і сказаць сваё слова мог кожны. У тым ліку гэта рэгулярна адбывалася і ў нашым эфіры. Сярод самых важных прапаноў, замацаваных у праекце, – захаванне моцнага сацыяльнага складніка беларускай дзяржавы, прыярытэт традыцыйных каштоўнасцей, акцэнт на гістарычную памяць, пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў з наданнем канстытуцыйнага статуса Усебеларускаму народнаму сходу. Заўважная навацыя – прапануецца павысіць асабістую адказнасць кожнага жыхара краіны. Гэта будзе першым крокам у фарміраванні мадэлі ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадзяніна па прынцыпе «дзяржава – партнёр».

Не будзем зараз падрабязна абмяркоўваць усе моманты – праект абноўленай Канстытуцыі абсалютна даступны на розных носьбітах і ў розных фарматах. Толькі на нашым Youtube-канале – відэа дзясяткаў эфіраў з экспертамі і палітолагамі па гэтай тэме. Ёсць магчымасці для таго, каб спакойна ўсё вывучыць, падумаць і прыняць узважанае рашэнне.

Ну а тыя, хто ўжо вырашыў, могуць аддаць свой голас з сённяшняга дня, у аўторак пачалося датэрміновае галасаванне. Рэферэндум – магчымасць для кожнага з нас зрабіць свой уклад у пабудову агульнай будучыні краіны.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: