Падзяліцца:
«Розгалас. Чаму чыноўнікі павінны быць першакрыніцай інфармацыі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.06.2022
«Розгалас. Чаму чыноўнікі павінны быць першакрыніцай інфармацыі». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Інфармацыя павінна ісці наперадзе палітыкі. Звычайна аўтарства гэтага прынцыпа прыпісваюць лорду Бівербруку – брытанскаму і канадскаму палітычнаму дзеячу, міністру інфармацыі часоў Першай сусветнай вайны, уладальніку газетна-інфармацыйнай імперыі. Ён ужо 100 гадоў назад разумеў: перш чым засяваць поле, трэба яго распахаць. З дапамогай інфармацыі падрыхтаваць грамадства да тых ці іншых рашэнняў.

Сёння, у інфа-эпоху, гэты прынцып становіцца адным з асноўных для кіраўнікоў дзяржаўных органаў і арганізацый, чыноўнікаў рознага рангу, дэпутатаў. У інфа-эпоху, калі гучнае слова часта замяняе сабой справу, калі адзін яркі вобраз можа быць больш эфектыўны, чым працяглыя, сухія разважанні. Сёння недастаткова проста прыняць рашэнне – трэба ўмець пра яго расказаць, прычым зрабіць гэта правільна. Бо калі людзі не будуць пра такое рашэнне ведаць, яны проста яго не падтрымаюць.

Шмат увагі гэтай тэме надалі падчас нядаўняга рэспубліканскага семінару-нарады, дзе абмяркоўвалі формы і метады работы з людзьмі. Адна з такіх форм, якую апрабіруюць бліжэйшым часам, – стварэнне Telegram-канала ў кожным раёне Беларусі для інфармавання мясцовых жыхароў і работы з іх зваротамі.

Яшчэ адзін важны пасыл прагучаў на семінары з вуснаў кіраўніка дзяржавы: чыноўнікі, дэпутаты павінны быць для людзей першакрыніцай і добрых, і непрыемных навін. Тут важныя абедзве часткі – і быць першакрыніцай, і быць першымі ў агучванні непрыемных паведамленняў.

Канечне, не павінна быць такога, што людзі даведваюцца ад дэструктыўнага Telegram-канала, напрыклад, чаму ў іх раёне няма святла, і калі дакладна электрычнасць з’явіцца. Ад канала, аўтары якога ўвогуле знаходзяцца за межамі Беларусі! У той жа час па кароткім нумары адпаведнай камунальнай службы рэгіёна жыхарам адказваюць, што самі нічога не ведаюць і трэба пачакаць. Шчыра скажам, так сабе парада – пачакаць – калі чалавек раптам застаўся без электрычнасці. Заўважу, гэта рэальная гісторыя, якая адбылася ў адным з раёнаў Магілёўскай вобласці. Ну і якой крыніцы інфармацыі ў такім выпадку павінны паверыць людзі?

Так і фарміруюцца спажывецкія звычкі. Раз пачытаў, два, – здаецца, праўду пішуць. А на трэці раз можна трапіць у пастку і паверыць вялікай хлусні. Вось вам і пытанне, хто выступае першакрыніцай інфармацыі!

І другая частка – расказваць першымі не толькі пра добрае, але і пра дрэннае. Пра добрае і выгаднае, здаецца, ужо многія навучыліся хутка паведамляць, тут праблем няма. А вось пра непрыемнае… Канечне, радаснага тут мала, у даўнія часы, кажуць, увогуле забівалі ганцоў, якія прыносілі дрэнныя навіны. Але ж у сённяшнім інфармацыйным свеце такіх «ганцоў» безліч – не раскажаце вы, раскажа хто-небудзь іншы. Пра вас. Ды так раскажа, што потым давядзецца яшчэ доўга апраўдвацца і даказваць, што насамрэч усё не так і што праблема не такая вялікая, як яе раздулі. Таму прасцей самім прызнаць свае агрэхі (а ў каго іх няма?) і тут жа паведаміць, як іх будуць выпраўляць. Гэта толькі павысіць давер людзей.

Увогуле сёння ўсё больш кіраўнікоў рознага ўзроўню асвойваюць новыя каналы камунікацыі з людзьмі. На слыху прыклады гродзенскага губернатара Уладзіміра Караніка і брэсцкага мэра Аляксандра Рагачука, кіраўнікоў некаторых міністэрстваў і канцэрнаў, парламентарыяў. Адзін з сенатараў неяк у размове са мной пахваліўся, што ў свае 60+ ён цудоўна разбіраецца ў сацсетках і ведае, напрыклад, што ролік у Instagram павінен быць 20 секунд, не больш. Таму часам даводзіцца паламаць галаву над тым, як данесці да аўдыторыі думку коратка і вобразна. Дарэчы, галаву ламае самастойна, не звяртаючыся да памочнікаў або прэс-службы, усе пасты піша сам. А падпісчыкаў усё больш, і зваротная сувязь ад іх дапамагае працаваць больш эфектыўна.

Лепш за ўсё расказаў, навошта ісці ў інтэрнэт, цяперашні магілёўскі губернатар Анатоль Ісачанка ў адным з ранейшых інтэрв’ю. Усяго два словы: «Жыццё прымусіла». Ён, дарэчы, таксама актыўны карыстальнік сацыяльных сетак.

Але ёсць пакуль і іншыя прыклады. Дэпутаты, за якіх старонкі ў сацсетках вядзе прэс-служба або памочнікі, – і гэта адразу заўважна. Бо вельмі дзіўна выглядае, калі чалавек у сваім акаунце піша пра сябе ў трэцяй асобе, як быццам пра нейкага іншага. Канечне, дадатковага даверу гэта не выклікае. Не раз бачыў тэксты, напісаныя з прыкрымі памылкамі, і такая неахайнасць выклікае вялікія пытанні. Некаторыя кіраўнікі пішуць у сацсетках або мэсенджэрах, здаецца, правільныя рэчы – але настолькі фармальнай, казённай мовай, што міжволі з’яўляецца пытанне: а можа, яны так фармальна і да сваёй дзейнасці адносяцца? Усе гэтыя «У рамках рэалізацыі дадзенага даручэння намі пастаянна праводзіцца работа…» і гэтак далей. У інтэрнэце такая мова адразу рэжа вока (ды і ў рэальным жыцці, прызнаемся, таксама). Прачытае чалавек такую інфармацыю і нічога не зразумее – так а што сказаць хацеў? Як праблему будзеце вырашаць? Што ў маім жыцці зменіцца?

Так што ўдасканальваць ёсць яшчэ што. Галоўнае ж, здаецца, ужо нікому з чыноўнікаў не трэба даказваць: эфектыўна праводзіць дзяржаўную палітыку сёння немагчыма без новых каналаў камунікацыі.

На мой погляд, сваё слова павінны сказаць і заканадаўцы, прапанаваўшы адпаведныя нарматыўныя дакументы. Каб прысутнасць дзяржаўных органаў, арганізацый, кіраўнікоў рознага ўзроўню ў інтэрнэце стала абавязковай, а не добраахвотнай. Але толькі без фармалізму!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: