Падзяліцца:
«Розгалас. Чаму растуць цэны на прадукты?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.06.2021
«Розгалас. Чаму растуць цэны на прадукты?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

У Беларусі пашыраецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары. Пра гэта стала вядома напярэдадні з адпаведнай пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Прычынай спецыялісты называюць істотны рост цэн на прадукты харчавання ў свеце – а ён сапраўды істотны, лічбы зараз агучым.

Цяпер у Беларусі будзе дадаткова рэгулявацца кошт рыбы, пэўных відаў мяса і каўбас, солі, кавы і чаю, а таксама некаторых іншых прадуктаў. Пэўная катэгорыя тавараў (сярод якіх сыр, мука, бульба, свежыя гародніна, яблыкі) цяпер будзе рэгулявацца з дапамогай гандлёвай надбаўкі – імпарцёры і прадаўцы не змогуць дадаваць да цаны больш за 25%.

Публікуючы гэтую навіну, некаторыя тэлеграм-каналы вырашылі паразважаць пра рыначныя метады цэнаўтварэння. Цікава, што гэтыя ж каналы (дакладней, іх аўтары і іншыя асобы, якія за імі стаяць) раней заклікалі беларусаў не купляць прадукты кампаній, што «фінансуюць рэжым». Нават выкінулі грошы на стварэнне нейкага мабільнага дадатку, каб хадзілі пакупнікі па магазінах і прыглядаліся на паліцы – дзе там «нашы» вытворцы, а дзе «не нашы»? Зразумела, абсалютная большасць людзей прапусцілі гэтыя заклікі міма вушэй, бо нармальны чалавек у магазіне звяртае ўвагу толькі на два моманты: цану і якасць прадуктаў (і добра, калі адно з другім супадае). Вось толькі незразумела, як гэтыя неверагодныя рэкамендацыі суадносяцца з рыначнымі прынцыпамі? Калі пакупніку штучна абмежаваць выбар – гэта, што, рынак?

Што да росту цэн, то праблема інтэрнацыянальная. Іншымі словамі, галава пра гэта баліць ва ўрадаў многіх краін. Статыстыка харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ФАО) паказвае: сёлета ў маі ва ўсім свеце цэны на харчовыя тавары і сыравіну дасягнулі максімуму за апошнія 10 гадоў. Індэкс харчовых цэн ФАО ў мінулым месяцы вырас амаль на 40% у параўнанні з маем 2020-га, што прымушае апасацца яшчэ больш прыкметнай інфляцыі на прадукты харчавання ў бліжэйшыя месяцы. Цэны на малако ў сярэднім у свеце выраслі на чвэрць, на збожжавыя культуры – на трэць, а падаражанне алею склала 120%! Па інфармацыі Сусветнага банку, у маі цэны на чай у гадавым выражэнні выраслі на 75%, на пальмавы алей – удвая.

У апошнія месяцы інвестары рабілі стаўкі на высокія цэны на кукурузу, пшаніцу і сою, хоць даныя Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША паказваюць: сусветныя рынкі, па-сутнасці, добра забяспечаны гэтымі прадуктамі. Больш за тое, чаканыя ўраджаі адпавядаюць доўгатэрміновым тэндэнцыям, – гаворыцца ў артыкуле швейцарскага выдання Neue Zürcher Zeitung. У чым жа прычына? Здаецца, зноў вінавата пандэмія, прынамсі, часткова.

Як лічаць эксперты, – сёння ў ролі «засухі» выступае глабальнае парушэнне ланцужкоў вытворчасці з-за каронавіруснай інфекцыі. Гэта парушэнне руйнуе сярэдні клас у развітых і ў краінах, што развіваюцца. За кошт павышэння цаны вытворцы страхуюцца ад рызык, якія могуць прывесці да новых абмежавальных мер.

І справа не толькі ў эканоміцы. Дакладней, эканоміка можа прыводзіць да палітычных узрушэнняў. Для краін так званага «залатога мільярда» павышэнне цэн, магчыма, не такая вялікая праблема, хоць і заўважная. Ад росту цэн на прадукты ў большай ступені церпяць бедныя краіны, якія залежаць ад імпарту, або тыя, дзе насельніцтва аддае большую частку свайго даходу на харчаванне. Рост цэн там рэгулярна становяцца прычынай сацыяльных хваляванняў. Дзесяць гадоў таму ў рэгіёне Блізкага Усходу вырас кошт базавай харчовай прадукцыі, і часткова гэта стала прычынай пачатку «арабскай вясны». Нядаўна цэны на прадукты сталі адным з галоўных палітычных пытанняў у такіх краінах, як Эфіопія і Нігерыя, – нагадвае Neue Zürcher Zeitung.

Харчовая сыравіна – гэта таксама актыў, і ў эпоху глабальнай нестабільнасці, як зараз, ён становіцца надзвычай важным для любой краіны. Як тут не прыгадаць беларускі аграпрамысловы патэнцыял, створаны за гады незалежнасці. І менавіта «кавідныя» часы сталі для яго добрым выпрабаваннем на трываласць. Памятаеце мінулы год? Закрываліся межы, руйнаваліся шматгадовыя гандлёвыя сувязі, некаторыя дзяржавы адмаўляліся выконваць свае абавязацельствы на знешніх рынках. Сярод аграрыяў былі панічныя настроі: як у пандэмію сеяць і вырошчваць ураджай?! Прадракалі дэфіцыт прадуктаў – што ў многіх краінах і адбылося.

На гэтым фоне беларускі падыход да развіцця сельскай гаспадаркі, клопат пра харчовую бяспеку паказалі сваю эфектыўнасць.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: