У апошнія дні года прынята падводзіць яго вынікі. І на ўзроўні звычайнага чалавека, і на ўзроўні цэлых краін і кантынентаў. 2022 год быў надзвычай складаным – з гэтым згодныя ўсе. Такія гады звычайна ўваходзяць у гісторыю. Магчыма, пасля ў падручніках напішуць, што менавіта ў 2022-ім пачаліся глабальныя змяненні ў свеце, вынікі якіх будуць заўважныя праз гады або нават дзесяцігоддзі. Але дакладна сказаць пра гэта можна будзе толькі пасля, не зараз.
А пакуль можам толькі ўзгадаць, якімі падзеямі запомніцца адыходзячы год. Адной з важных палітычных падзей для Беларусі стала правядзенне рэферэндуму, на якім большасць грамадзян краіны прагаласавала за канстытуцыйныя змяненні. Такім чынам, запушчаны працэс эвалюцыі палітычнай сістэмы. Цяпер у Канстытуцыі замацаваны і новы для беларускага грамадства механізм – Усебеларускі народны сход. Як ён будзе працаваць, убачым ужо ў наступныя гады.
Ваенны канфлікт вакол Украіны стаў пераломным момантам у міжнародных адносінах. Іншая справа, што пакуль мала хто з экспертаў і палітолагаў возьмецца на 100% спрагназаваць, у які бок будзе змяняцца свет. Турбулентнасць працягваецца. Эканамічныя і дыпламатычныя меры ўздзеяння на канкурэнтаў выкарыстоўваюцца ўсё больш актыўна. Загаварылі пра «халодную вайну 2.0» паміж Расіяй і Захадам.
Наступствы заходніх санкцый адчувае на сабе і Беларусь. Іншая справа, што яны аказаліся не настолькі разбуральнымі, як пужалі, хоць усё адно непрыемна. Гэтыя санкцыі ў тым ліку прымушаюць нашу краіну ўсё больш актыўна браць курс на Усход.
Абмежаванні прыносяць непрыемнасці і самім заходнім дзяржавам – сёлета там назіралі за лічбамі інфляцыі і цэнамі на энергарэсурсы, якіх не бачылі ўжо шмат гадоў. У канцы года падлічылі: Еўропа страціла трыльён долараў ад рэзкага росту цэн на энерганосьбіты! А свет у 2022-ім ледзь не апынуўся на мяжы харчовага крызісу з-за антырасійскіх санкцый і блакіроўкі ўкраінскіх партоў.
На працягу года ў загалоўкі сусветных СМІ не раз трапляла Вялікабрытанія – але не з пазітыўнымі нагодамі. Так, у каралеўстве сёлета было ажно тры прэм’ер-міністры! Спачатку Борыс Джонсан, але ён быў вымушаны пайсці ў адстаўку пасля «кавідных вечарынак». Пасля – Ліз Трас (тая ўвогуле стала рэкардсменкай па найбольш кароткім знаходжанні на прэм'ерскай пасадзе – усяго 50 дзён). Нарэшце кіраўніком урада стаў мільянер і індуіст па веравызнанні Рышы Сунак.
А яшчэ сёлета не стала шматгадовага сімвала брытанскай дзяржавы – каралевы Елізаветы II. Яна кіравала Вялікабрытаніяй 70 гадоў! Многія таксама ўбачылі ў гэтым сімвал: за гады кіравання Елізаветы II свет змяніўся да непазнавальнасці, і вось цяпер, напярэдадні новых глабальных змяненняў, яна адыйшла ў гісторыю.
У ЗША сёлета чакалі «чырвонае цунамі» – і размова не пра прыродную з’яву, а пра гучнае вяртанне рэспубліканцаў ва ўладу па выніках прамежкавых выбараў губернатараў і кангрэса. Аднак пераможнай хвалі не здарылася – поспехі рэспубліканцаў аказаліся сціплымі, а амаль усе кандыдаты, падтрыманыя Дональдам Трампам, праваліліся. Цяпер у экспертаў вельмі шмат пытанняў адносна далейшага палітычнага лёсу гэтага чалавека.
Яшчэ адзін амерыканскі палітык у 2022-ім адхапіў такой увагі, што нікому і не снілася. Памятаеце, як дзясяткі тысяч чалавек онлайн сачылі за палётам самалёта спікера палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пелосі на Тайвань? Саб’юць яго кітайцы ці не? Самалёт не збілі, але і бабуля Нэнсі незразумела чаго дабілася – у адказ Пекін учыніў моцную дэманстрацыю ваеннай сілы, а яшчэ пазней на мясцовых выбарах кіруючая на Тайване партыя атрымала паражэнне.
Адыходзячы год запомніцца і гучнымі пратэстамі ў розных краінах. Шры-Ланка, Манголія, Казахстан, Іран, Кітай – гэта толькі тыя кропкі на карце, пра якія шмат пісалі сусветныя медыя. Прычыны хваляванняў самыя розныя, але ў цэлым яны не дадалі стабільнасці нашай планеце.
Між іншым, нас цяпер на Зямлі – больш за 8 мільярдаў! Чарговая прыгожая лічба была дасягнута 15 лістапада (зразумела, адпаведныя разлікі ААН прыблізныя і хутчэй сімвалічныя). Зрэшты, за прыгожай круглай лічбай – чарговыя праблемы сацыяльнага і эканамічнага развіцця, экалогіі.
У 2022-ім годзе было надзвычай шмат інфармацыйнага шуму, і цераз яго не заўсёды прабіваліся сапраўды важныя навіны, якія даюць надзею. Напрыклад, пра навуковыя адкрыцці.
Летам была апублікаваная першая навуковая фатаграфія, зробленая тэлескопам «Джэймс Уэб» (на сёння – самы магутны ў гісторыі тэлескоп). Фотаздымкі нашага Сусвету, якія ён зрабіў, сапраўды ўражваюць. Яшчэ вучоныя аб’явілі пра паспяховую перасадку сэрца геннамадыфікаванай свінні чалавеку. На жаль, ён пражыў усяго некалькі месяцаў, але гэта – чарговы крок да выратавання жыццяў людзей па ўсім свеце. Шмат было сёлета навін, звязаных з нейраімплантамі – іх ужыўляюць у мозг, каб дапамагчы паралізаваным людзям. Ёсць ужо абнадзейваючыя гісторыі, калі такія хворыя змаглі самастойна есці, хадзіць і вымаўляць сотні слоў. А яшчэ ў адыходзячым годзе вучоныя ў розных краінах правялі паспяховыя выпрабаванні вакцын ад розных форм раку. Канечне, клінічныя выпрабаванні – справа не аднаго года, але ўсё роўна ёсць шанцы, што цяпер ва ўрачоў будзе больш магчымасцей для перамогі над страшнай хваробай.
Вось і атрымліваецца, што нават у цяжкім 2022 годзе былі падставы для надзеі. Галоўнае – умець заўважаць такія навіны ў патоку бязрадасных паведамленняў. Хто ведае: магчыма, у падручнікі гісторыі гэты год увойдзе якраз дзякуючы навуковаму адкрыццю, а не чаканню ядзернай катастрофы.