«Размова з пісталетам ля скроні». Менавіта так вобразна прадставіў дыялог Польшчы і Еўрасаюза польскі прэм'ер. Нядаўняе інтэрв'ю Матэуша Маравецкага выданню Financial Times выклікала немалы розгалас. Вось адна з самых яскравых цытат: «Што адбудзецца, калі Еўракамісія пачне Трэцюю сусветную вайну? Мы будзем абараняць нашы правы любой зброяй, што ёсць у нашым распараджэнні», – папярэдзіў польскі палітык. Наўрад ці ён меў на ўвазе вайну фізічную, і тым не менш.
Гэта адгалосак даўняй спрэчкі паміж Варшавай і Бруселем наконт таго, што важней: заканадаўства нацыянальнае або агульнаеўрапейскае? Іншымі словамі, краіна сама вырашае, па якіх законах ёй жыць, альбо вымушана падпарадкоўвацца правілам, прынятым у саюзе? Бо першае з другім не заўсёды супадае. У Польшчы ўпэўнены: ЕС перавышае свае паўнамоцтвы, і стаўку трэба рабіць на заканадаўства нацыянальнае.
Адзін з еўрадэпутатаў папярэдзіў ужо Варшаву: маўляў, калі саюз не падабаецца, можаце яго і пакінуць. Прэм'ер Маравецкі адказаў, што такіх планаў у Польшчы няма. Але з кожным днём усё больш экспертаў, палітолагаў, журналістаў прамаўляюць новае паняцце «Полэкзіт» – па аналогіі з «Брэкзітам», выхадам Вялікабрытаніі з ЕС. Пакуль толькі прамаўляюць, але ці не стане гэта прароцтвам, якое збудзецца само, калі пра яго пастаянна казаць? Ці можа Польшча пакінуць Еўрасаюз?
Іх узаемаадносіны з самага пачатку былі своеасаблівымі. Вельмі паказальны прыклад з нядаўняй гісторыі прывёў часопіс Figaro. Не прайшло і 15-ці дзён пасля далучэння Польшчы да ЕС, як Варшаве трэба было выбраць для сябе новы самалёт-знішчальнік. Было тры варыянты, прычым два з іх еўрапейскія – шведскі, французскі, амерыканскі. Можна доўга не гадаць, які выбрала Польшча – канечне ж, апошні. І гэта пры тым, што Еўрасаюз прадаставіў краіне амаль 300 мільярдаў долараў структурнай дапамогі і субсідый на сельскую гаспадарку. Толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу! Але ўсё адно: фаварытам афіцыйнай Варшавы была і застаецца Амерыка.
Зараз ЕС вуснамі французскіх улад пужае Польшчу: калі дыялог будзе безвыніковы, можаце атрымаць розныя санкцыі. Але ж які можа быць дыялог, калі табе прыставілі да скроні пісталет? (нагадаем, менавіта так успрымае сітуацыю польская ўлада). Ёсць яшчэ варыянт, які агучыў дзяржсакратар пры французскім Міністэрстве замежных спраў: ніхто нікога не прымушае ўступаць у ЕС! Можна з яго і выйсці.
Цікава, што такая жорсткая рыторыка – у афіцыйных улад Францыі. Затое іншыя французскія палітыкі кажуць інакш: гэта сам Брусель і разбурае Еўрасаюз. Так, шэсць з васьмі кандыдатаў у прэзідэнты Францыі (а ў краіне хутка выбары) фактычна падтрымалі нядаўняе рашэнне Канстытуцыйнага трыбунала Польшчы. Былы міністр працы Ксаўе Бертран увогуле прапанаваў увесці і ў французскую канстытуцыю механізм абароны інтарэсаў Францыі. Вось такое адзінства ў саюзе, што кожны яго ўдзельнік вымушаны задумацца пра абарону ўласных інтарэсаў!
Што да пазіцыі «ніхто вас не прымушае ўступаць у Еўрасаюз» – дык многія ўжо самі задумваюцца, а ці варта тое рабіць? Калі ўступлення можна чакаць дзесяцігоддзямі, а ў адказ чуць толькі абяцанкі-цацанкі. Як Турцыя. Яна чакае ўжо амаль 35 гадоў, і імпэт прыкметна знізіўся. Або як балканскія краіны. Больш за 10 гадоў мінула з таго часу, як Сербія і Чарнагорыя атрымалі афіцыйны статус «перамоўных бакоў». Па логіцы, далей павінна было быць уступленне ў ЕС. Але ўсё застаецца па-ранейшаму, і надзея на вачах ператвараецца ў скептыцызм.
Зрэшты, не ўсё па-ранейшаму. За гэты час Албанія, Чарнагорыя і Паўночная Македонія ўвайшлі ў склад блока НАТА. Некаторыя эксперты ўпэўнены, што гэта і ёсць разгадка: як толькі Захад замацоўваецца ў краінах у ваенным плане, ён адразу губляе цікавасць да інтэграцыі. Атрымалі, што хацелі, а далей можна яшчэ дзесяцігоддзямі весці розныя дыялогі і абяцаць нерэальнае. Канечне, пасля такога з вуснаў балканскіх лідараў гучыць непрыхаваная крыўда, але што гэта мяняе? Грамадскія настроі ў самых багатых краінах ЕС таксама не на іх карысць: не хапае нам яшчэ новых членаў прымаць, хаця б са сваімі праблемамі разабрацца!
І вось ужо балканскія дзяржавы задумваюцца пра больш цесны саюз паміж сабой. Дагавор «Адкрытыя Балканы» прадугледжвае свабодны рух людзей, тавараў і паслуг. Эканомія для кожнай краіны-удзельніцы – больш за 3 мільярды долараў штогод. Некаторыя ўжо адкрыта называюць праект заменай удзелу ў ЕС. І сапраўды, чаго чакаць жураўля ў небе, калі вось яна, сініца ў руках!
Французскі геапалітык Рэно Жырар звяртае ўвагу: Еўрасаюз – гэта эканамічная звышдзяржава, адзін з найбуйнейшых рынкаў у свеце. Але геапалітычнай дзяржавай ён так і не стаў. І не стане. Краіны-удзельніцы ЕС занадта розныя, і яны не адчуваюць сваю прыналежнасць да агульнага лёсу.
Глыбокія крызісы апошніх гадоў – праблемы з еўра 2010 года, міграцыйны крызіс 2015-га і крызіс Covid-19, – былі не пераадолены, а ў лепшым выпадку стабілізаваны. Дагэтуль адгукаецца «Брэкзіт». І пакуль ніхто не бярэцца прагназаваць: здолеюць краіны ЕС згуртавацца або праект «адзінай Еўропы» завяне на нашых вачах?
Пісьменніца Нара Босанг на старонках нямецкага выдання Tagesspiegel прывяла такі вобраз: «Хто сёння Еўропа – каралева сярод каралеў або адзінокая жанчына ў парванай сукенцы? Ясна адно: калі праект ЕС пацерпіць няўдачу, у Еўропы будзе мінулае, але не будзе будучыні. Правілы XXI стагоддзя будуць дыктаваць такія краіны, як Кітай, Расія, Індыя і ЗША».