Паразважаем пра сучасны абсурд, калі агрэсіўная незадаволеная меншасць спрабуе навязаць свае правілы абсалютнай большасці.
Летам мінулага года сусветна вядомая пісьменніца, «маці» Гары Потэра, Джоан Роўлінг трапіла ў непрыемную сітуацыю. Усяго адзін запіс у сацыяльнай сетцы Twitter – і яе жыццё ператварылася ў сапраўднае пекла, з пагрозамі і нянавісцю. Роўлінг пажартавала з адной фармуліроўкі ў інтэрнэце, дзе слова «жанчына» замянілі больш абцякальным паняццем. Паняцце звязана з фізіялогіяй («People who menstruate»).
Пасля гэтага запісу пачалося! Роўлінг сталі засыпаць абразамі і клясці апошнімі словамі трансгендары, «небінарныя» людзі і іншыя, хто вызначае сябе такімі паняццямі, пра якія вы раней, хутчэй за ўсё, ніколі не чулі (і дзякуй Богу!). Нават галівудскія зоркі экранізацый пра Гары Потэра публічна асудзілі пісьменніцу, а продажы яе твораў у ЗША рэзка знізіліся.
Пасля тых падзей у свеце зноў пачалі спрачацца пра такі феномен, як «культура адмены» (па-англійску «cancel culture»). Калі простымі словамі, гэта спроба «адмяніць», выкрасліць з грамадскага жыцця і інфармацыйнай прасторы тую ці іншую вядомую асобу за яе спрэчныя выказванні або дзеянні. Быў чалавек – і няма чалавека. Джоан Роўлінг на сёння – адна з самых вядомых ахвяр гэтай культуры адмены.
Адкуль пайшло такое дзіўнае паняцце? Ёсць версія: у 2014-ым удзельніца аднаго з амерыканскіх рэаліці-шоў падчас сваркі са сваім хлопцам кінула яму «Усё! Ты адменены!» Карыстальнікі інтэрнэту ахвотна падхапілі гэты выраз і сталі ўжываць яго ў адносінах да тых, хто дрэнна з імі абышоўся. Нічога не нагадвае?
Акцёры, спартсмены, палітыкі, блогеры — каго толькі не «адмянялі» з таго часу! Хтосьці стаў ахвярай проста за неасцярожны запіс у сацыяльнай сетцы. Наступствы таксама былі розныя — адным давялося піць валер'янку або антыдэпрэсанты, і на гэтым усё. Іншыя пазбавіліся кар'еры, грошай і павагі публікі.
Канечне, знакамітыя людзі заўсёды як пад мікраскопам. Даводзіцца дзесяць разоў падумаць, перш чым штосьці сказаць або зрабіць. Бо гэтыя выказванні могуць паўплываць на настроі ў грамадстве, на паводзіны многіх людзей. Аднак праблема культуры адмены ў тым, што «пакаранне» тут часта абсалютна не адпавядае «злачынству». Ярасць віртуальнага натоўпу не ведае ніякіх межаў. Людзей проста знішчаюць маральна!!!
Менавіта з развіццём сацыяльных сетак, іншых пляцовак інтэрнэт-актыўнасці культура адмены становіцца відам «віртуальнага тэрарызму»: або сядзі ціха, або кажы тое, што нам падабаецца, што лічыцца «правільным» у нашай інтэрнэт-тусоўцы. Інакш мы цябе адменім.
Хто быў нікім, у сетцы становіцца ўсім. Шэрая маса віртуальных карыстальнікаў, без асобы і твару (часам літаральна – у іх нават няма «аватаркі» для акаунта ў сацсетцы) вырашае, што добра, а што дрэнна, што можна казаць, а што не, каго падтрымліваць, а ад каго адмовіцца. Чым лепш гэта спрацоўвае, тым больш яны адчуваюць сваю сілу. А як жа – незаўважныя людзі ў рэальным жыцці, у інтэрнэце яны раптам становяцца «уплывовымі»!
У сваім нядаўнім маніфесце «Выкраданне Еўропы 2.0» вядомы расійскі рэжысёр Канстанцін Багамолаў так апісвае гэтых актыўных у сетцы грамадзян, спасылаючыся на вопыт ЗША і Еўропы: «Яны не носяць форму, у іх няма дубінак і шокераў, але ў іх ёсць гаджэты, абывацельская прага ўлады і схаваная страсць да насілля, а таксама стадны інстынкт… Сеткі далі гэтым новым насільнікам ананімнасць, бескантактнасць і – як следства – беспакаранасць. Віртуальны натоўп, віртуальнае лінчаванне, віртуальная траўля і рэальная псіхічная і грамадская ізаляцыя тых, хто ідзе не ў страі».
Як гэта працуе – на ўласным прыкладзе адчулі вядомыя беларускія акцёры, спевакі, спартсмены, журналісты, якія, уявіце толькі, наважыліся падтрымаць дзеючую ўладу!!! і выказваюць «не тое», «незмагарскае» меркаванне. А таксама фірмы і кампаніі, якія «не тых» падтрымалі фінансава, напрыклад, калі размяшчалі рэкламу. І атрымалі «паўстанне інтэрнэт-мас». Усё было па стандартах «культуры адмены»: калектыўныя скаргі на акаўнты чат-ботам, у выніку – блакіроўка, байкот праектаў або цэлых кампаній і брэндаў (з яркімі фотачкамі ў сацсетках) і гэтак далей.
Часам у гэтым раз'юшаным віртуальным натоўпе з жалем заўважаюцца рэальныя людзі, якіх мы з вамі можам ведаць асабіста. Напэўна, не разумеюць яны, што ў гэтым статку іх голас ужо не чуваць. І адценняў не заўважна – яны зліваюцца з агульным фонам бляяння.
Як гэта ўсё ўспрымаць? Некаторыя брэнды, кампаніі, асобныя людзі вельмі баяцца такога «грамадскага меркавання», бо гэта, маўляў, урон для іх іміджу. Удумайцеся, якое грамадскае меркаванне можа быць у інтэрнэце!? У эпоху інфармацыйных пузыроў, фэйкаў і ботаў няма ніякіх праблем стварыць «ілюзію меркавання псеўда-большасці». Умоўна, сотня падпісчыкаў у сацсетках крычыць дзікім крыкам: «Сорам! Ганьба! Як так можна?» І, на першы погляд, здаецца, што так думаюць ледзь не ўсе. Але за межамі гэтай групкі звар'яцелых падпісчыкаў – дзясяткі тысяч людзей з супрацьлеглым меркаваннем. Проста пра гэта невядома і пачуць іх немагчыма, бо яны маюць гонар маўчаць...
А што ж у выніку? Пішчанне крыклівай пратэстуючай меншасці пераважае над маўчаннем рэальнай большасці і дыктуе, як сябе паводзіць! Ды яшчэ заданні нейкія выдумвае, петыцыі розныя, пісьмы...
Ці не абсурдна?