Памятаю, як аднойчы, гадоў 10 таму, я разгаварыўся з калегай – спартыўнай журналісткай – пра асаблівасці біятлону. Як дастаткова далёкі ад спорту чалавек, я па наіўнасці выказаў здагадку: напэўна, проста патрэбная добрая фізічная падрыхтоўка? Хто найбольш спрытны і цягавіты, той і выйграе. Што тут мудрыць?
Калі б толькі гэта! – пачуў у адказ. А спецыяльныя змазкі для лыжаў, якія дапамагаюць рухацца хутчэй (прычым розныя змазкі для рознага снегу). А спецыяльныя прыборы – ледзь не цэлыя метэастанцыі! – якія да дробязяў аналізуюць стан надвор’я ў тым месцы, дзе праводзяцца спаборніцтвы: напрамак ветру, вільготнасць, атмасферны ціск. Прычым усе гэтыя параметры вывучаюцца ў дынаміцы, каб можна было скарэкціраваць падрыхтоўку, і дзеля гэтага ёсць спецыяльна навучаныя людзі.
І толькі пасля аналізу даных і прымянення розных тэхналогій канкрэтны спартсмен выходзіць на старт. А далей ужо – так, і “фізуха” мае значэнне, і спартыўны фарт, без якіх часам не бывае перамогі. Але толькі на адной гэтай базе поспеху ўжо не будзе. Бо таго спорту, што быў раней, калі спаборнічалі канкрэтныя людзі са сваімі фізічнымі здольнасцямі, – даўно няма.
Трэба сказаць, пасля той размовы з калегай я крыху па-іншаму пачаў глядзець на прафесійны спорт. А ўзгадаў яе чарговы раз у гэтыя дні, калі ў Катары праходзіць чэмпіянат свету па футболе. Колькі ж у гэтай даўняй гульні засталося чыстага спорту, а колькі найноўшых тэхналогій?
Як піша аўтарытэтны часопіс Nature, "вялікія даныя" (Big Data) паўсюдна праніклі і ў сучасны футбол. Фіксацыя рухаў, прагнозы і штучны інтэлект – лічбавізацыя адкрывае новую эпоху ў футболе. Аналіз даных ужо задзейнічаны ва ўсім: ад трансфераў і інтэнсіўнасці трэніровак да спосабаў барацьбы з сапернікамі і рэкамендацый, куды лепш адправіць пас з любой асобна ўзятай кропкі футбольнага поля.
Вывучэнне даных, звязаных з футбалістамі, па сваёй скурпулёзнасці больш нагадвае падрыхтоўку ў касманаўты, – піша выданне. Разнастайнае адзенне і іншыя прылады фіксуюць рух, адсочваюць пазіцыю з дапамогай GPS і падлічваюць колькасць удараў з кожнай нагі спартсмена. Мноства камер з самых розных кропак адразу "бачаць" усё на полі, тысячы дробных момантаў — аж да таго, колькі часу канкрэтны ігрок утрымлівае мяч.
Каб атрымаць выгаду з гэтай інфармацыі, большасць клубаў высокага класа наймаюць аналітыкаў даных, у тым ліку матэматыкаў, спецыялістаў па статыстыцы і фізікаў. Часам іх пераманьваюць з такіх буйных кампаній і лабараторый, як "Майкрасофт" або ЦЕРН (Еўрапейская арганізацыя па ядзерных даследаваннях). Высновы аналітыкаў мяняюць гульню, а лічбавая інфармацыя ўсё часцей замяняе інтуіцыю трэнераў. "Вялікія даныя паклалі пачатак новай эпохі ў футболе, – гаворыць у артыкуле адзін са спецыялістаў з вышэйшай школы фізкультуры і спорту ў Кёльне. – Яны змянілі філасофію і паводзіны каманд, працэс вывучэння праціўніка і спосабы раскрыцця талентаў ігракоў".
Больш за тое: і вынікі спаборніцтваў сёння ўсё часцей прадказваюць з дапамогай матэматычных мадэляў. Аўтары адной з такіх, распрацаванай у Оксфардзе, напрыклад, дакладна прадказалі перамогу Італіі над Англіяй на чэмпіянаце Еўропы 2020 года. Яны сцвярджаюць: няма нічога незвычайнага, прадказанні на аснове статыстыкі куды больш дакладныя, чым многія думаюць. У катарскім чэмпіянаце, дарэчы, яны прадказваюць перамогу зборнай Бразіліі або Бельгіі.
Трэба сказаць, футбольныя аналітыкі збіраюць такія даныя ўжо не першае дзесяцігоддзе. Развіццё тэхналогій толькі нашмат спрасціла гэты працэс. Прычым клубам не трэба самім здабываць інфармацыю, за іх гэта зробяць спецыяльныя камерцыйныя кампаніі. Не трэба самім і аналізаваць – тэхналогіі на аснове штучнага інтэлекту зробяць гэта больш эфектыўна. Аптымісты прадказваюць хуткае з’яўленне віртуальных асістэнтаў трэнера на аснове штучнага інтэлекту, якія будуць у рэальным часе “падказваць” рашэнні па ходзе матчу.
Тым не менш, спецыялісты дагэтуль спрачаюцца: якая рэальная роля “вялікіх даных” у спартыўным поспеху ў цэлым? Бо дагэтуль няма нейкага кантрольнага эксперыменту, каб праверыць эфектыўнасць метадаў. Больш за тое, як кажуць эксперты, футбол – гульня з высокай варыятыўнасцю. Здараецца, што каманды прайграюць або выйграюць, хоць па ўсіх раскладах не павінны былі. Або камп’ютарная мадэль можа паказаць, што ігрок паступіў няправільна, таму што ў пэўнай кропцы поля ён павінен быў пачаць бегчы. Але спартсмен мог проста спатыкнуцца і ляжаць на газоне.
Сучасны футбол літаральна патанае ў масіве даных. Некаторыя з іх ужо змянілі гульню. Напрыклад, адна з дакладных высноў пасля аналізу тысяч матчаў: не трэба біць па варотах здалёк, шанцы забіць – усяго каля 2%. Але ж пагадзіцеся: менавіта такія прыгожыя і часам фантастычныя галы і ўваходзяць у гісторыю футбола. Менавіта іх раз за разам пераглядаюць у Ютубе. Бо ёсць адчуванне сапраўднага, не пралічанага загадзя, таго, за што многія і фанацеюць па футболе (і па іншых відах спорту таксама).
Аналітыка даных паўсюдна пранікла ў спорт, зваротнай дарогі ўжо няма, — прагназуюць у часопісе Nature спецыялісты. Але ці не атрымаецца, што разам з гэтым спорт пакіне жыццё, тое самае адчуванне сапраўднасці? Бо калі ўсё будзе загадзя матэматычна выверана, стане проста сумна за гэтым назіраць. Можа, тады лепш адразу замяніць ігракоў на робатаў?