Падзяліцца:
«Розгалас. Галодныя гульні». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.07.2022
«Розгалас. Галодныя гульні». Радыёблог Максіма Угляніцы

Мой дзядуля часта прыгадваў сваю пасляваенную маладосць. Тады, у канцы 1940-х, ён вучыўся ў політэхнічным інстытуце ў Ленінградзе. Толькі завяршылася страшная вайна, і часы былі складаныя. Але калі для майго пакалення гэта ўжо быў проста літаратурны выраз, то для яго “складаныя часы” мелі абсалютна канкрэтную прыкмету – пастаянны голад.

Ён так расказваў: атрымаеш кавалак хлеба, прынясеш яго ў інтэрнат і далей дылема, што рабіць. Можна з’есці ўсё адразу – і потым тры-чатыры, можа, і больш дзён хадзіць галодным. А можна разрэзаць на невялічкія лусты і есці некалькі дзён.

На жаль, не памятаю падрабязнасцей – колькі грамаў хлебу на колькі дзён давалі. Аднак, па расказах дзядулі, амаль усе яго сакурснікі і ён сам выбіралі першы варыянт. Бо проста немагчыма было спыніцца і адкласці на заўтра, настолькі хацелася есці тут і зараз. Праглынеш гэты хлеб, а потым застаецца толькі легчы на канапу тварам да сцяны і так ляжаць. Бо ні да чаго іншага інтарэсу ўжо не было, голад забіваў усе іншыя жаданні. Адна толькі думка ў галаве: калі наступным разам атрымаецца з’есці кавалак. Якая ўжо там вучоба! Зраэшты, было гэта на першых курсах, пасля пакрысе сітуацыя пачала паляпшацца.

Не дзіўна, што пасля такіх выпрабаванняў у яго на ўсё жыццё застаўся культ ежы. А ягоная жонка, мая бабуля, любіла перапытаць за сталом: “Ну як ты, паеў?”. На што я (вельмі ўжо хацелася паказацца разумным!) адказваў: “Канечне, паеў – ты ж сама бачыла!”. Тады бабуля ўдакладняла: “Наеўся?”.

Думаю, што памяць пра галодныя часы не адпускала і праз шмат дзесяцігоддзяў. Але дакладна не ведаю, бо ніколі іх пра гэта падрабязна не распытваў. Проста таму, што ўвогуле не было ў мяне такога паняцця – як гэта ежы можа не быць?! Заўсёды ж штосьці знойдзецца ў халадзільніку! На шчасце, для нас такія расказы былі ўжо не рэальнасцю, а нейкімі карцінкамі з кніжак або фільмаў. На сваёй скуры (а дакладней – сваім страўнікам) мы голаду не адчувалі.

І вось на двары 21-е стагоддзе, але праблема нікуды не дзелася. Летась у свеце галадала больш за 800 мільёнаў чалавек (лічба ААН). Прычым з пачаткам пандэміі армія галадаючых толькі вырасла. Сёння, калі акругліць, практычна кожны дзясяты жыхар Зямлі пастаянна недаядае. А калі ўвесці такі крытэрый, як “умераная форма адсутнасці харчовай бяспекі”, то паказчыкі рэзка змяняюцца – і тут ужо размова ідзе амаль пра кожнага трэцяга жыхара нашай планеты. У ААН ёсць мэта, што называецца “Нулявы годад”, але ў самой арганізацыі прызнаюць: пакуль пра такое можна і не марыць, усё дрэнна.


Не дзіўна, што харчаванне сёння фактычна становіцца зброяй і элементам вялікай палітыкі. Прыгадаць толькі апошнія цяжкасці з вывазам украінскага збожжа. Але гэта яшчэ не самая вялікая праблема. Санкцыі ў адносінах да ўгнаенняў, нафтапрадуктаў, перарваныя лагістычныя ланцужкі – усё гэта і іншае можа абрушыць рынкі харчавання. Беларусь пра гэта папярэджвала шмат месяцаў таму. Тады, калі на Захадзе толькі пачыналі разважаць пра абмежаванні да нашых калійных угнаенняў, напрыклад.

І вось напярэдадні ў інтэрв’ю выданню Spiegel выканаўчы дырэктар аднаго з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў – нарвежскай кампаніі Yara – гучна заявіў: свету пагражае "ураган голаду". Ён адзначыў: “мы знаходзімся ў вострым харчовым крызісе, падобных якому даўно не было. Асабліва ў некаторых частках Афрыкі ёсць бацькі, якія не могуць пракарміць сваіх дзяцей".

Якая ж адна з прычын? Санкцыі, у тым ліку супраць беларускіх вытворцаў. Кіраўнік Yara заўважыў: цэны на ўгнаенні рэзка выраслі і, верагодна, будуць расці далей, а на сусветным рынку іх не хапае. Расія і Беларусь – адны з найбуйнейшых вытворцаў азотных і калійных угнаенняў. І заходнія санкцыі супраць гэтых дзяржаў прыводзяць да таго, што на сусветны рынак паступіць мала угнаенняў, - робіць выснову кіраўнік нарвежскай кампаніі.

Ён жа робіць акцэнт яшчэ і на тым, што гэты харчовы крызіс не проста праблема трэцяга свету. Гэта ўплывае на ўсіх нас. Прадукты ў Еўропе таксама сталі вельмі дарагімі. Свет без харчовай бяспекі – гэта нестабільны свет. Тут, канечне, не паспрачаешся!

Беларусь даўно гарантуе ўласную харчовую бяспеку, будзе рабіць гэта і далей, - запэўніваюць улады. Профільныя спецыялісты кажуць, што распрацавалі сістэму стабілізацыйных фондаў і вызначылі аб'ёмы прадукцыі, якія неабходна будзе закласці. Тое, што на паліцах магазінаў можа не аказацца некаторых імпартных тавараў, таксама не бяда. Многае наша краіна здольная рабіць сама і замясціць імпарт. Пад увагай не толькі напоўненасць паліц, але і цэны. Улады выпрацавалі спецыяльную праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн і кантролю за імі.

Карацей, Беларусь галодныя гульні заходніх палітыкаў, на шчасце, абмінулі – яшчэ і таму, што паклапаціліся ў нас пра харчовую бяспеку загадзя, не сёння і не ўчора. Будзем спадзявацца, што голад так і застанецца для нас абстрактным паняццем з расказаў нашых продкаў. І ўсё радзей будзе гучаць вядомая народная прымаўка (а ў поўным варыянце яе ведаюць не ўсе): “Голад не цётка, піражкі не падсуне”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: