Вялікі розгалас у суседняй Літве атрымаў нядаўні артыкул выдання The Wall Street Journal. Журналістка амерыканскай газеты Сільвія Фоці піша: з самага дзяцінства яна ганарылася сваім літоўскім дзедам, героем вайны Ёнасам Нарэйкам. Праўда, «геройства» яго ў вачах жанчыны было ў тым, што ён «ваяваў супраць камуністаў». У гонар Нарэйкі ў Літве названы школа і вуліцы.
Журналістка вырашыла выканаць абяцанне, дадзенае маці: напісаць пра такога вядомага продка. Стала збіраць пра яго інфармацыю і раптам з жахам зразумела: яе дзед мае дачыненне да арганізацыі Халакосту ў Літве, які забраў жыцці соцень тысяч чалавек. У жніўні 1941-га Йонас Нарэйка падпісаў распараджэнне аб адпраўцы тысяч яўрэяў у гета ў Жагар, дзе пазней яны былі забітыя.
У выніку Сільвія выпусціла кнігу, якая выклікала рэзкую незадаволенасць афіцыйнага Вільнюса. Бо Літва ўпарта адмаўляе дачыненне да Халакосту. Больш за тое, некаторыя знаёмыя і сваякі журналісткі назвалі яе здрадніцай. Затое падтрымалі яўрэі – аўтар прызнаецца, што яны не маглі ў гэта паверыць: літоўка прызнала праўду! І так, яна разумее: кніга – гэта іміджавы ўдар па Літве, але, маўляў, «лепш за ўсё глядзець гісторыі прама ў вочы».
Праўда, наконт глядзець прама ў вочы лепш бы Сільвія не пісала – бо яна сама аказалася няздольнай зрабіць гэта ў кантактах са сваімі калегамі. Амерыканская журналістка наадрэз адмовілася расказаць пра абставіны сямейнай гісторыі шматлікім расійскім СМІ, якія звярталіся з такой просьбай. Матывіроўка: каб «рускія» не выкарысталі яе ў сваіх інтарэсах. Цікава, а што тут можна выкарыстаць? Гістарычныя факты? Праўду? І няўжо не зразумела, чаму для Расіі надзвычай важная тэма Вялікай Айчыннай вайны? З улікам таго, як актыўна сёння спрабуюць перапісаць вынікі той вайны, паменшыць ролю савецкага народа ў перамозе. Часам здаецца, што найбольш актыўныя тут краіны, якім самім лепш бы каяцца і каяцца – за тое, што зрабілі.
Дарэчы, Сільвія Фоці далёка не першая, хто крануў небяспечную тэму і за гэта атрымаў па поўнай. Пяць гадоў таму літоўская пісьменніца, журналістка, тэатральны крытык Рута Ванагайтэ выпусціла ў свет кнігу пад назвай «Свае». Гэта аповед пра тое, як 5 тысяч літоўцаў падчас вайны расстралялі 200 тысяч літоўскіх яўрэяў. Не дзіўна, што кніга выклікала скандал (і паралельна стала бестселерам). Аўтара імгненна абвінавацілі ў тым, што яна – тайны агент Крамля. Як і ў выпадку з амерыканскай журналісткай, ад Ванагайтэ адвярнуліся некаторыя родныя і сябры. У выніку яна пакінула краіну і перавыдала сваю кнігу ў Расіі.
Невыпадковая назва – «Свае». Гэта пра тое, як адна частка насельніцтва Літвы свядома забівала другую частку. Знішчалі не «яны», а «свае». Ванагайтэ настойвае: у мясцовым Халакосце прымалі ўдзел найперш літоўцы, а не немцы і «групка мясцовых вырадкаў», як тое часам спрабуюць прадставіць. Аўтар казала, што ўзялася за кнігу, калі зразумела: большасць літоўцаў не ведае пра тыя падзеі. Або не хочуць ведаць. І гэта пры тым, што ў невялікай краіне – больш за 220 месцаў расстрэлу яўрэяў, і кожны літовец можа літаральна за паўгадзіны даехаць да такога страшнага месца.
У кнізе пісьменніца звяртае ўвагу: з тымі, хто прымаў удзел у канваіраванні, ахове і непасрэдна забойствах усё зразумела. Але ж пасля кожнага расстрэлу ў літоўскіх гарадках праходзілі аукцыёны маёмасці забітых. Як быць з тымі людзьмі, якія ехалі на гэтыя аукцыёны, каб набыць сабе тую ці іншую рэч або нерухомую маёмасць? Ці можна лічыць іх таксама часткай жудаснага працэсу?
Аднак, знішчалі літоўцы не толькі «сваіх». Сляды іх злачынстваў засталіся і на тэрыторыі Беларусі. Адзін з самых вядомых прыкладаў – літоўскі ваенны Антанас Імпулявічус па мянушцы «мінскі мяснік». Падчас Вялікай Айчыннай ён камандаваў 2-ім паліцэйскім батальёнам, які сумна праславіўся карнымі аперацыямі супраць яўрэяў, беларусаў, рускіх і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей на беларускіх землях. Камбат Імпулявічус асабіста адобрыў расстрэл больш чым 46-ці тысяч чалавек.
Ён быў адным з тых, хто ўдзельнічаў у паказальным пакаранні смерцю ўдзельнікаў мінскага падполля 26 кастрычніка 1941 года. 17-цігадовую Машу Брускіну разам з яе двума таварышамі павесілі на арцы варот дражджавога завода ў Мінску, на цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай. Гэта зусім непадалёк ад тусовачнага цэнтра, дзе любяць збірацца мінчане і госці нашага горада. Думаю, многім з іх было б карысна часам прайсці ўсяго некалькі соцень метраў, знайсці адпаведны памятны знак і хаця б на імгненне ўсвядоміць, якія страшныя падзеі адбываліся ў гэтым месцы – там, дзе сёння іграе музыка і прадаюць смачную ежу.
80 гадоў таму працэс пакарання ля дражджавога завода літоўцы здымалі на фотастужку. Цудам, дзякуючы аднаму з мінчан – работнікаў фотамайстэрні – гэты здымак захаваўся. Пасля ён, сярод іншых дакументаў, быў прадэманстраваны на Нюрнбергскім працэсе, як доказ злачынстваў нацыстаў і іх памагатых. Фота ўвайшло ў многія кнігі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Аднак у цэлым у гэтай гісторыі рана ставіць кропку. Нядаўна Генпракуратура Беларусі адправіла ў Літву запыт адносна былога прэзідэнта краіны Валдаса Адамкуса. У следства ёсць інфармацыя, што той служыў у батальёне «мінскага мясніка». Зараз спецыялісты збіраюць дадатковую інфармацыю па фактах генацыду мірных жыхароў, якім займаўся 2-гі літоўскі батальён на тэрыторыі БССР.
Наўрад ці можна чакаць канструктыўнага дыялогу па гэтай тэме ад цяперашняга літоўскага кіраўніцтва. Увогуле, як бачна на прыкладзе амерыканскай і літоўскай журналістак, у Вільнюсе вельмі нервова ўспрымаюць напаміны пра злачынствы часоў вайны. Але, як бы ні было непрыемна, афіцыйнаму Вільнюсу давядзецца паглядзець гістарычнай праўдзе ў вочы.
