Вялікая Айчынная вайна для большасці беларусаў – балючая тэма. Колькі б дзесяцігоддзяў пасля яе ні мінула, тэма гэтая не закрыта. І наўрад ці яе можна закрыць. Затое можна паспрабаваць «размыць», асабліва ў свядомасці маладых людзей. Для іх ваеннае ліхалецце – падзеі сівой даўніны. Менавіта яны – першачарговая цэль тых, хто спрабуе фальсіфікаваць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
Таму так важна зноў і зноў вяртацца да тых гераічных падзей. Нагадваць, расказваць, дапаўняць, калі трэба, то і захапляць асобнымі героямі і адметнымі подзвігамі. Тым больш, калі для гэтага ёсць нагоды. Як сёння.
3-га жніўня лічыцца днём пачатку партызанскай аперацыі, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Рэйкавая вайна». Яна стала па-сапраўднаму легендарнай. Аперацыя праходзіла ў тры этапы. Першы пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 года і быў спецыяльна прымеркаваны да контрнаступлення савецкіх войскаў на Курскай дузе. Другі этап пад умоўнай назвай «Канцэрт» праводзіўся з верасня да пачатку лістапада і быў запланаваны, каб падтрымаць Чырвоную Армію ў бітве за Днепр. Нарэшце трэці этап аперацыі пачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944-га напярэдадні Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён». Партызаны падарвалі больш за 60 тысяч рэек, знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі.
Рост дыверсій на чыгуначных магістралях аказаў значнае ўражанне на праціўніка. Герой Савецкага Саюза, адзін з кіраўнікоў беларускага партызанскага руху Кірыл Арлоўскі у сваіх успамінах адзначаў: «Гэты метад, гэтая тактыка, гэтая «рэйкавая вайна» уздзейнічалі на гітлераўскіх акупантаў ашаламляльна, таму што ў адну ноч на тэрыторыі Беларусі былі ўзарваны дзясяткі тысяч чыгуначных рэек...».
Напярэдадні «рэйкавай вайны» для навучання партызанаў падрыўной справе ў злучэнні былі накіраваны інструктары-мінёры. Для забеспячэння аперацыі авіяцыя даставіла партызанам неабходныя выбуховыя сродкі. Яны прыгадвалі пазней, што мелі ў распараджэнні міны з прыстасаваннем для мацавання да рэек, што зрабіла бяспечнымі падрыўныя работы.
Дарэчы, паказальны факт: нараўне з юнакамі сваім жыццём тады рызыкавалі і дзяўчаты. Для іх правядзенне дыверсій на чыгунцы было няпростай справай, бо неабходна было справіцца з эмоцыямі і пераадолець страх. Падрыўнік партызанскага атрада імя Кірава Тамара Пачакаева, якая пусціла пад адхон 10 варожых эшалонаў, успамінала: «Першы раз пайшла на выкананне баявога задання ў красавіку. Вядома, было страшна, але не спужалася, хутка паставіла міну і адышла ў лес. Сядзім і чакаем, а сэрцы калоцяцца. Я гавару сабе, што ўсё роўна дачакаемся, перавернем нямецкую гадзіну».
У «рэйкавай вайны» на тэрыторыі Беларусі шмат сваіх герояў. Пра аднаго з іх апавядае інтэрнэт-партал partizany.by Легендарны камбрыг Сямён Кароткін вёў «рэйкавую вайну» на Віцебшчыне. Аднак яго асоба праявілася не толькі ў гэтых гераічных падзеях. Толькі ўдумайцеся: гэтаму чалавеку ўдалося стварыць буйное ўзброенае фарміраванне ўсяго за дзесяць дзён! Група з 19 чалавек, якія прыбылі ў Шумілінскі раён на чале з ім, разраслася да магутнай партызанскай брыгады. Да канца 1942 года ў брыгадзе было ўжо больш за 2000 партызанаў.
Сам Сямён Кароткін тлумачыў гэта тым, што мясцовае насельніцтва было гатовае да барацьбы з акупантамі. Але нельга скідаць з рахунку і асобу гэтага чалавека. Кароткіна ведалі літаральна ў кожнай вёсцы яшчэ з даваеннага часу, ведалі як чалавека адкрытага, які ўмее даць слушную параду, а калі спатрэбіцца, і аказаць дапамогу. Яму верылі. Таму яго партызанская група хутка папаўнялася мясцовымі жыхарамі.
Заслуга Сямёна Кароткіна ў тым, што ён першым распрацаваў план «рэйкавай вайны» без выкарыстання выбухоўкі. У самым канцы жніўня 1942-га года да ўчастку чыгункі Полацк-Віцебск падышла амаль уся Сіроцінская партызанская брыгада. У выніку супердыверсіі было разбурана 5,5 км двухкалейнага пуці, у чатырох месцах перакапаны насып, знішчана 5 км тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі, спаленыя слупы, узарваныя дзве вадасцёкавыя трубы.
Дзякуючы такой маштабнай аперацыі рух нямецкіх цягнікоў прыпыніўся на цэлы тыдзень. За новую ідэю «рэйкавай вайны» камбрыг быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Прыклад барацьбы з захопнікамі без выкарыстання ўзрыўчаткі пазней паўтарылі і іншыя партызанскія фарміраванні. У выніку бурнай дзейнасці падпольшчыкаў амаль уся тэрыторыя раёна хутка была ачышчана ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
На жаль, да Перамогі Сямён Кароткін не дажыў. Восенню 1942-га пры пералёце праз лінію фронту нямецкай зеніткай быў збіты савецкі самалёт, які вяртаўся ў Маскву пасля дастаўкі грузу беларускім партызанам. У самалёце знаходзіўся і Сямён Кароткін. Сын легендарнага камбрыга пазней прызнаўся, што сям'я так і не ведае, дзе ён пахаваны. Аднак уклад гэтага чалавека ў гісторыю Перамогі неацэнны. У гонар яго назвалі цэнтральную вуліцу ў Шуміліне і мемарыял у вёсцы Добрына.
Многія беларускія партызаны, якія вызначыліся падчас правядзення «рэйкавай вайны», узнагароджаны ордэнамі і медалямі. А сапраўдныя майстры падрыўной справы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, кожны з іх знішчыў дзясяткі варожых эшалонаў. Сярод іх – А.Лукашэвіч, Ф.Котчанка, Ф.Малышаў, У.Парахневіч, Ф.Кухараў, Р.Такуеў. Важна памятаць, што рукамі такіх адважных людзей і здабывалася агульная Перамога.