Падзяліцца:
«Розгалас. Горы, соль і шахцёры: Салігорску споўнілася 63 гады!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.08.2021
«Розгалас. Горы, соль і шахцёры: Салігорску споўнілася 63 гады!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Гэты беларускі горад не зблытаеш ні з якім іншым. Горад абсалютна не тутэйшых пейзажаў. Горад з крыху салёным паветрам. Зрэшты, апошняе – гэта ўжо хутчэй паэтычны вобраз. Я маю на ўвазе Салігорск з яго фантастычнымі гарамі і соллю, якая ў прамым сэнсе слова корміць жыхароў многіх краін.

У гэты дзень, 10-га жніўня, толькі 63 гады таму, на калгасным полі паблізу ад вёскі Чыжэвічы адбылася знакавая падзея. Быў закладзены камень новага населенага пункта. Праўда, называўся ён тады Нова-Старобінск, і разлічвалі, што жыць там будзе тысяч 13-14 чалавек. Праз год пасля заснавання горад перайменавалі ў Салігорск, а жыхароў там сёння – больш за 106 тысяч!

Мы гаворым Салігорск – а маем на ўвазе «Беларуськалій». І наўрад ці магчыма інакш, бо самога гораду не было б, калі б савецкія геолагі ў канцы 1940-х гадоў не знайшлі на гэтай тэрыторыі буйныя запасы калійнай солі. Настолькі буйныя, што з часам беларускае калійнае прадпрыемства стала адным з асноўных вытворцаў адпаведных угнаенняў у свеце. Тады было вырашана ўзвесці горад шахцёраў паблізу ад самога радовішча. Салігорск імкліва рос: ужо ў 1963-ім з рабочага пасёлка ён ператварыўся ў горад. Кажуць, у тыя часы сярэдні ўзрост яго жыхароў складаў 26 гадоў.

Складаныя часы насталі ў горадзе ў самым пачатку 1990-х. З распадам Савецкага Саюза салігорскія шахцёры фактычна засталіся без падтрымкі дзяржавы. Упалі аб'ёмы вытворчасці калію, скараціўся збыт, затрымкі зарплат і забастоўкі сталі амаль што звычайнай з'явай. У часы кіравання Шушкевіча здарыліся і першыя шахцёрскія пратэсты. Гарнякі «пешшу па бездарожжы крочылі на сталіцу», грукалі тут у пустыя каструлі. А забастоўка 1992-га года доўжылася ажно 44 дні.

Прычым справа была не толькі ў агульным бязладдзі пасля развалу вялізнай краіны і разрыву наладжаных гандлёвых сувязяў (бо гучна баставалі і расійскія, і ўкраінскія шахцёры таксама). Справа была яшчэ ў тым, што салігорскае прадпрыемства на той час фактычна было падзелена на сферы ўплыву. Розныя групы мелі сваю долю і гандлявалі на міжнародных рынках. Але тым самым яны канкурыравалі адно з адным, дзеля чаго даводзілася самім збіваць цэны на ўгнаенні. Прадпрыемства недаатрымлівала прыбытак.

З такім багажом праблем давялося мець справу першаму Прэзідэнту Беларусі. Тады Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне, якога прытрымліваўся і ўсе наступныя гады. «Беларуськалій» застаецца дзяржаўным прадпрыемствам, а ўся яго прадукцыя прадаецца па адным канале. Часам называліся сумы, за якія быццам бы можна было прыватызаваць «Беларуськалій». Але ў мінулым годзе – падчас чарговай паездкі ў Салігорск, – кіраўнік дзяржавы прызнаўся: ён спецыяльна агучваў гранічна высокую цану, якую ніхто не мог бы прапанаваць. Бо навошта прадаваць прадпрыемства, якое эфектыўна працуе!

Дарэчы, у тым жа, 2020-ым, знайшліся людзі, якія паспрабавалі згуляць у гульню «назад у мінулае» – нагадаць аб шахцёрскіх забастоўках пачатку 1990-ых гадоў. Мэтанакіраванае ўздзеянне аказвалі менавіта на беларускіх гарнякоў, падбухторвалі іх спыніць працу. Не дзіўна, што разлік не апраўдаўся і гульня правалілася. Пратэсты пачатку 1990-ых былі чыста эканамічнымі – людзі патрабавалі для сябе годных умоў працы і высокіх заробкаў, якіх тады не было. Сёння яны гэта маюць. Дык за што тады баставаць, за палітыку? Сапраўдныя шахцёры не наіўныя хлопчыкі.

У выніку работнікі без эмоцый узважылі: што яны рэальна маюць і што могуць страціць, калі пойдуць за тымі, хто заве гуляць у палітычныя гульні. А ўзважыўшы, прынялі лагічнае рашэнне: працягваць працаваць.

Ды і параўнаць было з чым. Так склалася, што ў мінулым 2020-ым баставалі ўкраінскія шахцёры. Але там якраз – чыста эканамічныя прычыны: яны запісвалі відэа з глыбіні 1200 метраў і патрабавалі выплаціць ім зарплаты. Вось так! Здаецца, і не было апошніх 30 гадоў, нічога не змянілася. Здаецца, само жыццё часам падказвае: калі выбраць не тыя перамены і не тых рэфарматараў, можна вярнуцца ў 1990-ыя. Галоўнае – заўважаць такія падказкі і рабіць правільныя высновы.

У тым, што работа ў шахце – справа для сапраўдных мужчын, – я ўпэўніўся асабіста, калі двойчы спускаўся ў забой, на 800 метраў пад зямлю. Лічу гэта сваёй журналісцкай удачай.

Лава, у якой ідзе здабыча калію, часам ледзь не на каленях – бо ў некаторых месцах стаяць у поўны рост шахцёру проста немагчыма. Дарога да працоўнага месца – некалькі дзясяткаў хвілін у жалезным вагончыку, які ювелірна едзе па вузкім цёмным тунэлі (ювелірна – гэта калі па баках і над галавой не больш за 80 сантыметраў свабоднай прасторы, а хуткасць руху вялікая). І сонца, якому многія радуюцца, як дзеці, бо праводзяць амаль увесь працоўны дзень пад зямлёй у цемры. Вось калі гэта ўсё ўбачыш і адчуеш на сабе, няхай і на кароткі прамежак часу, тады цудоўна разумееш: гэтыя рабочыя не дарма ядуць свой хлеб і зарплаты адпрацоўваюць на 100%.

За апошнія дзесяцігоддзі шмат зроблена для развіцця «Беларуськалію», у тым ліку ў плане ўкаранення тэхналогій і абсталявання. Развіваецца і сам горад шахцёраў, Салігорск, якому сёння 63 гады. Калі ні разу не бывалі ў ім, не бачылі яго незвычайных гор, – абавязкова пабывайце!


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: