Падзяліцца:
«Розгалас. Гуд бай, свабода слова!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.01.2021
«Розгалас. Гуд бай, свабода слова!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«Міласцю Божай у нашай краіне мы маем тры каштоўныя рэчы: свабоду слова, свабоду сумлення і разважлівасць ніколі не карыстацца ні тым, ні другім». Словы амерыканскага пісьменніка Марка Твена, сказаныя яшчэ ў канцы XIX стагоддзя, як ніколі актуальныя. Прыгадаў іх, калі чытаў навіны апошніх дзён і тыдняў.

Так, пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый напярэдадні прайшла нефармальная анлайн-сустрэча, дзе абмеркавалі работу беларускіх медыя. Усё б нічога, калі б не шэраг нюансаў. Некаторыя спікеры гэтай сустрэчы не маюць увогуле ніякіх адносін да журналістыкі. І што яшчэ больш дзіўна, на яе не запрасілі ні старшыню Беларускага саюза журналістаў, ні ўпаўнаважанага па правах журналістаў, ні іншых звязаных са СМІ публічных асоб Беларусі.

Ну, логіка арганізатараў зразумелая. Калі б гэтых людзей паклікалі, то давялося б слухаць альтэрнатыўныя меркаванні, уступаць у дыскусіі. А так усё прайшло па сцэнарыі, ціха і гладка. І толькі беларускія дыпламаты справядліва заўважылі: хіба ж гэта свабода слова? Хіба так выглядае інклюзіўны дыялог? Менш за ўсё нам зараз патрэбныя лекцыі ад тых, хто сам далёкі ад выканання адпаведных стандартаў (калі яны ўвогуле ёсць).

Зразумейце правільна: менш за ўсё хочацца адказваць у духу «сам дурань!». Але, на мой погляд, натуральна патрабаваць: калі чакаеце чагосьці ад нас, адпавядайце самі сваім жа чаканням. Калі хтосьці жадае, каб вы, напрыклад, былі ветлівымі, то найперш прыклад ветлівасці павінен паказаць ён сам. Інакш якое права патрабаваць? Але гэта ў тэорыі, а ў жыцці часта інакш. Самыя вялікія лібералы раптам могуць стаць аматарамі жорсткіх абмежаванняў, калі справа датычыцца іх.

Тое, што ў ЗША са свабодай слова ўсё тухла, было зразумела і раней. Паглядзіце і пачытайце, што пра гэта гаворыць, напрыклад, расійскі тэлежурналіст Уладзімір Познер (а ўжо ён цудоўна ведае «кухню» амерыканскай журналістыкі). Любімая гісторыя – за што яго ў свой час звольнілі з тэлеканала CNBC. Прэзідэнт тэлеканала Роджэр Эйлс запатрабаваў узгадняць усе тэмы эфіру і ўсіх выступаючых. А калі Познер разам з калегам Донах'ю спытаў «Як жа свабода слова? Хіба гэта не цэнзура?», Эйлс адказаў: яму да аднаго месца, як гэта называюць, а свабода слова – гэта там, на вуліцы, а не тут, у тэлевізійнай студыі. Адну з самых папулярных на той час перадач на амерыканскім тэлебачанні ціха закрылі, і нават Міністэрства замежных спраў Эстоніі не выступіла з нотай пратэсту. Канечне, варта было б «запомніць гэты твіт», як зараз кажуць у інтэрнэтах. Свабода слова – гэта на вуліцы…

З таго часу прайшлі дзесяцігоддзі, і падобныя гісторыі здараліся не раз. Але апошнім часам, здаецца, са свабодай выказванняў стала зусім складана. Нядаўняя гісторыя – адразу некалькі сацыяльных сетак (на чале з Твітэрам) вырашылі віртуальна «заткнуць рот» прэзідэнту ЗША. На той час яшчэ дзеючаму. Дональду Трампу проста заблакіравалі акаунты з мільёнамі падпісчыкаў. Свабода слова? – Не, не чулі!

Задумайцеся на хвілінку: размова нават не пра тое, што гэта быў дзеючы кіраўнік дзяржавы. Гэта палітык, за якога аддалі галасы больш за 70 мільёнаў жыхароў краіны. Відавочна, ім цікава было б ведаць меркаванне свайго лідара па самых розных тэмах. Але кіраўнікі сацсетак – маладыя, прагрэсіўныя, ліберальныя людзі – вырашылі за іх. Метад выбралі, праўда, нейкі не прагрэсіўны – тупа вырубілі і ўсё. Хочаце альтэрнатыўных меркаванняў? Не будзе вам ніякіх альтэрнатыўных меркаванняў! Чытайце тое, што мы вам дазволілі, і забудзьце пра сваю свабоду слова.

Сярод тых, хто заступіўся за Трампа, былі і нечаканыя асобы. Напрыклад, таксама вялікі ліберал Андрэй Іларыёнаў. Як толькі ён заўважыў – што ж вы робіце, Трамп жа нічога забароненага у Твітары не пісаў і ні да чаго не заклікаў – тут жа страціў работу. Іларыёнава звольнілі з амерыканскага інстытута, дзе ён працаваў. Гуд бай, свабода слова!

Цікавую паралель тут можна правесці і з нашымі прагрэсіўнымі і ліберальнымі суайчыннікамі, якія за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. Менавіта іх намаганнямі былі заблакіраваны акаунты ў Інстаграм некаторых вядомых беларусаў, як, напрыклад, спевакоў Алёны Ланской і Аляксандра Саладухі, дэпутата Марыі Васілевіч. Гэтыя суайчыннікі любяць паўтараць як мантру: ды вас ніхто не чытае/не слухае/не глядзіць. А навошта тады столькі ўвагі тым, каго не слухаюць і не глядзяць? Чаму так пужае альтэрнатыўнае меркаванне ў інтэрнэце? І метады нейкія недэмакратычныя! (Хаця здавалася б…). Напэўна, у «новай Беларусі», пра якую яны фантазіруюць, свабода слова была б не для ўсіх? Калі так, добра, што папярэдзілі загадзя, ёсць пра што задумацца.

Канечне, любая свабода гэта яшчэ і адказнасць. І свабода слова – асабліва вялікая адказнасць. Тым больш, у апошнія гады, калі актыўна развіваецца інтэрнэт. Сёння слова можа забіць у прамым сэнсе. Таму, напрыклад, любая краіна – што ЗША, што Беларусь – можа часова абмяжоўваць работу інтэрнэту падчас масавых мерапрыемстваў. Гэта не пра альтэрнатыўныя меркаванні, тут усё сур'ёзна, гэта ўжо пытанне нацыянальнай бяспекі. Гэтак жа любая краіна можа па розных прычынах абмяжоўваць дзейнасць сацыяльных сетак – як днямі адбылося ў Італіі з сеткай TikTok пасля гібелі 10-цігадовай дзяўчынкі. Тут насамрэч не да свабоды слова, бо размова пра чалавечае жыццё.

І ў такой сітуацыі рэальна можа апынуцца любая краіна. Таму натуральнай была б салідарнасць паміж імі, выпрацоўка сумесных падыходаў – што рабіць са свабодай выказванняў у часы ціктокераў? Бо гэта галаўны боль для ўсіх. А не павучальны тон ад тых, хто сам парушае свае ж правілы.

А на завяршэнне, для роздуму – цытата яшчэ аднаго пісьменніка, на гэты раз польскага, Станіслава Ежы Леца. «Здаецца, у языка больш свабоды пасля страты зубоў».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: