“Гульня ў танкі”. Так можна назваць валтузню, якая назіраецца ў апошні тыдзень вакол магчымых паставак ва Украіну нямецкіх “Леапардаў”. Тэма атрымала сапраўдны розгалас у сусветных СМІ, што ні дзень – то навіны і гучныя заявы з розных еўрапейскіх сталіц і з-за акіяну. Проста нейкі абсурдны серыял! Усё б нічога, калі б размова ішла пра камп’ютарную гульню. Але не – гэта рэальныя танкі, якія рэальна забіваюць.
Цэнтральнай фігурай гісторыі стала Германія, а дакладней яе канцлер Олаф Шольц. Ён зараз можа здавацца самым нерашучым палітыкам кантынента. “Трэба неадкладна паставіць танкі ва Украіну!” – штурхаюць яго ў адзін бок. “Пастаўкі трэба забараніць!” – піхаюць у другі бок. “Вырашыце ўжо нарэшце што-небудзь!” – крычаць трэція. Натуральна, кожны – са сваімі інтарэсамі. Увогуле, здаецца, у гэтай гульні ў кожнага свае разлікі, хоць апраўдваюць іх нібыта высокімі мэтамі.
Канцлер Шольц павінен накласці вета на пастаўкі танкаў ва Украіну, – заявіў у аўторак кіраўнік нямецкай правай партыі «Альтэрнатыва для Германіі». Ціна Хрупала ўпэўнены: нямецкія танкі не павінны ездзіць па Украіне. Таму Шольц павінен нарэшце прадэманстраваць прыхільнасць міру і забараніць Польшчы перадаваць баявыя машыны Кіеву.
Але ў Варшавы свае планы. Раней польскі прэм’ер Маравецкі прыгразіў: калі Берлін і далей будзе “марозіць” гэтую тэму, Польшча сама сфарміруе альтэрнатыўную кааліцыю дзяржаў, гатовых паставіць танкі Украіне. Не чакаючы адабрэння немцаў. Нават ЗША быццам бы гатовыя перадаць Кіеву 10 танкаў “Абрамс”, каб націснуць на Германію. Але гэта пакуль неафіцыйная інфармацыя.
У ЗША ўвогуле раздражнёныя дзеяннямі нямецкіх улад. Па інфармацыі газеты Süddeutsche Zeitung, асабліва рэзкім тон у Вашынгтоне быў тады, калі амерыканскі міністр абароны Осцін так і не змог “даціснуць” Германію спачатку на перамовах у Берліне, а пасля – на базе Рамштайн.
Дык чаму ж такі нерашучы Шольц? Няўжо яго спыняе маральны аспект – што нямецкія танкі зноў акажуцца ва Украіне, праз 80 гадоў пасля Вялікай Айчыннай вайны? Здаецца, найбольш рэальную прычыну апісала аўтарытэтная швейцарская газета Neue Zürcher Zeitung. ЗША проста задумалі з дапамогай гэтай гісторыі выцесніць Германію з еўрапейскага рынку цяжкага ўзбраення.
Расклад просты. Нямецкая прамысловасць зараз не паспявае мадэрнізаваць старыя танкі, не кажучы ўжо пра выпуск новых. Калі краіны ЕС усё ж перададуць свае танкі Leopard Украіне, яны адразу запатрабуюць ім замену, каб не застацца без абароны. Дзе ўзяць гэтую замену? Германія фізічна не зможа прадаць краінам Еўрасаюза новыя танкі – яна проста не паспее іх зрабіць. І тут на сцэну выйдуць ЗША, якія прапануюць: а бярыце нашы старыя танкі Abrams! Такім чынам амерыканцы выцесняць немцаў з еўрапейскага рынку, плюс пачысцяць свае забітыя склады. А краіны, якія набылі “Абрамсы”, на доўгія гады трапяць у залежнасць ад паставак амерыканскіх запчастак і боепрыпасаў.
Вось адсюль і нерашучасць Шольца (і зразумелае раздражненне ў Вашынгтоне гэтай нерашучасцю). Згуляць у такую гульню – значыць, здаць пазіцыі нямецкай ваеннай прамысловасці. За такое яго па галаве не пагладзяць. З іншага боку, адсутнасць рашэння таксама ўсіх раздражняе. Як піша Washington Post, саюзнікі Германіі і Украіна ўспрымаюць ФРГ як "еўрапейскага слабака". Карацей, куды ні кінь… Добрага рашэння для Шольца не праглядаецца.
Тым не менш, эксперты (у тым ліку расійскія) упэўнены: у рэшце рэшт нікуды ФРГ не падзенецца! Наўрад ці краіна стане ў позу. А значыць, пастаўкі “Леапардаў” ва Украіну – толькі пытанне часу. І гэта будзе чарговы крок да эскалацыі канфлікту.