Падзяліцца:
«Розгалас. Інфадэмія». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 24.03.2020
«Розгалас. Інфадэмія». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

«Мы не проста змагаемся з эпідэміяй, мы змагаемся з інфадэміяй». Словы, сказаныя генеральным дырэктарам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя яшчэ ў сярэдзіне лютага на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, з кожным днём становяцца ўсё больш актуальнымі. На жаль. Будзем шчырымі: у эпоху інтэрнэт-фэйкаў і дэзінфармацыі з аднаго боку і імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій – з другога, не трэба ніякіх звышнамаганняў, каб чарговы міф пра вірус разляцеўся па свеце гэтаксама вірусна. Напрыклад, пра тое, што захворванне распаўсюджваецца праз імпартныя тавары. Або пра тое, што COVID-19 спецыяльна стварылі ў нейкай сакрэтнай лабараторыі.

Або вось яшчэ паказальная гісторыя.

Альянс з некалькіх арганізацый, якія займаюцца праверкай фактаў, высветліў: жыхары мінімум пяці краін (у тым ліку ЗША і Індыі) апошнім часам маглі ўбачыць або прачытаць у інтэрнэце выдумку пра тое, што недзе нібыта просяць дазволу на ліквідацыю тысяч людзей, інфіцыраваных новым каронавірусам. Арыгінал гэтай інфармацыі з'явіўся на сайце, які пастаянна публікуе фальшывыя навіны. Афіцыйныя СМІ нічога падобнага, зразумела, не публікавалі. Але гэта не перашкодзіла многім карыстальнікам падзяліцца ў сеціве відавочнай лухтой. Больш за тое, сталі спецыяльна падганяць пад яе «факты» у двухкоссях. У адным з запісаў у Facebook сцвярджалася, нібыта паліцыя проста дастае хворых на каронавірус людзей з іх машын. Праверылі – аказалася, што жанчына-гераіня гэтай гісторыі ўвогуле не хварэла. Яна проста груба парушала правілы дарожнага руху. Вось так і нараджаюцца фэйкі. Але што яшчэ горш – знаходзяцца тыя, хто ў іх верыць.

З іншага боку, і іх можна зразумець. Што, калі хлусня прыходзіць вам у выглядзе паведамлення ў месенджэры ад вашага сябра або вельмі добрага знаёмага? Усё ж такая ступень даверу да такога чалавека вышэйшая, і мозг ужо не так прыдзіраецца да сэнсу паведамлення. А сэнсу там звычайна няшмат: «у мяне ёсць знаёмая, у якой мама працуе ў сферы, блізкай да медыцыны, дык вось яна чула...» і гэтак далей. Карацей, «адна бабка сказала».

Не дзіўна, што і самі месенджэры зараз спрабуюць з такой дэзінфармацыяй змагацца – той жа WhatsApp выдаткаваў мільён долараў на барацьбу з фэйкамі пра каронавірус. Гэтая платформа, у якой шмат неадукаваных карыстальнікаў у некаторых краінах, пастаянна сутыкаецца з распаўсюджваннем чутак. Часам гэта прыводзіць да чалавечых ахвяр, як было некалькі гадоў таму ў Індыі.

Але і тут каронавірус уносіць карэкцівы. Напрыклад, мадэратары Facebook і Google (людзі, якія правяраюць, ці ёсць у запісах забароненая інфармацыя, заклікі да насілля, фэйкі і гэтак далей) масава пайшлі на каранцін — іх праца мае спецыфіку, і рабіць яе з дому нельга. Таму зараз праверкай кантэнта ў інтэрнэце займаюцца разумныя алгарытмы. Але яны пакуль не такія разумныя, як жывыя людзі, таму натуральна здараюцца памылкі. У Facebook пачалі ўжо скардзіцца карыстальнікі, што сацсетка выдаляе цалкам нармальныя іх запісы, якія не парушаюць ніякіх правіл. Але што з гэтым зробіш? – зараз усе, зразумела, будуць перастрахоўвацца.

У час крызісу чуткі і лжывая інфармацыя распаўсюджваюцца асабліва хутка, – піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung. Вядома, такая лічбавая дэзінфармацыя нікога не заражае. Але яна, з аднаго боку, нараджае няўпэўненасць, а з другога, – можа прывесці да занадта легкадумных паводзін людзей. Дрэнна і тое, і тое.

Сэрвіс праверкі фактаў Newsguard прыводзіць разлікі: на пачатак сакавіка ілжывай інфармацыяй людзі дзяліліся і каменціравалі яе ў 142 разы часцей, чым інфармацыяй ад афіцыйных крыніц, напрыклад, Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Некаторыя чуткі распаўсюджваюцца са злым намерам: каб выклікаць у людзей пачуццё няўпэўненасці, пасеяць расізм, прадаць сумніўныя прадукты або выкарыстаць страх перад каронавірусам для распаўсюджвання камп'ютарных вірусаў, – адзначае Süddeutsche Zeitung.

Трэба прызнаць: часам свой уклад у развіццё інфадэміі робяць і мае калегі-журналісты. Прафесар журналістыкі ва ўніверсітэце Кардыфа Карын Уол-Ёргенс прааналізавала 100 шматтыражных газет з усяго свету і зрабіла выснову: у кожнай дзявятай гісторыі пра ўспышку згадваўся «страх» або аднакарэнныя словы. У 50-ці артыкулах ёсць выраз «вірус-забойца».

Спецыялісты даюць парады, як заставацца ў рамках адказнай журналістыкі. Але я іх перадам крыху па-іншаму – каб вы зразумелі, калі спрабуюць маніпуляваць вашымі эмоцыямі. А гэта адбываецца, калі ў тэксце матэрыялу шмат суб'ектыўных прыметнікаў (напрыклад, «смяротны вірус»). Калі для ілюстрацыі выкарыстоўваюць шакуючыя фатаграфіі. Калі ў матэрыялу занадта эмацыйны загаловак. Калі вам не даюць статыстыку, а замест гэтага апісваюць трагічныя гісторыі асобна ўзятых людзей – гэта палохае больш. Ва ўсіх гэтых выпадках раю задумацца – а хто і навошта спрабуе вас напужаць?

І канечне варта яшчэ больш пільна, чым звычайна, прыглядацца да асобы аўтараў, якія зараз масава пішуць на гарачую тэму ў інтэрнэце. Як не раз ужо трапна заўважана, раней гэтыя эксперты на канапе былі палітолагамі, а цяпер раптам усе сталі вірусолагамі. Але вы ж не пойдзеце лячыць зуб, скажам, да вадзіцеля тралейбуса. Дык ці варта прыслухоўвацца да меркаванняў такіх спецыялістаў нават без профільнай адукацыі? Яны вам пішуць пра пандэмію, але насамрэч двума рукамі раскручваюць інфадэмію.

А яшчэ лепш, на мой погляд, было б на пэўны час самаізалявацца ад патоку навін і чутак пра з'яву на літару «К». І адправіць на каранцін дрэнны настрой.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: