Падзяліцца:
«Розгалас. Інфармацыйны постапакаліпсіс». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 25.05.2021
«Розгалас. Інфармацыйны постапакаліпсіс». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Усе і ўсё навокал нас сёння – медыя. Так сцвярджаюць некаторыя эксперты, якія вывучаюць гэтую сферу. Ледзь не кожны дзень мы чуем «медыйная асоба», «масмедыя», «медыяпрастора», не заўсёды нават разумеючы, што ж гэта такое, медыя?

Насамрэч слова пайшло ад лацінскага medium – пасрэднік. Медыя – гэта пасрэднік паміж людзьмі, якія хочуць падзяліцца нейкай інфармацыяй або наладзіць камунікацыю. Яны з намі ўжо тысячагоддзі, і пастаянна ўдасканальваюцца. Такія з'явы, як мова і пісьмо (у тым ліку першыя наскальныя надпісы і малюнкі) – гэта таксама медыя, з іх чалавецтва пачынала сваё, так бы мовіць, медыйнае існаванне. Потым з'явіўся жывапіс, фатаграфія, радыёвяшчанне, тэлебачанне… І вось на нашых вачах нараджаецца новы этап, звязаны з развіццём інтэрнэту і новых інструментаў распаўсюджвання інфармацыі.

Калісьці, у часы сівой даўніны, гэтыя інструменты былі даступны адзінкам – напрыклад, пісьменствам у асноўным займаліся жрацы ў храмах. Сёння фактычна любы чалавек, хто б ён ні быў, дзе б ні жыў і чым бы ні займаўся, можа зайсці на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы і напісаць што заўгодна. А яшчэ лепш – зняць кароткае відэа. І што больш важна – у мільёнаў іншых людзей ёсць тэарэтычная магчымасць гэта прачытаць або ўбачыць (іншая справа, ці захочуць яны гэта рабіць). Інструмент у кожнага з нас у руках – смартфон.

Вось і атрымліваецца, што сёння ўсе паведамляюць усім пра ўсё, і гэты працэс не спыняецца ні на секунду. У выніку любы звычайны чалавек прысутнічае ў адзінай інфармацыйнай прасторы на роўных, скажам, з сусветна вядомым фізікам або пісьменнікам. І той, і другі маюць аднолькавыя магчымасці штосьці паведамляць свету. Такога не было ніколі раней у гісторыі! І такая сітуацыя ўсё больш востра ставіць пытанні пра адказнасць за сказанае і напісанае, пра рэгуляванне медыяпрасторы.

Бо раней, калі вы чыталі пра штосьці ў газеце, вы разумелі: што напісана пяром… Журналіст адказвае за кожнае слова, бо яго артыкул можна будзе знайсці ў бібліятэцы і праз дзесяцігоддзі. Знайсці і спытаць за напісанае. Усе факты дбайна правяраліся, а памылка назаўсёды заставалася ў гісторыі. Сёння любы «артыкул» у сетцы можна перапісваць хоць дзесяць раз на дзень, змяняючы не толькі арфаграфічныя памылкі, але і акцэнты (чым некаторыя інтэрнэт-медыя і займаюцца).

Раней, калі вы чулі навіны па радыё, вы разумелі, што ёсць цэлая рэдакцыя прафесійных журналістаў, якая займаецца адборам і праверкай фактаў і паведамленняў. Яны, як праз сіта, прасейваюць інфармацыю і прапануюць вам тое, што сапраўды важнае. Сёння любы блогер можа паведамляць вам што заўгодна, часам распаўсюджваць відавочныя фэйкі і дэзінфармацыю. І добра, калі вы яшчэ ведаеце, што гэта за блогер. А можа ж быць і проста нейкі сайт у інтэрнэце, што называецца, без выходных даных. Там увогуле бывае незразумела, хто аўтар інфармацыі.

Хтосьці можа сказаць: дык гэта ўсё вашы, традыцыйных журналістаў, праблемы! А нам што да таго? О не! Гэта праблема кожнага з нас. Бо сёння медыя збольшага фарміруюць нашу карціну свету. Ільвіная доля таго, пра што мы думаем і што абмяркоўваем з іншымі людзьмі, – гэта тое, што мы ўбачылі, пачулі або прачыталі ў медыя. Газеты, радыё, тэлебачанне, інфармацыйныя сайты, сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы, відэа на Youtube, размовы ў Viber або WhatsApp – дзе б вы ні атрымлівалі інфармацыю і ні камунікавалі з іншымі, у вас выстройваецца пэўная карціна свету.

Праблемы пачынаюцца тады, калі гэтая карціна істотна адрозніваецца ад рэальнай. А ў нашу інфармацыйную эпоху яно здараецца ўсё часцей. Жыве-жыве чалавек у сваім «інфармацыйным пузыры», а потым сутыкаецца з рэальнасцю і атрымлівае балючы ўдар. І нават не разумее: як так?! У Telegram адно пішуць, а ў жыцці зусім іншае. І ўсё складаней правесці рысу: дзе праўда, а дзе хлусня, дзе рэальнасць, а дзе фэйк.

Сёння гэта праблема ўжо не толькі для асобных людзей, але і для цэлых дзяржаў. Медыя ўсё часцей выкарыстоўваюць у інфармацыйных войнах паміж рознымі краінамі. З актуальнага: дзве гісторыі з нядаўняга палесціна-ізраільскага канфлікту. У Twitter з’явілася навіна пра нібыта пачатак наземнай аперацыі яўрэйскай дзяржавы. Паведамленне тут жа падхапілі многія сусветныя СМІ, а потым высветлілася, што гэта фэйк. На яго адрэагавалі палесцінцы. У сваю чаргу палесцінскія карыстальнікі ў тым жа Twitter апублікавалі відэа пажару нібыта ў мячэці Аль-Акса – святой для мусульман. У пажары абвінавацілі Ізраіль. А потым аказалася, што гарэла не мячэць, а дрэва побач з ёй, і каб гэта зразумець, трэба было проста ўбачыць відэа, знятае з іншага ракурсу.

Насамрэч сёння такія гісторыі мы чуем ледзь не штодня. Таму ўсё больш дзяржаў задумваюцца над тым, як рэгуляваць інфармацыйную прастору. З улікам усіх тых фактараў, пра якія сказана вышэй. Простых адказаў тут няма, тым больш тэхналогіі развіваюцца імкліва. Адметна, што сярод першых, хто пачаў рэгуляваць інтэрнэт-прастору, запісы ў сацыяльных сетках, рэагаваць на фэйкі, сталі еўрапейскія дзяржавы. Так, нядаўна ў Еўрасаюзе прынялі новыя правілы для хуткага выдалення проціпраўнага кантэнту ў інтэрнэце. Напярэдадні шэраг новаўвядзенняў ў законы, што рэгулююць работу СМІ і інтэрнэт-прасторы, прынялі і ў Беларусі. Відавочна, гэта толькі першыя крокі, і тут вопыт іншых дзяржаў будзе для нас карысны.

А ўвогуле, не здзіўлюся, калі людзям проста надакучыць гэты інфармацыйны постапакаліпсіс, калі не ведаеш, каму і чаму верыць, дзе фэйк, а дзе праўда. І яны пачнуць актыўна вяртацца да традыцыйных СМІ, да таго ж радыё. Можаце быць упэўненымі: наш эфір не ўзламаеш, як старонку ў сацсетцы, каб размясціць там фэйк. А навіны вам раскажуць любімыя вядучыя і журналісты, а не інтэрнэт-боты. Таму нам можна давяраць!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: