Падзяліцца:
«Розгалас. Каго лічыць тэрарыстам?» - Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.09.2021
«Розгалас. Каго лічыць тэрарыстам?» - Радыёблог Максіма Угляніцы

Трагічнае здарэнне ў Мінску, калі падчас выканання службовых абавязкаў быў забіты супрацоўнік КДБ, выклікала вялікі розгалас у грамадстве. Дагэтуль самыя розныя арганізацыі, структуры, грамадзяне выказваюць спачуванні родным загінуўшага афіцэра і не хаваюць шчырага асуджэння мінскага стралка і яго натхняльнікаў.

Тэрарызм не мае гендарнай прыналежнасці, сферы занятасці, узроўню адукацыі. Гэтае злачынства перакрэслівае ўсё ў тым, хто яго ўчыняе, бо гэта злачынства супраць чалавецтва. І так не толькі ў нас.

Возьмем да прыкладу краіну, якая лічыць сябе сусветным узорам дэмакратыі і выканання правоў чалавека. Ды што там, будзем шчырымі – і ў многіх іншых дзяржавах ёсць людзі, якія лічаць гэту краіну такім эталонам. Размова, канечне, пра Злучаныя Штаты. Вось і паглядзім, як у Амерыцы ставяцца да тэрарыстаў?

Сітуацыя цікавая. Менавіта ў 2021 годзе – упершыню ў гісторыі – Белы дом падрыхтаваў спецыяльную нацыянальную стратэгію па барацьбе з «унутраным тэрарызмам». Гэта было прамым указаннем Джо Байдэна. Раней ён назваў «плямай на душы Амерыкі» унутраны тэрарызм, які рухаюць нянавісць, нецярпімасць і іншыя формы экстрэмізму.

Амерыканскія эксперты (найперш з сілавых ведамстваў) прыйшлі да высновы: самыя небяспечныя элементы з'явы – гэта прыхільнікі тэорыі вяршэнства белай расы і (увага!) антыўрадавыя экстрэмісты. Іншымі словамі, тыя, хто актыўна выступае супраць дзеючай улады. Адразу можна было б спытаць: а тыя, хто супраць улады, - гэта «унутраныя тэрарысты» толькі ў ЗША? Або і іншых краін датычыцца? Але пытанне рытарычнае, таму адказваць на яго не будзем, самі ўсё разумееце.

Як жа змянілася ўяўленне пра тэрарыстаў у ЗША ўсяго за пару дзесяцігоддзяў. У пачатку 2000-х, пасля жудасных атак на вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтру, тэрарыст уяўляўся хутчэй у выглядзе барадатага ісламіста з поясам шахіда. Цяпер жа ярлык «унутранага тэрарыста» можа атрымаць занадта актыўны прыхільнік былога прэзідэнта Трампа. Не дзіўна, што нават некаторыя амерыканскія эксперты і палітолагі прагаворваюць услых: а можа гэта проста праследаванне палітычных апанентаў, а не барацьба з тэрарызмам?

І тут прыхільнікі амерыканскіх каштоўнасцей могуць абурыцца: ну якое праследаванне?! Мы ж гаворым пра краіну – эталон дэмакратыі! Там нікога не праследуюць. Але ў стратэгіі па барацьбе з унутраным тэрарызмам прапісана хітра: маўляў, сапраўды, ёсць знакамітая першая папраўка да Канстытуцыі ЗША, іншыя законы, якія абараняюць магчымасць амерыканцаў выказваць самы шырокі спектр меркаванняў. Такая ў нас традыцыя, і мы яе шануем, - гаворыцца ў стратэгіі. Але!…

Але, - прапісана ў дакуменце далей, - насілле, як правіла, гэта злачынства. І падбухторванне да насілля – гэта злачынства. І пагроза насіллем – гэта злачынства. Насілле стварае пагрозу грамадскай і нацыянальнай бяспецы, сапраўды свабоднаму выказванню ідэй, а значыць, - пагражае нашай, амерыканскай дэмакратыі. Вось як завярнулі! Можаш, канечне, свабодна выказваць сваё меркаванне, але калі мы палічым, што гэта падбухторванне да насілля, можам і ўнутраным тэрарыстам цябе абвясціць! Між іншым, асаблівая ўвага ў дакуменце – камунікацыйным платформам на базе інтэрнету, такім як сацыяльныя сеткі і месенджеры.

Многія эксперты і журналісты ўпэўнены: стратэгія стала адказам на падзеі 6-га студзеня ў Вашынгтоне. Гэтыя падзеі назвалі «штурмам Капітолія». Удзельнікі мітынгу ў падтрымку Трампа тады занялі будынак Кангрэса ЗША. Цяпер многія з гэтых палітычных апанентаў Байдэна лічацца ўнутранымі тэрарыстамі.

Паказальная рэч: адразу пасля падзей у Капітоліі ФБР пачала шукаць іх удзельнікаў. І нават развешвала вялікія плакаты на аўтобусных прыпынках у Вашынгтоне з просьбай дапамагчы апазнаць канкрэтных людзей. Не прайшло і некалькіх тыдняў, як у бюро паступіла 100 тысяч лічбавых сведчанняў ад неабыякавых грамадзян! Адна з самых вядомых гісторый, калі маладая амерыканка «здала» сваю маці, цётку і дзядзьку разам з іх асабістымі данымі – паведаміла, што яны ўдзельнічалі ў беспарадках. Цікава, ці называлі такіх амерыканцаў даносчыкамі? Або ўсё ж палічылі сапраўднымі грамадзянамі?

Давайце паглядзім, хто апынуўся сярод «унутраных тэрарыстаў» - удзельнікаў штурму Капітолію. Напрыклад, 36-цігадовы Адам Джонсан. Фота, на якім ён выносіць з будынку драўляную трыбуну спікера палаты прадстаўнікоў, абляцела многія сусветныя СМІ. У нас бы некаторыя напісалі: «Проста прыхапіў трыбуну, і што тут такога крымінальнага?! Знайшлі тэрарыста!». А ў ЗША – артыкул. «Крадзеж дзяржаўнай уласнасці». Разам з яшчэ двума артыкуламі Адаму могуць налічыць 20 гадоў турмы.

Неяк не падобныя ўдзельнікі беспарадкаў на тыповых радыкалаў. 60-цігадовы жыхар Арканзаса зрабіў фота, як сядзіць з нагамі на стале ўсё той жа спікера палаты прадстаўнікоў – атрымаў тры крымінальныя артыкулы. Адстаўны палкоўнік ВПС з Тэхаса – у яго знайшлі пластыкавыя хамуты, таму вырашылі, што ён планаваў браць кангрэсменаў у заложнікі. Парламентарый з заканадаўчага схода штата Заходняя Вірджынія (яго называюць адным з самых высокапастаўленых затрыманых) – доказам вінаватасці стаў стрым у Фэйсбуку, які гэты чалавек вёў падчас штурму. Алімпійскі чэмпіён па плаванні – прадстаўляў зборную ЗША на трох Гульнях (адзін з артыкулаў, па якім яго абвінавачваюць, - «Перашкода рабоце паліцыі»).

Не ведаю дакладна, ці ёсць сярод затрыманых праграмісты. Але, пагадзіцеся, і пералічаныя асобы, здавалася б, не вельмі цягнуць на экстрэмістаў. І тым не менш: амерыканская ўлада лічыць іх «унутранымі тэрарыстамі». Многім пагражаюць працяглыя тэрміны. Адну з удзельніц беспарадкаў забілі проста выстралам у твар.

І па вялікім рахунку, гэта ўнутраная справа ЗША – як абараняць свае нацыянальныя інтарэсы, як гарантаваць унутраную бяспеку, каго называць тэрарыстамі. Нават, калі тых, хто падаецца белым і пухнатым.

Галоўнае, каб такое ж права пакідалі за любой іншай суверэннай дзяржавай. А, можа, і нам проста ўвесці паняцце «унутранага тэрарызму» - па ўзоры самай дэмакратычнай краіны?


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: