Нядаўна адзін мой блізкі сваяк, з якім вялі размову ў месэнджары, папрасіў: «Слухай, можа, параіш што-небудзь пачытаць? Ты зараз што чытаеш?» І тут я, шчыра кажучы, разгубіўся. Бо чарговы раз кінуў позірк на свой, скажам так, кніжны столік – месца, куды складваю кнігі, што зараз чытаю або вельмі хачу прачытаць. Зараз там каля двух дзясяткаў кніжак. Некаторыя нядаўна набыў – убачыў у краме і так зацікавілі, што адразу вырашыў узяць! У выніку штосьці прачытаў напалову, штосьці – на трэць, іншыя толькі пачаў. Плюс некаторыя ўжо добра вядомыя перачытваю, любімыя або важныя фрагменты. І вось цяпер у чарговы раз задумаўся: а навошта тады набываў, калі не чытаю?! Што, насамрэч не зацікавілі, толькі падалося так?
Адказ нечакана (як гэта часта бывае) прыйшоў з кнігі аднаго вучонага і псіхолага. Прычым там прыводзіцца якраз-такі прыклад, падобны на маю сітуацыю. Схема такая: убачылі мы новую кнігу ў краме або ў інтэрнэце, стала вельмі цікава, набылі яе, паставілі на паліцу, каб прачытаць пазней, прайшоў пэўны час і… кніга нам ужо нецікавая. Проста таму, што нам здаецца: яна ў нас ужо ёсць, нецікава, давайце што-небудзь новенькае, невядомае! Аказваецца, так працуе наш інстынкт самазахавання, гэта адна з яго праяў: цікаўнасць. Каб мы лепш былі падрыхтаваны да нязведаных пагроз, якія могуць чакаць, інстынкт штурхае нас на актыўнасць, на тое, каб зазірнуць за паварот, даведацца штосьці новае.
Але вернемся да прыкладу з кнігай. Нам здаецца, што яна ў нас ёсць (ляжыць на століку, збірае пыл), аднак насамрэч яе няма. Бо кніга – гэта змест, а мы ж яе не прачыталі, зместу не ведаем. Грошы аддалі, месца ў кватэры занялі, а па факце – нічога не атрымалі! Вось і застаецца ўнутры пачуццё недахопу.
Фокус у тым, што так адбываецца і з многімі іншымі рэчамі ў жыцці, асабліва ў наш век, калі ўсё звышхутка. Вы можаце гадзінамі хадзіць па рынках і магазінах, купляючы прадукты, потым яшчэ патраціць час на гатаванне любімай стравы, а пасля… Пачалі есці і адразу ў смартфон палезлі, пачытаць, што там адбываецца, або новае відэа паглядзець. Ці яшчэ варыянт – сталі абмяркоўваць, у каго якія праблемы на працы. Карацей кажучы, спытай пасля – а што ў вас на вячэру было, адразу можаце і не адказаць. Бо з'елі на аўтамаце, смаку не адчулі, здаецца, і голаду няма, але ўнутры ўсё тое ж пачуццё недахопу.
Пра гаджэты нават і казаць не буду – толкам яшчэ са старым не разабраліся, што як працуе, якія вашыя патрэбы ён можа задавальняць, а тут ужо новы выходзіць, яшчэ больш круты. І адразу хочацца новы! Зрэшты, тут і маркетолагі буйных вытворцаў вельмі добра працуюць, каб ювелірна гуляць на гэтых нашых адчуваннях.
Ды што мы ўсё пра рэчы – думаеце, з людзьмі гэта інакш працуе? Паглядзіце, колькі зараз ва ўсіх сяброў і знаёмых! У некаторых на Фейсбуку – тысячы «фрэндаў». Здаецца, усе адзін аднаго ведаюць. І пры гэтым усё больш людзей кажуць пра адзіноту, пра тое, што часам няма з кім паразмаўляць, як кажуць, па душах. Зноў недахоп адчуваецца! І таму яшчэ больш актыўна шукаюць сабе новых знаёмых і сяброў. Ці не парадокс? А гэта ж як з тымі кнігамі: вам здаецца, што ў вас ёсць цэлая бібліятэка з соцень экзэмпляраў, але колькі з іх вы рэальна ведаеце па змесце? Так што няма па факце ў вас ніякай бібліятэкі.
Псіхолагі кажуць: каб сапраўды лічыць таго ці іншага чалавека блізкім, мы павінны правесці разам з ім мінімум 200 гадзін. Не праз інтэрнэт, не ў мэсэнджары некалькімі радкамі перакінуцца «Як справы? - Усё нармальна!», не па тэлефоне хуценька справы абмеркаваць, а «па-даросламу» так паразмаўляць – асабіста, тварам да твару, тэт-а-тэт. Кажучы мовай дыпламатыі, у фармаце сам-насам. Вось і прыкіньце зараз – ці шмат у вас такіх блізкіх сяброў? І што тады дзіўнага ў тым, што многія сябе адчуваюць адзінокімі. Зараз, канечне, яшчэ і пандэмія дадае тут праблем – у многіх краінах людзі на каранціне проста вар'яцець пачынаюць. Будзем спадзявацца, што хаця б гэтыя знешнія абставіны хутка зменяцца.
З тым, што я апісаў, звязана яшчэ адна рэч: пастаяннае пачуццё недахопу. Колькі ні ёсць – усё мала. Кніг, ежы, грошай, рэчаў, гаджэтаў, сяброў. І чым больш атрымліваеш – тым больш хочацца, а значыць, ніколі няма задавальнення ад жыцця. Пастаянна на нервах – як атрымаць больш. І толькі ў пэўных сітуацыях, у нязвыклых умовах можа прыйсці разуменне: не так і шмат трэба для шчасця, для таго, каб цалкам задаволіць чалавечыя патрэбы. Хтосьці, цяжка захварэўшы, гэта разумее, а іншы, напрыклад, калі ў армію трапіць.
Спецыялісты даюць вельмі простую параду: выкарыстоўвайце тое, што ў вас ёсць ужо сёння, поўнасцю. Чытайце кнігі, якія вас зацікавілі і якія вы набылі, - і вас будзе напаўняць іх змест. Адчувайце смак ежы, якую спажываеце, у той самы момант, калі гэта робіце. Больш размаўляйце з людзьмі, якіх лічыце цікавымі і важнымі для сябе (і з нецікавымі таксама – а раптам яны для вас такія, толькі таму што вы іх пакуль дрэнна ведаеце). У выніку вы забудзеце пра пачуццё самоты.
Усё гэта, канечне, лягчэй сказаць і напісаць, чым зрабіць. Ведаю па сабе. Бо многія звычкі давядзецца ламаць. Але, кажуць, яно таго каштуе: у выніку пастаяннае пачуццё недахопу павінна змяніцца пачуццём задаволенасці ад жыцця. Павінна з'явіцца думка: «Мне ўсяго дастаткова, мне хапае. А ўсё, што будзе звыш таго – новыя магчымасці, больш грошай, новыя знаёмствы, – гэта ўжо будзе за шчасце».
Спецыялісты запэўніваюць: калі вось так радавацца дробязям, то пастаянна будуць з'яўляцца падставы для большай радасці. А калі толькі пераймацца: у мяне нічога няма, патрэбна больш, дайце чаго новага – то гэта будзе як вечная сумка без дна. Колькі ў яе ні складвай, усё пустая.
Карацей, мне гэтыя парады здаюцца надзвычай актуальнымі ў нашы псіхалагічна не вельмі простыя часы. Калі з розных бакоў толькі і чуеш прагнозы ў духу «шэф, усё прапала!» Асабіста я збіраюся пачаць з разбору кніжных завалаў на сваім століку.