Падзяліцца:
«Розгалас. Курган вечнай Славы». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.07.2022
«Розгалас. Курган вечнай Славы». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Кожны, хто прыбывае ў Мінск па “маскоўскай” трасе з боку Нацыянальнага аэрапорта, абавязкова праязджае праз гэта знакавае месца. Там заўсёды шмат людзей – і днём і ноччу, і летам і зімой. У гэтым я не раз упэўніваўся асабіста.

Курган Славы. Адзін з самых вядомых помнікаў героям Вялікай Айчыннай вайны – прычым вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён быў адкрыты ў гэты дзень – 5-га ліпеня – 1969-га года. Тады якраз адзначалася 25-я гадавіна вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

У фондах Беларускага радыё захаваўся ўнікальны запіспрамая трансляцыя ўрачыстага адкрыцця Кургана Славы.

Узвядзенне Кургана Славы стала літаральна справай народнай. Упэўнены – калі не ў кожнай, то ў многіх беларускіх сем’ях былі тыя, хто асабіста прывёз жменю зямлі да месца будучага комплекса. Гэты працэс доўжыўся каля паўтара года. Зямлю прывозілі не толькі з усіх рэгіёнаў Беларусі, але і з іншых гераічных месцаў: Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Кіева, Адэсы... Атрымалася вельмі сімвалічна! Хоць, канечне, насыпалі курган не толькі ўручную – інакш гэты працэс заняў бы многія гады.

Закладвалі будучы помнік на месцы жорсткіх баёў за вызваленне Мінска – у раёне так званага “Мінскага катла”, дзе трапілі ў акружэнне больш за 100 тысяч немцаў. Не ўсе ведаюць, што спачатку курган пачалі ўзводзіць з правага боку шашы. Аднак, праз некаторы час – па асабістым рашэнні тагачаснага кіраўніка БССР Пятра Машэрава – Курган Славы перанеслі на процілеглы бок. Па адной версіі, так зрабілі таму, што на адлегласці здавалася: з правага боку курган будзе як быццам “спаўзаць” з магістралі. Па іншай версіі, так ён знаходзіўся б насупраць сонца. У выніку комплекс, які можна дакладна назваць адной з візітовак Беларусі, узвялі на тым месцы, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Дарэчы, першапачатковы праект помніка таксама адрозніваўся ад канчатковага варыянту – гэта мог быць пагорак, дзе растуць тры дубы (па колькасці беларускіх франтоў, якія вызвалялі Мінск). Аднак група архітэктараў і скульптараў, сярод якіх былі Андрэй Бембель, Анатоль Арцімовіч, Алег Стаховіч, прапанавалі іншы варыянт – з чатырма штыкамі і вянком. Пазней з’явілася ідэя размясціць барэльефы салдат, якія сімвалізуюць роды войск і партызанскі рух – аснову народнага супраціўлення ў Беларусі.

З часу адкрыцця на Кургане Славы пабывала шмат гасцей, у тым ліку ў складзе замежных дэлегацый. Адным з запамінальных стаў прыезд былога кубінскага лідара Фідэля Кастра. Сведкі прыгадваюць, што пасля ўскладання кветак і агляду кампазіцыі камандантэ раптам вырашыў спускацца не па прыступках, а проста па травяным схіле. Які да таго ж быў яшчэ і мокрым, бо ў гэты дзень ішоў дождж. Пакручасты спуск стаў выпрабаваннем для ўсіх асоб, якія суправаджалі Кастра ў паездцы.

Ужо ў незалежнай Беларусі на Кургане Славы прайшла маштабная рэканструкцыя, гэта было рашэнне кіраўніка дзяржавы. І зноў – праз дзесяцігоддзі пасля адкрыцця комплексу – гэта стала агульнанароднай справай. Асноўную арганізацыю ўзяла на сябе Федэрацыя прафсаюзаў. Сімвалічным момантам стала прысутнасць на адкрыцці абноўленага Кургана Славы ў 2004-ым годзе прэзідэнтаў Беларусі, Расіі і Украіны.

Сёння Курган Славы – філіял Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” (паказальна, што абодва помнікі адкрыліся ў адзін дзень – 5-га ліпеня 1969-га). На Кургане заўсёды шматлюдна, кожны год яго наведваюць дзясяткі тысяч чалавек. Калісьці ля падножжа помніка прымалі ў піянеры, ускладалі кветкі тыя, хто пабраўся шлюбам. Зараз тут праводзяцца самыя розныя ўрачыстыя цырымоніі, у тым ліку на Дзень Незалежнасці.

І ў канцы прыгадаю яшчэ адну цытату з той прамой трансляцыі адкрыцця Кургана Славы, што захўваецца ў нашых фондах. “Пройдуць дзесяцігоддзі, але і нашы нашчадкі будуць зноў і зноў звяртацца да гераічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Курган Славы вечна будзе стаяць тут як сімвал славы і велічы здзейсненага подзвігу”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: