У першыя дні новага года традыцыйна гучыць шмат прагнозаў ад самых розных экспертаў. Якім год будзе, чаго чакаць, да чаго рыхтавацца – у сусветнай палітыцы, эканоміцы, навуцы, культуры. Напэўна, вы самі чулі або чыталі такія прагнозы, у сваіх радыёблогах пра іх расказалі мае калегі.
Але звычайна такія прадказанні, што называецца, на злобу дня – яны рэдка выходзяць за межы аднаго-двух гадоў. Мне ж днямі трапіўся на вочы больш глабальны… нават не прагноз, а хутчэй, сцэнарый развіцця. Лагічная выснова з тых працэсаў, якія адбываюцца ўжо сёння. Прычым датычацца яны кожнага з нас.
Гучыць прыгожа: мы, чалавецтва, знаходзімся на парозе новай эпохі. Гэта будзе эпоха, калі неабходная для жыцця энергія забяспечваецца фізікай, а не біялогіяй і не хіміяй, як у мінулыя стагоддзі. Такая энергія можа быць больш чыстай, больш таннай і лепшай.
Аўтар артыкулу ў брытанскай версіі часопіса Wired піша: жыццёвая сіла нашай цывілізацыі – гэта энергія. На працягу многіх тысячагоддзяў чалавечай гісторыі энергія здабывалася рознымі шляхамі, але заўсёды былі два крытычна важныя фактары. Па-першае, гэта павінна быць танна. Па-другое, энергіі нам заўсёды будзе трэба ўсё больш і больш.
Гісторыя пытання такая. Спачатку людзі атрымлівалі ўсю энергію ад біялогіі. Простымі словамі, ад раслін і прадуктаў, якія яны з’ядалі і пасля выкарыстоўвалі сваю працоўную сілу, рукі і ногі. Але энергіі патрэбна было ўсё больш, таму з часам давялося шукаць іншыя яе крыніцы. Так пачалі выкарыстоўваць энергію, якую забяспечвалі цягліцы жывёл (напрыклад, калі запрагалі каня, быка або вярблюда). Дарэчы, колькі стагоддзяў прайшло, а мы дагэтуль выкарыстоўваем выраз “конская сіла” у адносінах да аўтамабіляў, часам не задумваючыся, адкуль ён пайшоў.
У любым выпадку гэта была ўсё яшчэ біялогія. Таму тыя часы можна назваць векам энергіі, якая забяспечвалася біялогіяй.
Усё кардынальна змянілася крыху больш, чым 100 гадоў таму (па мерках гісторыі – невялікі адрэзак часу). Энергіі людзям трэба было ўсё больш, таму давялося шукаць новыя спосабы яе атрымання – і тут на дапамогу прыйшла хімія. Каб стварыць энергію, людзі пачалі спальваць рэчы (напрыклад, той жа вугаль).
Дзякуючы новаму падыходу чалавецтва стала сведкам вялізнага росту сусветнага валавога ўнутранага прадукта на душу насельніцтва. Новы, “хімічны”, спосаб атрымання энергіі дапамог стварыць сучасны індустрыяльны свет, якім мы яго ведаем і сёння. Можна назваць гэта эпохай энергіі, якая забяспечваецца хіміяй.
Ёсць, аднак, вялікая праблема: вынікі ўсяго гэтага гарэння трапляюць у паветра, руйнуючы атмасферу Зямлі. Расце пагроза змены клімату, пра што мы чуем сёння ледзь не штодня з кожнага праса.
І вось на нашых вачах чалавецтва, здаецца, уступае ў новую эпоху, калі фізіка гатовая замяніць хімію як найбольш эканамічная крыніца энергіі. Менавіта фізіка – за кошт выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі Сонца і ветру – упершыню ў гісторыі дазволіла людзям атрымаць доступ да вялізнай крыніцы энергіі, у якой ёсць два несумненныя плюсы. Першы – такая энергія танней, чым тая, што атрымліваецца хіміяй. Другі – пры гэтым не ствараецца нічога шкоднага для атмасферы.
Ёсць, канечне, і мінусы. Адзін з іх навідавоку: перабоі ў рабоце такіх крыніц энергіі (Сонца свеціць не заўсёды, а вецер можа не дзьмуць). Але, як піша аўтар матэрыялу Wired, дзякуючы тэхналогіі мікрапрацэсара, масавай вытворчасці розных новых матэрыялаў, сёння ствараецца спецыяльная інфраструктура. Можна будзе збіраць, пераўтвараць і перамяшчаць энергію з тых месцаў, дзе шмат сонечнага святла, туды, дзе яна неабходная. А таксама захоўваць яе для выкарыстання, калі сонца не свеціць. Гэта ўсяго толькі інжынерныя праблемы, якія можна вырашыць. Сонца забяспечвае ў 10 тысяч разоў больш энергіі, чым неабходна ўсяму чалавецтву.
Некаторыя эксперты вераць, што менавіта ў новым, 2022-ім годзе дасягненні ў галіне інжынерных і вылічальных магчымасцей значна палепшаць эканоміку чыстай энергетыкі. Яна стане жыццяздольным варыянтам для ўсіх. Асноўная крыніца энергіі пераходзіць з адной галіны навукі ў другую (з хіміі ў фізіку), і ёсць спадзяванні, што мы ўступаем у эпоху, якая прыкметна палепшыць грамадства. Карацей, фізіка выратуе нас, а жыццё палепшыцца амаль ва ўсіх адносінах.
Канечне, наконт такіх аптымістычных высноў аўтара артыкулу ёсць вялікія сумненні. Мала веры, што багатыя краіны (або буйныя карпарацыі) проста так возьмуць і перададуць свае напрацоўкі ў гэтай сферы іншым дзяржавам, каб яны на радасць усім таксама актыўна развіваліся. Нешта альтруізма ў сучасным глабальным свеце амаль не заўважна! А ў такіх гісторыях гэта заўсёды пытанне доступу да тэхналогій. У каго яны ёсць – той і на кані.
З іншага боку, жывём жа ўсе на адной планеце. І калі ў вас будуць чыстыя тэхналогіі атрымання энергіі, а ў суседзяў – брудныя, то “куды вы падзенецеся з падводнай лодкі”? Усім будзе дрэнна, і суседзям, і вам. А змену клімату адчуюць і мільярдэры, і апошнія жабракі. Так што ёсць надзея, што калектыўны розум возьме верх.
І яшчэ. Атамная энергетыка, якую зараз актыўна развівае Беларусь, – гэта ж таксама пра энергію фізікі, а не хіміі (і, канечне, не біялогіі). Гэта таксама больш чыстая крыніца энергіі. Нядаўна ў нашым эфіры намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк расказаў: калі будзе ўведзены другі энергаблок, АЭС будзе выпрацоўваць каля 40% усёй электраэнергіі, якая неабходная Беларусі. Як вядома, ідуць размовы і пра магчымае будаўніцтва другой атамнай станцыі.
Так што калі мы і назіраем зараз нараджэнне новай эпохі атрымання энергіі, то Беларусь дакладна знаходзіцца ў яе трэндзе.