Падзяліцца:
«Розгалас. Небяспечныя гульні ў кальмара». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.10.2021
«Розгалас. Небяспечныя гульні ў кальмара». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Памятаю, яшчэ ў школьныя гады мяне вельмі ўразіў адзін мастацкі фільм. Глядзелі яго ўсім класам, разам з нашым класным кіраўніком, у сталічным кінатэатры «Кіеў» – ён тады быў самы блізкі да школы. Стужка называецца «Да першай крыві» і выйшла ў свет у 1989-ым годзе. Калі памяць не падводзіць, у той самы час мы яе і паглядзелі.

Сюжэт фільма такі: у піянерскім лагеры на беразе мора праходзіць ваенная гульня «Зарніца», вядомая многім пакаленням савецкіх дзяцей. Увесь лагер падзелены на дзве, умоўна кажучы, арміі: «сініх» і «зялёных». На плячах у іх самаробныя, з паперы, пагоны адпаведных колераў. Адно з асноўных правіл гульні – трэба сарваць у праціўніка гэтыя пагоны. Сарваў адзін – гэта значыць «параніў». Калі сарваў абодва — праціўнік «забіты» і выбывае з гульні.

Здаецца, звычайная дзіцячая гульня, але з кожнай экраннай хвілінай яна заходзіць усё далей і далей. Крыві як такой, наколькі памятаю, там усё ж не было – хіба ад разбітых кімсьці каленак. Але выглядала ўсё на экране нечакана жорстка для дзіцячага кіно. Псіхалагічна жорстка. Адзін з эпізодаў – калі разведчыкі «сініх» захапілі дзяўчынку з групы «зялёных». А яна начальнік «шпіталя», ведае размяшчэнне штаба праціўніка. Спрабуючы атрымаць патрэбную інфармацыю, ёй пад майку засоўваюць жабу і даводзяць да слёз. Праўда, у выніку дзяўчыну вызваляе атрад сваіх, «зялёных». Лічыцца, што ў фільме ў алегарычнай форме паказаны атрыбуты сапраўднай «дарослай» вайны: і здрада, і гераізм, і баявое братэрства. І жорсткасць, якую можа праявіць любы чалавек у пэўных абставінах.

Сёння на інтэрнет-форумах можна сустрэць як зацятых фанатаў гэтага савецкага фільма, так і яго адкрытых праціўнікаў. Першыя, кажуць, што стужка – таленавітае антываеннае кіно, якое варта глядзець не толькі дзецям, але і дарослым. Другія запэўніваюць: «Да першай крыві» – антысавецкая «чарнуха», папулярная ў часы перабудовы, якая паказвае тое, чаго не магло быць.

Памятаю ўласнае адчуванне пасля прагляду фільма. Як і некаторыя іншыя сябры-аднакласнікі, я быў крыху «прыбіты». Уразіла тое, як фактычна нашы аднагодкі – няхай і на экране – могуць проста на вачах, крок за крокам, пераходзіць мяжу і станавіцца жорсткімі. Не ведаю, ці жадалі аўтары фільма напужаць юных гледачоў, прымусіць задумацца – як не перайсці тую тонкую небяспечную рысу? Але ў іх дакладна гэта атрымалася. А магчыма, проста так мы выхоўваліся і такія былі часы.

А зараз часы іншыя і фільмы іншыя. Адзін з самых папулярных на гэты момант – паўднёвакарэйскі серыял «Гульня ў кальмара». Ён ужо стаў самым папулярным серыялам у гісторыі стрымінгавай платформы Netflix, набраўшы менш чым за месяц пасля выхаду больш за 110 мільёнаў праглядаў.

У аснове фільма – сакрэтная гульня на выжыванне. Удзельнікам, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы, прапануюць згуляць і атрымаць грашовы прыз. Ёсць толькі адзін жахлівы нюанс: пераможцам можа стаць адзін чалавек. Іншых адразу ж забіваюць. А гуляюць яны ў розныя дзіцячыя гульні, напрыклад, «Чырвонае святло, зялёнае святло».

І вось з'явілася вялікая праблема.

Пра серыял зараз не піша і не расказвае толькі лянівы, таму не дзіўна, што шуміха вакол яго дайшла і да дзяцей. Тым больш, што, як пішуць, раскруціўся фільм дзякуючы ролікам у сацыяльнай сетцы TikTok – надзвычай папулярнай у дзяцей школьнага ўзросту. І вось «Гульню ў кальмара» ужо абмяркоўваюць і ў школах. Жорсткія сцэны, фізічнае і псіхалагічнае насілле ў серыяле не лепшым чынам уплываюць на некаторых дзяцей.

Нямецкі часопіс Stern піша пра выпадак у адной са школ Бельгіі, дзе вучні паўтаралі сцэны з серыяла. Кіраўніцтва школы паведаміла пра гэта бацькам. Дзяцей убачылі ў школьным двары падчас розных гульняў з папулярнага серыяла. Прычым тых, хто прайграў, астатнія збівалі. Адміністрацыя школы паспяшалася заявіць, што робіць усё магчымае, каб пакласці канец «нездаровай і небяспечнай гульні». Вучням, якіх і далей заўважаць у такіх гульнях, пагражаюць штрафамі. Як быццам яны самі будуць іх плаціць! Магчыма, разумеючы гэта, школьнае начальства звярнулася да бацькоў з заклікам: растлумачыць дзецям, да якіх наступстваў могуць прывесці такія гульні.

Шалёная папулярнасць «Гульні ў кальмара» выклікае занепакоенасць і ў настаўнікаў з іншых краін. Адна са школ Лондана разаслала ліст ўсім бацькам з папярэджаннем, каб дзеці не глядзелі гэты серыял. Іншая школа пачала ўжо ў якасці прафілактыкі праводзіць для сваіх вучняў дадатковыя курсы па прадухіленні насілля. Адна з расійскіх арганізацый звярнулася да псіхолагаў з просьбай праверыць карэйскі серыял з-за масавых скаргаў бацькоў непаўналетніх дзяцей. Праўда, у СМІ тут жа прыгадалі, што і ў самой Расіі ёсць вельмі падобныя па тэматыцы серыялы (напрыклад, «Кол-цэнтр»), але на іх чамусьці ўвагу не звяртаюць.

Карацей, праблема. У якой наўрад ці ёсць простае рашэнне. Калі ў маім дзяцінстве фільмы былі ў асноўным з правільным пасылам і ўбачыць іх мы маглі толькі ў кінатэатры або па тэлевізары, то зараз у сваім смартфоне дзеці могуць знайсці што заўгодна. І пасыл там таксама можа быць які заўгодна – ад суіцыду да насілля.

Канечне, галоўная роля тут у бацькоў – растлумачыць, што добра, а што дрэнна (і пры гэтым мець на ўвазе, што кантэнт у смартфоне дзіцяці заўсёды будзе больш прывабны і яркі, больш цікавы, чым любая прамова бацькоў). Калі адных размоў недастаткова, трэба рэгуляваць, што дзіця можа глядзець, а што не – інструментаў для такога бацькоўскага кантролю зараз хапае. Не лішняй будзе дапамога школы і розных грамадскіх арганізацый. Інакш на нашых вачах гульня ў кальмара ператворыцца ў штосьці іншае.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: