Падзяліцца:
«Розгалас. Нельга забыць!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.05.2021
«Розгалас. Нельга забыць!» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

У сваім рамане «Нельга забыць» выдатны беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч так піша пра Вялікую Айчынную вайну: «бяда, пра якую няма сілы пісаць і нельга не пісаць, бо чалавечая памяць кароткая, бо пакуты неадплачаны, бо мёртвых не вернеш, бо ляжыць і доўга будзе ляжаць на пакаленнях цень чорных крыл, бо чалавек не забывае, а калі б забываў, быў бы проста неразумным свінячым быдлам». Караткевіч робіць выснову: «Жах вайны. Гнеў вайны. Хто можа забыць пра вас, адмахнуцца ад вас?! Няма забыцця».

Так, у гэтыя дні, калі мы адзначаем Дзень Перамогі, зноў хочацца гаварыць пра тую вайну. Дакладней, пра памяць. Бо сапраўды – НЕЛЬГА ЗАБЫЦЬ. Але, на жаль, забываюць. Здавалася б, натуральны працэс: мінаюць дзесяцігоддзі, вайна ад нас усё далей і далей, і ўсё менш дэталяў і падрабязнасцей. Усё менш тых, хто перажыў гэтыя жахі і на ўласныя вочы бачыў гэтых герояў. Або сам быў героем.

Але ж гэта ўсё не апраўданне! Бо (вернемся зноў да цытаты з Караткевіча) пакуты ж неадплачаны. І вельмі не хочацца быць «неразумным свінячым быдлам», якое ўсё забыла і спакойна жыве далей. Тым больш, так шмат вакол жадаючых дапамагчы нам, беларусам, расіянам, украінцам, іншым народам былога Савецкага Саюза, хутчэй гэта забыць. «Размыць» гэтую тэму ў нашай свядомасці. Прымусіць сумнявацца ў тым, што нашы дзяды лічылі адназначным. А там глядзіш, і вызваліцелі становяцца ледзь не акупантамі, і здрада ўжо ледзь не вымушаная мера…

І вось праваахоўнікі Украіны напярэдадні 9 мая папярэджваюць: за выкарыстанне савецкай сімволікі будзе адказнасць. Дзіўна, бо паралельна ў Кіеве праходзіць шэсце радыкалаў-нацыяналістаў да чарговай гадавіны фарміравання дывізіі СС «Галічына». Няхай яно і нешматлікае, нават сотню ўдзельнікаў не набрала, аднак ніякай выразнай рэакцыі, а тым больш забароны, з боку афіцыйнай улады не відаць. Яшчэ раней афіцыйны Кіеў пачаў праводзіць палітыку гераізацыі так званых дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху. У асноўным яны звязаны з сумна вядомай Украінскай паўстанцкай арміяй.

А ў дзяржавах Балтыі падобную палітыку пачалі праводзіць значна раней. У Латвіі ўжо стала традыцыяй ўслаўленне легіянераў «Вафен-СС» — штогод у сярэдзіне сакавіка вялікія прыхільнікі нацызму (сярод якіх і дэпутаты Сейма) удзельнічаюць у шэсці былых легіянераў у Рызе і ўскладанні кветак да магіл эсэсаўцаў.

У Літве ўшаноўваюць «лясных братоў» — а іх ахвярамі сталі дзясяткі тысяч мірных жыхароў. Учынялі «лясныя браты» рэйды і на тэрыторыю сучаснай Беларусі — у 1948-1949 гадах на тэрыторыі Гродзенскай вобласці яны спальвалі дамы, разбуралі будынкі, забівалі людзей. Масавага характару гэта не набыло, але, што, значыць, можна усё забыць? Нельга!

Як няма забыцця і тым фактам генацыду (будзем называць рэчы сваімі імёнамі), што праводзілі на тэрыторыі Беларусі нацысты. Наша краіна пакрылася густой сеткай лагераў, гета, турмаў. Страшныя адрасы генацыду беларускага народа ведае ўвесь свет – Хатынь, Дальва, Азарычы, Шунёўка, Трасцянец… На беларускай зямлі было створана больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей, у тым ліку каля 70 яўрэйскіх гета. Толькі ў Мінску і ваколіцах было 9 лагераў, у якіх знішчылі больш за 400 тысяч чалавек.

Акрамя таго, за гады вайны нацысты ўчынілі звыш 140 буйных карных аперацый супраць партызан і насельніцтва Беларусі. Самыя маштабныя і крывавыя з іх: акцыя «Прыпяцкія балоты» летам 1941-га (спалены два дзясяткі вёсак, знішчана амаль 14 тысяч чалавек), аперацыя «Бамберг» вясной 1942-га (падчас яе каты спалілі больш за 3,5 тысячы жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі тысячы жыхароў Магілёўскай, Мінскай і Гомельскай абласцей), экспедыцыя «Котбус» летам 1943-га (поўнасцю або часткова спалены дзве сотні вёсак, расстраляна і спалена больш за 10 тысяч мірных жыхароў Мінскай і Віцебскай абласцей).

Ваенныя дзеянні і масавыя карныя акцыі супраць жыхароў акупіраванай тэрыторыі прывялі да велізарных людскіх страт і нанеслі небывалы матэрыяльны ўрон Беларусі. Найбольш значнымі і непапраўнымі былі, канечне, людскія страты – за чатыры гады вайны загінула каля 3 мільёнаў жыхароў Беларусі. Гэта таксама забыць?!

Ёсць адчуванне, што некаторыя заходнія палітыкі якраз і ставяць такую задачу: сцерці, або кажучы сучаснымі словамі, «перапрашыць» нашу гістарычную памяць, размыць акцэнты. Каб нашчадкі герояў-пераможцаў сталі адчуваць ледзь не віну за сваіх бацькоў і дзядоў. Яны ж, аказваецца, былі «акупантамі», а не прынеслі мір для ўсяго чалавецтва цаной уласнага жыцця! Магчыма, ёсць і іншае жаданне: скажаючы гісторыю, абяліць сябе. Апраўдаць такім чынам пасіўнасць, баязлівасць і калабарацыянізм многіх еўрапейцаў у гады барацьбы з нацызмам. Ярлык «памагатых» фашыстаў замяніць на ролю «ахвяр».

Таму і даводзіцца праз многія дзесяцігоддзі зноў і зноў гучна заяўляць пра сваю пазіцыю, нагадваць пра генацыд, супраціўляцца спробам перапісаць гісторыю. Прычым чым далей, тым гучней! Гэта ў савецкі час можна было казаць шэптам – бо яшчэ нясцерпна балела ў кожнай сям'і. А чым далей ад пераможнага мая 1945-га, тым усё больш сціраецца з памяці, праходзіць разам з часам. Таму, бывае, і даводзіцца крычаць – каб пачулі і задумаліся. Бо забываць нельга.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: