Падзяліцца:
«Розгалас. «Новая ежа» можа выратаваць планету, але забіць сельскую гаспадарку». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.01.2020
«Розгалас. «Новая ежа» можа выратаваць планету, але забіць сельскую гаспадарку». Радыёблог Максіма Угляніцы

Завяршыліся навагоднія дні (многія скажуць «нарэшце!») і мы пакрысе вяртаемся ў звычайны працоўны рытм. Думаю, не памылюся, калі скажу: большасць з нас сустракалі святы за сталом, а прадукты на нашых сталах у асноўным былі беларускія. Свае. Смачныя і якасныя.

Але ведаеце што? Можа так здарыцца, што пройдзе зусім няшмат часу, і мы ўбачым на сваіх сталах зусім іншыя прадукты. Дакладней так: магчыма, знешне яны будуць такімі ж, але зробленымі зусім па іншых тэхналогіях. Карацей кажучы, вучоныя тут абяцаюць нам рэвалюцыю ў харчаванні. Нам – гэта не толькі беларусам, гэта ўсяму чалавецтву. Вырашчаная ў лабараторыі ежа выратуе планету, – спадзяюцца навукоўцы. Але можа знішчыць сельскую гаспадарку ў цяперашнім яе выглядзе.

Вялікі артыкул на гэтую тэму напярэдадні апублікавала аўтарытэтнае брытанскае выданне Guardian. Журналіст на свае вочы ўбачыў у адной з лабараторый прыватнай кампаніі на ўскраіне Хельсінкі, як вучоныя робяць ежу літаральна з мікробаў і вады. Гэта можа падацца цудам, але ніякіх вялікіх тэхналагічных прарываў тут не спатрэбілася. У металічным рэзервуары ўзбіваюць жоўтую пену – гэта, кажучы вобразна, «суп» з бактэрый. Іх узялі з глебы і размножылі ў лабараторыі. Пры гэтым у якасці крыніцы энергіі выкарысталі вадарод, узяты з вады. Калі пену прапускалі праз клубок труб і ўпырсквалі на нагрэтыя ролікі, яна ператваралася ў густую жоўтую муку.

Журналіст Guardian прызнаецца: хоць пакуль гэтую муку не прадаюць – на яе няма ліцэнзіі, – прадстаўнікі кампаніі дазволілі яму зрабіць з мукі першы блін. На смак атрымалася, як звычайны блін.

Але такая «мука з бактэрый» – хутчэй не для бліноў. Яна хутка можа стаць сыравінай практычна для ўсяго. У першасным выглядзе яна можа замяніць розныя напаўняльнікі, якія сёння выкарыстоўваюцца ў тысячах харчовых прадуктаў. Калі бактэрыі мадыфікаваны, яны будуць ствараць спецыфічныя бялкі, неабходныя для вырашчаных у лабараторыі мяса, малака і яек. Вугляводы, якія застаюцца пры экстракцыі бялкоў і тлушчаў, могуць замяніць усё – ад макароннай мукі да бульбяных чыпсаў. Першы камерцыйны завод, пабудаваны кампаніяй з Хельсінкі, павінны запусціць у наступным годзе.

Яшчэ важная рэч. У кампаніі сцвярджаюць: эфектыўнасць выкарыстання зямлі для вытворчасці такіх прадуктаў будзе ў 20 тысяч разоў вышэйшая, чым зараз. Таму можна будзе шчодра накарміць кожнага жыхара нашай планеты, і пры гэтым выкарыстоўваць толькі невялікую частку яе паверхні. А лепшым месцам для ўзвядзення адпаведных заводаў, па разліках, могуць быць пустыні.

Выданне Guardian робіць глабальную выснову: мы на парозе найбуйнейшай эканамічнай трансфармацыі за апошнія 200 гадоў. Пакуль бушуюць спрэчкі пра раслінныя і мясныя дыеты, новыя тэхналогіі хутка зробяць іх неактуальнымі. Неўзабаве вялікая частка нашай ежы будзе паступаць не ад жывёл і раслін, а ад аднаклетачнага жыцця. Усе фермерскія і іншыя гаспадаркі (магчыма, акрамя вырошчвання садавіны і гародніны) можа замяніць просты працэс: падрыхтоўка мікробаў з дапамогай ферментацыі. Гэта азначае размнажэнне пэўных мікраарганізмаў для вытворчасці пэўных прадуктаў на фабрыках.

Спецыялісты не сумняваюцца: некаторыя людзі будуць у жаху ад такой перспектывы. Асабліва тыя, хто працуе ў сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці – бо яны проста страцяць працу, калі новыя тэхналогіі дакажуць сваю эфектыўнасць. Так, аналітычны цэнтр RethinkX прагназуе: малочнае фермерства ў ЗША да 2030-га будзе практычна банкрутам. Крах можа чакаць і галіну жывёлагадоўлі: апісаны працэс ферментацыі зробіць гэтыя бялкі ў 10 разоў таннейшымі, чым бялкі жывёл. Больш за тое, «новая ежа» будзе не толькі таннейшай, але і больш здаровай. Прадукты будуць складацца з простых інгрыдыентаў, можна будзе «адсейваць» алергены, цвёрдыя тлушчы і іншыя шкодныя для здароўя кампаненты. Мяса застанецца мясам, але будзе вырошчвацца на заводах, а не ў целах жывёл. У выніку можа вырашыцца праблема голаду.

І галоўнае: новыя падыходы дазволяць выратаваць планету ад многіх негатыўных наступстваў сельскай гаспадаркі. Вучоныя кажуць пра разбурэнне клімату, забруджванне рэк і паветра… Калі біятэхналагічная рэвалюцыя адбудзецца, прырода пачне вяртацца на вялізныя тэрыторыі сушы і мора, якія зараз «працуюць» на сельскую гаспадарку. І наша Зямля ўздыхне з палёгкай.

Цяжка сказаць, ці спраўдзяцца ўсе прагнозы, апублікаваныя ў артыкуле. Зрэшты, размова пра тэхналогіі, якія ўжо ўкараняюцца ў практыку, таму адказ прыйдзе дастаткова хутка. У любым выпадку ёсць пра што задумацца, у тым ліку і Беларусі, дзе аграрны сектар займае дастаткова вялікае месца ў эканоміцы. Праўда, і новыя тэхналогіі «напіраюць»: напрыклад, летась наша ІТ-сфера упершыню зраўнялася па ўкладзе ў эканоміку з галіной АПК. Вось толькі расце ІТ нашмат больш хуткімі тэмпамі! Ці не здарыцца гэтак жа з біятэхналогіямі?

І тут жа з'яўляецца пытанне да нашых вучоных: а ці ёсць у іх тэхналогіі, падобныя да апісаных у артыкуле? Гэта ж пытанне харчовай бяспекі: ці не давядзецца купляць за мяжой такую «штучную ежу», бо яна будзе ў дзясяткі разоў таннейшая, чым традыцыйная, зробленая па «дзедаўскіх» метадах? Або нашы спецыялісты – чаму не?! – прыдумаюць яшчэ больш рэвалюцыйныя тэхналогіі?

У любым выпадку вельмі цікава будзе назіраць за развіццём гэтай гісторыі. Бо мы ў чарговы раз можам стаць сведкамі таго, як будучыня надыходзіць проста на нашых вачах.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: