Падзяліцца:
«Розгалас. Нязручныя пытанні пра вакцыны ад каронавірусу». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.07.2021
«Розгалас. Нязручныя пытанні пра вакцыны ад каронавірусу». Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Калоць або не калоць? – вось у чым пытанне. Надзённае пытанне для мільёнаў чалавек у самых розных краінах. Размова, канечне, пра вакцыну ад «кавіду». Прычым абсалютна не мае значэння канкрэтная назва прэпарату або канкрэтная краіна – як паказвае практыка, апасенні ў людзей прыкладна аднолькавыя.

Ну гэта ў тых, хто ў прынцыпе задаецца такімі пытаннямі – бо многія ж на сёння ўжо зрабілі прышчэпкі, і спакойна жывуць далей. Або не спакойна – напрыклад, калі зрабілі прышчэпку і ў хуткім часе захварэлі. Адразу ў людзей пытанні: што ж за вакцына такая, што мяне не зберагла?

Насамрэч, на гэта, як і на іншыя найбольш распаўсюджаныя пытанні па вакцынацыі, адказы ў спецыялістаў ёсць. У гэтым радыёблогу я сабраў найбольш важныя і цікавыя каментарыі беларускіх, расійскіх, замежных урачоў і вучоных, што датычацца прышчэпак ад каронавірусу.

Наколькі працяглую абарону ад «кавіду» даюць вакцыны? Тут спашлёмся на меркаванне аднаго з самых медыйных беларускіх дактароў – галоўнага ўрача 1-ай гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрыя Шаўцова. У інтэрв'ю агенцтву БелТА ён расказаў пра ўласныя назіранні: абароны хапае прыкладна на 6 месяцаў. Пасля патрэбная рэвакцынацыя. Іншымі словамі, прайшло паўгода – і лепш ісці прышчапляцца па-новаму.

Прычым, як запэўнівае Дзмітрый Шаўцоў, не мае значэння, наколькі высокі цітр антыцелаў, можна не замарочвацца адпаведнымі тэстамі. Высокі ўзровень антыцелаў падае хутчэй, нізкі – больш павольна, але ўсё роўна іх хапае прыкладна на паўгода.

Навошта прышчапляцца мне, калі гэта зробяць іншыя, і ў выніку будзе калектыўны імунітэт? Што ж, калі вакцынуюцца 90% жыхароў краіны, а вы трапіце ў астатнія 10%, то гэта правільныя развагі. А вось калі наадварот…

Вучоныя высветлілі: чым менш прышчэпленых людзей будзе ў свеце або ў канкрэтнай краіне, тым больш шанцаў на з'яўленне новых штамаў каронавірусу. І тым часцей яны будуць з'яўляцца. А калектыўны імунітэт можа з'явіцца, толькі калі большая частка людзей увогуле перастаюць заражацца вірусам.

Можа атрымацца замкнёнае кола: пакуль многія марудзяць з вакцынацыяй, з'яўляецца новы штам «кавіду», ён больш заразны, пачынаюць хварэць нават тыя, хто прышчапіўся, старыя вакцыны губляюць эфектыўнасць, пакуль ствараюцца новыя і людзі раздумваюць, ці трэба прышчапляцца, вірус зноў муціруе і гэтак далей па коле. Штосьці падобнае здарылася ўжо са з'яўленнем штаму «Дэльта», які прыйшоў з Індыі.

Нават тыя, хто рабіў прышчэпку, пасля ўсё роўна захварэлі, хтосьці нават трапіў у бальніцу. У чым тады эфектыўнасць? Папулярная прэтэнзія. Урачы адказваюць так. Большасць вакцын ад каронавірусу – двухкампанентныя. Гэта значыць, патрэбныя дзве прышчэпкі, паміж першай і другой праходзіць час, звычайна ад 20-ці дзён да трох месяцаў. Адзін кампанент паўнацэннай абароны не дае. Расійскія спецыялісты прааналізавалі: дзве трэці з тых, хто прышчапіўся ад «кароны», але пасля трапіў у бальніцу, атрымалі толькі першы кампанент.

Зрэшты, ёсць і такія людзі, у каго нават пасля поўнага цыклу вакцынацыі, імунітэт ад захворвання не выпрацоўваецца. Але такое бывае з любой вакцынай, не толькі ад каронавірусу.

Дык навошта тады ўвогуле прышчапляцца, калі нішто не дае 100% гарантыі? Пытанне філасофскае, можна прыгадаць меркаванне Астапа Бендэра, што поўную гарантыю дае толькі страхавы поліс. А можна – ідэю пра цэглу, якая можа выпадкова зваліцца на галаву нават прышчэпленага чалавека.

Аднак, калі разважаць прагматычна, – прышчэпка рэзка зніжае верагоднасць цяжкага цячэння хваробы. У выпадку з каронавірусам – гэта ўвогуле практычна адзіная магчымасць штосьці рабіць, бо спецыфічных лекаў пакуль няма. Так, нейкаму асобнаму чалавеку можа фатальна не пашчасціць, але верагоднасць гэтага настолькі мізэрная, што лепш пра яе не думаць.

А што калі цяжкая алергічная рэакцыя? Швейцарскія журналісты з выдання Le Temps высветлілі: ніводнага выпадку смерці ад анафілактычнай рэакцыі не было. Цяжкія алергіі здараюцца, але прыкладна ў аднаго чалавека на мільён. Затое калі вы захварэеце і давядзецца прымаць шмат розных лекаў, шанцы атрымаць алергію на іх адразу рэзка павышаюцца.

Вакцыны стварылі надзвычай хутка, хто там ведае, якія будуць наступствы?! Спецыялісты даказваюць: калі ў вакцыны і ёсць нейкія пабочныя эфекты, то яны павінны праяўляцца праз 3-4 месяцы пасля ўколу. У асноўным гэты час мінуў, нічога такога, што можа выклікаць апасенні, не з'явілася.

Чаму ж тады многія медработнікі самі не прышчапляюцца? На гэта іх калегі адказваюць так: не трэба лічыць, што любы ўрач – эксперт па інфекцыйных захворваннях і па вакцынах. Таму натуральна, што іх хвалююць тыя ж пытанні, што і шырокую грамадскасць. Больш за тое, даць параду прышчапіцца – гэта ўзяць на сябе адказнасць. Не ўсе ўрачы гатовыя да такой адказнасці ў сітуацыі, калі (як мы сказалі) 100% гарантыі няма.

Я нашу маску, навошта яшчэ прышчапляцца? Маскі і іншыя бар'ерныя жэсты не прадухілілі другой хвалі каронавірусу. Відаць па ўсім, аэразольны шлях перадачы вірусу часта ігнаруе хірургічныя маскі. Тым больш, гэта не будзе перашкодай для больш заразных штамаў, як тая ж «Дэльта».

Насамрэч пытанняў яшчэ шмат. На многія з іх мы адказваем і далей будзем адказваць у нашым эфіры з дапамогай спецыялістаў. Пракансультавацца можна і ў саміх урачоў у пунктах вакцынацыі, тым больш іх адкрываецца ўсё больш, прычым у самых зручных месцах. Галоўнае зразумець, што каронавірус – гэта рэальнасць, з якой нам жыць. І лепш сустракаць гэтую рэальнасць у поўным узбраенні, а значыць, са спакойнай душой.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: