Падзяліцца:
«Розгалас. Па кім звіняць званы Хатыні?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.03.2021
«Розгалас. Па кім звіняць званы Хатыні?» Радыёблог Максіма Угляніцы (аўдыё)

Упершыню ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» я пабываў у самым пачатку 2000-х. Мне тады было 20 з невялікім, у Хатынь мы выбраліся ў выхадны ўсёй сям'ёй. Памятаю, быў сонечны дзень, цудоўнае летняе надвор'е, і гэта выклікала поўны дысананс з трагічнымі падзеямі, якія ў тым месцы адбыліся. Таму і адчуваў я ў той дзень не столькі смутак, колькі веліч – ад перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Слухаў званы Хатыні, чытаў назвы спаленых гітлераўцамі вёсак і думаў: «Але ж у выніку мы перамаглі? Перамаглі!» Доказам таму – і яснае (ні воблачка) мірнае неба над галавой.

А яшчэ, памятаю, здзівіўся – чаму ж ніколі не бываў тут школьнікам? Чуў пра Хатынь шмат разоў, у тым ліку і на ўроках гісторыі, а вось экскурсію нам так і не зрабілі. А чуць і бачыць на ўласныя вочы – усё ж розніца ёсць, пагадзіцеся.

Наступны ўспамін звязаны з часам, калі я працаваў ужо журналістам. У мемарыяльным комплексе прымалі чарговую дэлегацыю высокіх гасцей з-за мяжы, мяне адправілі асвятляць гэты візіт. А ў той дзень у Хатыні дзьмуў вельмі моцны вецер. І вось я разумею, што ад ветру пачынаюць слязіцца вочы, слёзы проста не стрымаць. Зрабіць нічога нельга – якраз у гэты момант мы запісваем інтэрв'ю з гасцямі, рукі заняты мікрафонам.

З аднаго боку, неяк няёмка перад калегамі – мужчыны ж не плачуць... А з іншага, чаго саромецца? У такім месцы – эмоцыі абсалютна дарэчныя і зразумелыя.

Прыгадаў Хатынь і зусім нядаўна. Шукаў у інтэрнэце звесткі пра мясціны, звязаныя з дзяцінствам, і выпадкова мне трапіўся артыкул у выданні «Беларусь сегодня» пра адну са спаленых вёсак – Багута. Яна знаходзіцца літаральна пад Мінскам – 20 хвілін на аўтамабілі. Да вайны тут было 180 жыхароў. Пасля карнай аперацыі нямецкіх акупантаў у жывых засталіся ўсяго некалькі чалавек. Іх успаміны захаваліся ў Нацыянальным архіве Беларусі і былі апублікаваны да 75-цігоддзя Вызвалення.

Гэта была таксама вясна 1943-га. Аднойчы ў сакавіку непадалёк ад Багуты партызаны абстралялі нямецкія машыны, і за гэта фашысты вырашылі адпомсціць. Але партызан не знайшлі, а пачалі расстрэльваць і спальваць жыхароў вёскі. Найбольш уражваюць успаміны людзей, якім давялося бачыць усё гэта на ўласныя вочы. Адна з жыхарак вёскі Надзея Свянціцкая прыгадвае, як бацька ў той дзень, адчуўшы нядобрае, вырашыў завезці яе разам з мамай, сястрой і братамі ў лес. Яны толькі даехалі да горкі, як пачулі за спінамі стрэлы кулямётаў і крыкі людзей. А пасля былі вымушаны стаяць на горцы і назіраць, як немцы заходзяць у дамы і забіваюць іх родных і сяброў. Так забілі дзвюх сястрычак Надзеі. Гэта бачыў бацька, які бяссільна плакаў. Маці ледзь утрымалі, бо яна рвалася назад у вёску. Адзін з суседзяў іх сям'і ў той дзень выжыў – толькі таму, што ён незадоўга да аперацыі паехаў на млын. Усю сям'ю мужчыны немцы спалілі…

Чытаючы гэтыя ўспаміны, са страшнымі дэталямі і падрабязнасцямі, я раптам быццам бы апынуўся на месцы падзей. Уявіў самога сябе на месцы гэтых людзей, паспрабаваў адчуць іх эмоцыі – бо некаторыя былі на той момант прыкладна аднаго са мной узросту. І вось тут стала па-сапраўднаму жахліва. Я адчуў, што гэта не проста гісторыі са школьных падручнікаў, гэта тое, што адбывалася зусім побач, з такімі ж людзьмі, як я. І не важна, што мінула амаль 80 гадоў, дзякуючы запісаным успамінам, падзеі ў момант ажылі. Тады ж я прыгадаў і трагедыю Хатыні…

Так, на шчасце, Беларусь даўно жыве пад мірным небам. Аднак гэта не значыць, што Вялікую Айчынную трэба ўспрымаць толькі як гістарычны факт. Чым часцей будзем звяртацца да тэмы, чым лепш будзем памятаць пра тое, што адбылося, тым больш гарантый, што гэта не паўторыцца.

Упэўнены, што расказваць пра тыя часы – страшныя і гераічныя – абавязкова трэба яшчэ ў школьным узросце. Але толькі – крый Божа! – не рабіць гэта фармальна, агульнымі словамі. Мой калега па «Радыёблогах», пісьменнік і журналіст Навум Гальпяровіч неяк прыгадваў гісторыю. Яго запрасілі на сустрэчу са школьнікамі ў адну з дзіцячых бібліятэк. Тэмай была якраз трагедыя Хатыні. Аднак адказныя педагагічныя работнікі падышлі да тэмы, мякка кажучы, занадта адказна... Казалі вельмі правільныя словы, але дзецям хутка стала сумна, яны перасталі слухаць і пачалі дурэць адно з адным. Сустрэча была пад пагрозай правалу.

Тады шаноўны госць узяў слова і знянацку спытаў у дарослых прысутных, ці ёсць у каго запальнічкі. Дзеці зацікавіліся. Тады ён запаліў агонь і прапанаваў малым дакрануцца… Ахвотных не знайшлося, бо балюча! Вельмі балюча! А ці магчыма ўявіць, што адчувалі дзеці і дарослыя, якіх немцы закрылі ў будынку і падпалілі! Жывых. Як у Хатыні. Пасля гэтага дзеці адразу сталі сур'ёзнымі, а ў бібліятэчнай залі стала надзвычай ціха. І толькі педагогі потым прызналіся: мы і не ведалі, як расказваць так, каб іх зачапіць...

А яшчэ лепш, на маю думку, – не проста расказваць, а адвезці дзяцей на месца падзей. Да мемарыяльных комплексаў і невялічкіх памятных абеліскаў, якіх шмат па ўсёй нашай краіне. Каб убачылі на ўласныя вочы, пачулі, дакрануліся. Званы Хатыні трэба слухаць у самой Хатыні, толькі так адчуеш увесь жах той вялікай народнай трагедыі...

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: