Падзяліцца:
«Розгалас. Права на disconnect». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.07.2021
«Розгалас. Права на disconnect». Радыёблог Максіма Угляніцы

Вясной мінулага года ў інтэрнэце набыло розгалас дзіўнае відэа, якое хутка стала вірусным. Нібыта падчас традыцыйнай малітвы ў Ватыкане Папа Рымскі Францыск памахаў з акна рукой, развярнуўся, зрабіў некалькі крокаў і… у імгненне знік. Як быццам растварыўся ў паветры.

Што толькі ні пісалі ў каментарыях пад гэтым відэа! Што замест рэальнага Папы вернікам паказалі яго галаграму (такія тэхналогіі даўно ёсць, тут ніякай фантастыкі), што мы ўсе жывём у Матрыцы, і на гэты раз яна дала збой (прывітанне аматарам вядомай галівудскай стужкі).

У рэальнасці хутчэй за ўсё быў распаўсюджаны фэйк, зроблены ці то наўмысна, ці то з-за крывых рук асобных журналістаў. Бо ў афіцыйным відэа, датаваным тым жа днём, пантыфік паварочваецца ад акна і сыходзіць унутр памяшкання цалкам натуральна, як жывы чалавек, а не галаграма.

Але сутнасць не ў тым. Гэта быў чарговы раз, калі многія карыстальнікі задумаліся: а ці можам мы давяраць таму, што бачым і чуем у глабальнай сетцы? Наколькі ўсё гэта мае дачыненне да рэальнасці?

Крызіс даверу – адна з галоўных праблем інтэрнэта сёння. Тэхналогіі развіваюцца ўсё хутчэй, магчымасцей усё больш – а даверу ўсё менш. А як давяраць, калі нельга быць упэўненым у тым, што чытаеш, чуеш і бачыш! Адразу прыгадваеш правіла Казьмы Пруткова: «Не вер вачам сваім».

Памятаеце, як усё добра пачыналася? Інтэрнэт быў крыніцай карыснай інфармацыі. Даваў адказы на складаныя пытанні. Раней мы ішлі па гэтыя звесткі ў бібліятэкі, шукалі спецыялістаў, урэшце дзяліліся адно з адным (як тымі ж рэдкімі рэцэптамі страў). Пасля з'явіўся інтэрнэт – заходзь і карыстайся. І толькі з вопытам, далёка не адразу, стала прыходзіць разуменне: інтэрнэт гэта не кніга, дзе пазначаны аўтар. Не спецыяліст, якога ты бачыш перад сабой. Не твой добры знаёмы або сваяк. Усе гэтыя людзі або крыніцы інфармацыі таксама могуць памыляцца. Але ж ты ведаеш, з каго спытаць, калі што. А як спытаць з абстрактнага інтэрнэту?

Зрэшты, памылкі – гэта яшчэ кветачкі. Ягадкі з'явіліся з імклівым развіццём у глабальнай сетцы новых тэхналогій, на мяжы рэальнасці і выдумкі, на мяжы чалавечых здольнасцей і работы незразумелых алгарытмаў. Апошнім часам ледзь не штодня з'яўляюцца навіны пра такія тэхналогіі і іх выкарыстанне.

Выданне Wired нядаўна напісала, як прафесар Вашынгтонскага ўніверсітэта Бо Чжао разам са сваімі калегамі апублікаваў у інтэрнэце артыкул, у якім памяняў месцамі спадарожнікавыя выявы Сіэтла і Пекіна. У выніку Сіэтл на фота «атрымаў» будынкі, якіх у рэальнасці ў горадзе няма, а ў Пекіне наадварот – «выдалілі» некаторыя будынкі, замяніўшы іх зялёнымі насаджэннямі. Гэта было зроблена з дапамогай спецыяльных праграм на аснове штучнага інтэлекту, якія могуць фабрыкаваць спадарожнікавыя фота.

Жарт? Ну як сказаць. Многія калегі гэтых вучоных перасцерагаюць: такія фокусы могуць уводзіць у зман урады цэлых краін, прымушаць сумнявацца ў рэальнасці інфармацыі. У свой час аэрафотаздымкі ядзерных установак у Іране і ракетных аб'ектаў у КНДР аказалі ўплыў на глабальную палітыку. Уявіце сабе свет, у якім пэўная краіна можа маніпуляваць такімі здымкамі ў інтэрнэце, каб штосьці схаваць або наадварот – паказаць тое, чаго ў рэальнасці няма.

Што калі заўтра нейкая заходняя дзяржава заявіць: у краіне Х мы знайшлі аб'екты хімічнай зброі. Хочаце доказы? - вось вам здымкі са спадарожніка. А далей – бамбардзіроўкі, ахвяры, зламаныя лёсы… І ўжо не дакажаш, што ў рэальнасці нічога не было. Вось вам і жарцікі з перастаноўкай аб'ектаў на фотаздымках.

Тэхналогіі, падобныя на апісаную вышэй, выкарыстоўваюцца і пры стварэнні дыпфэйкаў. Пра іх мы расказвалі не раз, паўтараць не будзем, іх небяспеку сёння разумеюць на самым высокім узроўні ў многіх сусветных сталіцах. Адзначу толькі, што тэхналогія развіваецца імкліва. Сёння для таго, каб «накласці» на сябе твар любога знакамітага чалавека і гаварыць ад яго імя, ужо не трэба асаблівых здольнасцей і вялікіх вылічальных магутнасцей камп'ютара, усё стала куды прасцей.

Дарэчы, размова не толькі пра палітыкаў – сёння з'яўляюцца і фэйкавыя акаунты розных зорак. Так, у сацсетцы TikTok ёсць «несапраўдны» Том Круз. Чалавек, які накладвае на сябе твар вядомай галівудскай зоркі і запісвае розныя відэа з ім, не хавае, што ён падманшчык. І ўсё роўна мае вялікую папулярнасць і шмат падпісчыкаў. А што будзе, калі з'явяцца (а яны абавязкова з'явяцца!) фэйкавыя старонкі іншых зорак, толькі іх аўтары ўжо не скажуць вам шчыра: гэта падман. І вы будзеце прымаць за чыстую манету ўсё, што яны робяць і кажуць з экрана смартфона. Уявіце, як аднойчы сапраўдны чалавек пачне спрачацца ў інтэрнэце са сваім фэйкавым двайніком, і вы адчуеце, як у вас едзе дах, бо ўжо незразумела, хто ёсць хто!

Можна пачынаць хвалявацца і дзяўчатам, якія ўкладваюць вялізныя грошы ў тое, каб выглядаць прыгожа ў сваім Інстаграм-акаунце (часцей за ўсё яны рэкламуюць пэўныя тавары або прадукты). Днямі ў Інстаграме з'явілася старонка, дзе публікуюць фота мадэляў, створаных з дапамогай нейронных сетак. Прыгажэй за іх быць складана, бо іх стварыла не прырода (і нават не скальпель пластычнага хірурга), а беспамылковы алгарытм. Ім за рэкламу тавараў нават плаціць не трэба, бо гэта ж не жывыя людзі. Праўда, невядома, як спажыўцы адрэагуюць на такіх «сінтэтычных» мадэляў. У рэальным жыцці многіх якраз прыцягвае недасканаласць.

Пачытаеш такія навіны і ў чарговы раз задумаешся: як увогуле сёння можна давяраць таму, што бачыш у інтэрнэце? Ці шмат там засталося рэальнага? Або вакол толькі фэйкі і бяздушныя алгарытмы?

Кажуць, у Еўропе збіраюцца ўвесці ў працоўнае заканадаўства права на disconnect. Гэта калі чалавек гаворыць: усё, мой працоўны дзень скончаны, я адключаю інтэрнэт і не трэба мне дасылаць свае паведамленні «па рабоце». Здаецца, чым далей, тым усё больш людзей захочуць сабе права на пажыццёвы disconnect, з раніцы да вечару. Каб ад фэйкаў вярнуцца да рэальнасці.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: