“Самая крывавая вайна ў свеце”. Менавіта так назвала гэты канфлікт у сваім нядаўнім артыкуле выданне The Economist. Які канфлікт? Магу спрагназаваць – амаль дакладна не той, пра які вы адразу падумалі. У гэтай вайне загінула, па розных ацэнках, каля 600 тысяч чалавек, многія сталі бежанцамі. Але вы, хутчэй за ўсё, пра яе нават не чулі.
Размова пра ваенныя сутыкненні ў Эфіопіі, якія працягваліся апошнія тры гады і завяршыліся толькі ў канцы 2022-га падпісаннем адпаведнага пагаднення. Зрэшты, ёсць верагоднасць, што гэта не кропка, а толькі часовая перадышка… Пра канфлікт часам яшчэ пішуць – “вайна паміж братнімі народамі”, што можа выклікаць у нас пэўныя аналогіі. Увогуле гэта гісторыя выклікае шмат аналогій і пытанняў.
Супрацьстаянне паміж федэральным урадам Эфіопіі і аўтаномным рэгіёнам Тыграй успыхнула ў лістападзе 2020-га. Але ў канфлікта працяглая перадгісторыя. Эфіопія заўсёды была шматканфесійнай дзяржавай, дзе жылі дзясяткі народнасцей. Тыграй – адзін з дзесяці штатаў краіны, дзе жыве хрысціянскі народ (дарэчы, адным з самых вядомых тыграяў у свеце прэса называе цяперашняга кіраўніка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдраса Гейбрэйесуса – падчас нядаўняй пандэміі яго імя мы чулі ледзь не штодня).
Многія гады Эфіопія была саюзніцай СССР, але ўсё завяршылася ў 1991-м, калі сталіцу Адыс-Абебу захапілі ўзброеныя фарміраванні Тыграя, якія зверглі мясцовых камуністаў. Пасля яны фактычна кантралявалі дзяржаўны апарат.
І вось у 2018-м да ўлады прыйшоў прэм’ер Абій Ахмед. Прыйшоў пад лозунгам дэмакратызацыі і прымірэння канфліктуючых бакоў. Адразу заўважым: прымірэння не атрымалася. Ахмед правёў амністыю некаторых зняволеных, легалізаваў апазіцыйныя партыі, зрабіў крок у бок неалібералізма і свабоднага рынку (хоць да таго ў Эфіопіі быў курс на сацыяльна-арыентаваную эканоміку). Акрамя таго, новы прэм’ер распусціў палітычную структуру, якая раней кіравала краінай і ў якую ўваходзілі розныя этнічныя партыі. Улады аўтаномнага рэгіёна Тыграй выступілі супраць такіх змяненняў.
Іронія лёсу: у 2019-м Абій Ахмед атрымаў Нобелеўскую прэмію міра – за ўрэгуляванне працяглага канфлікту з суседняй Эрытрэяй. Усяго праз год у яго краіне пачалася крывавая бойня. Атрымліваецца, дэмакратычныя рэформы нобелеўскага лаўрэата прывялі да этнічных чыстак. Увогуле ёсць падазрэнні, што ваенныя злачынствы падчас канфлікту ўчынялі абодва бакі, але іх яшчэ трэба будзе даказаць.
Урадавая армія Эфіопіі пайшла на аўтаномны Тыграй, каб аднавіць там цэнтральную ўладу. Абяцалі хуткую перамогу, але бліцкрыга не атрымалася. Больш за тое, атрады Тыграя перайшлі ў контрнаступленне і амаль што здзейснілі пераможны паход на сталіцу Адыс-Абебу. Ад паражэння армію Ахмеда выратавалі баявыя беспілотнікі з Турцыі і Ірана. А пасля ўзнікла патавая сітуацыя: ніводны з бакоў не меў сіл для вырашальнай перамогі, і канфлікт расцягнуўся на два гады. Урэшце ў канцы 2022-га бакі падпісалі пагадненне аб перамір’і.
Ці можна сказаць, што ў канфлікце пастаўлена кропка? Наўрад ці – з улікам усёй працяглай перадгісторыі і няпростай міжэтнічнай сітуацыі ў Эфіопіі. А лічба ахвяр ужо зараз жахлівая – каля 600 тысяч чалавек. Прычым многія з іх зусім не ваенныя, а мірныя жыхары, і загінулі яны не ад куль, а ад ускосных наступстваў вайны, найперш ад голаду.
Вось толькі ў “цывілізаваным” свеце многія нават не заўважылі гэтых страшных ахвяр і гэтай вайны. ЗША як сапраўдны “міратворац” накладвалі санкцыі на абодва бакі эфіёпскага канфлікту. Генеральны сакратар ААН Гутэрыш заклікаў братнія народы спыніць баявыя дзеянні. А кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Барэль яшчэ да пачатку канфлікту выказваў сур’ёзную заклапочанасць і патрабаваў знізіць напружанасць. Вось і ўся дапамога ў прымірэнні. Атрымліваецца, калі вайна далёка, а не побач з тваім домам, то гэта ўжо не трагедыя, а сухая статыстыка.