Сёння, 24-га чэрвеня, спаўняецца 80 гадоў з дня стварэння Савецкага інфармацыйнага бюро, таго самага Савінфармбюро. Дарэчы, паказальная дэталь: гэта інфармацыйнае агенцтва (кажучы сучаснымі словамі) стварылі на трэці дзень вайны, з абсалютна дакладнымі мэтамі і задачамі. Пагадзіцеся, неяк не вяжацца з тым, што часам можна прачытаць: што ў самым пачатку вайны ў савецкіх вярхах быццам бы панавала паніка і разгубленасць.
Асноўнай задачай Савінфармбюро было складаць зводкі для радыё (тады гэта быў самы аператыўны сродак масавай інфармацыі), для газет і часопісаў, у тым ліку замежных, пра становішча на франтах і жыццё ў тыле.
Усе зводкі пісалі сухой адточанай мовай, без лішніх падрабязнасцей. Пісьменнік Канстанцін Сіманаў прыгадваў: рабілі гэта наўмысна, каб не расстройваць людзей апісаннем ваенных дэталяў. Бо гэта былі страшныя дэталі, на вайне інакш не бывае.
Змест франтавых зводак – любімая тэма многіх экспертаў, пісьменнікаў, гісторыкаў. Маўляў, чаму яны не былі на 100% праўдзівыя? Журналісты-ветэраны Савінфармбюро сёння прыгадваюць: знакаміты публіцыст Ілля Эрэнбург абурана звяртаўся да кіраўніцтва: чаму мы маўчым пра здачу фашыстам Кіева? Усе і так пра гэта ведаюць!
Але давайце прыгадаем знакаміты выраз «па законах ваеннага часу». Гэта ж не толькі пра баявыя дзеянні на фронце, гэта і пра інфармацыйную работу ў тым ліку. Не ў вакууме гэтая работа ішла, а ў канкурэнцыі з інфармацыйнымі дзеяннямі ворага. А часам і так званых саюзнікаў, якія не спяшаліся адкрываць другі фронт.
Прапаганда на вайне была моцнай зброяй з абодвух бакоў. У палявых умовах назапашваўся вопыт вядзення псіхалагічных войн, вопыт уплыву на грамадства ў экстрэмальных умовах. Пазней гэтым вопытам будуць карыстацца не раз! На жаль, і сёння мы назіраем, як працуюць гэтыя прыёмы, толькі ўжо адточаныя часам і памножаныя на сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. А ўвогуле яшчэ Напалеон сказаў: «Чатыры газеты могуць прынесці ворагу больш зла, чым статысячная армія».
Псіхалагічны настрой людзей на вайне – тым больш на вайне абарончай, бо СССР абараняў сваю зямлю! – часам важнейшы за праўду. Асабліва, калі праўда горкая, як было ў пачатку той вайны. Так што, напэўна, не нам судзіць, што было правільна. Тым больш, як вядома, пераможцаў не судзяць.
У масавай свядомасці паняцце «Савінфармбюро» назаўсёды звязана з голасам легендарнага дыктара Юрыя Левітана. І хоць пачынаў ён свае штодзённыя радыёзводкі словамі «Говорит Москва!», насамрэч вяшчанне ішло са Свярдлоўска, а пасля з Куйбышава.
У рабоце бюро прымалі ўдзел і многія вядомыя савецкія творцы: В.Катаеў, К.Сіманаў, А.Талстой, К.Чукоўскі, М.Шолахаў. Самым любімым аўтарам еўрапейскай публікі быў ужо згаданы Эрэнбург, аўтар знакамітага і вельмі моцнага лозунгу «Забі немца». Ён шмат гадоў пражыў у Еўропе і разумеў, што для замежных чытачоў трэба пісаць па-іншаму. Хадзілі чуткі, што Гебельс не раз збіраў мазгавы штаб, каб адказаць на чарговае выступленне Эрэнбурга.
Зводкі Савінфармбюро зачытвалі і дыктары Беларускага радыё, якое са студзеня 1942-га вяло вяшчанне з Масквы. Знакаміты дыктар Уладзімір Юрэвіч пасля прызнаваўся: «Зводкі ў першай палове 1942-га года былі ў асноўным бязрадасныя. А недзе пад канец 1943-га, з вызваленнем першых раёнаў Беларусі, зводкі прыходзілі больш радасныя. Звычайна зводка Савінфармбюро прыходзіла гадзін у дзесяць раніцы. Каля акенца ў машынным бюро, дзе звычайна яна размножвалася на папяроснай паперы, выстройвалася чарга. Кожны хацеў схапіць зводку, каб у першай жа перадачы паведаміць апошнія падзеі з фронту. Бывала, што спазнялася гэтая зводка, прыходзіла недзе апоўначы. Здаралася, што, схапіўшы гэты экзэмпляр ад Савецкага інфармбюро за пяць хвілін да пачатку перадачы, не паспявалі перакласці яе. Тады разам з Любоўю Батвіннік падкладалі белы ліст паперы і на хаду перакладалі. Гэта была змабілізаванасць усёй волі ў кожнага: і ў рэдактара, і ў тых, хто супрацоўнічаў на радыё, і ў саміх дыктараў».
У эфіры радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» пастаянна гучала публіцыстычнае слова пісьменнікаў. Часам творы нараджаліся літаральна на вачах і адразу ставіліся ў эфір, як было са знакамітым вершам Петруся Броўкі «Будзем сеяць, Беларусь». Усяго 8 радкоў, а колькі аптымізму! Перадачы не спынялі нават падчас налётаў на Маскву варожых самалётаў. Тады пераходзілі на аварыйнае святло, калі свяціўся толькі агеньчык «Мікрафон уключаны». Так беларускае слова, перададзенае ў радыёэфіры, рабіла свой уклад у набліжэнне Перамогі.