Падзяліцца:
«Розгалас. «Свабодная» птушка з падрэзанымі крыламі». Радыёблог Максіма Угляніцы
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.11.2022
«Розгалас. «Свабодная» птушка з падрэзанымі крыламі». Радыёблог Максіма Угляніцы

«Птушачку выпусцілі на волю». Менавіта такімі словамі амерыканскі мільярдэр Ілан Маск паведаміў свету пра тое, што ён стаў новым гаспадаром сацсеткі Twitter. Намёк на знакаміты лагатып сацсеткі – блакітную птушку. Аб прычынах яго рашэння разважаць не будзем – эксперты і проста зацікаўленыя назіральнікі ўжо дзясяткі версій вылучылі, ёсць нават канспіралагічныя. Увогуле нам, звычайным людзям, складана гэта зразумець – як можна аддаць 44 мільярды долараў з уласных сродкаў за сацыяльную сетку?! У Беларусі той Twitter наогул малапапулярны. Але размова пра іншае.

Птушачка стала свабоднай – гэта намёк на тое, што ў сацсетку вернецца свабода слова? Некаторыя так гэта і зразумелі. І ўжо прагназуюць: Маск паспрабуе вярнуць тыя цудоўныя часы, калі сацыяльныя сеткі не былі інструментам палітычнага ціску, калі яны не прымалі рашэнняў, каго заблакіраваць і каму закрыць рот, а проста займаліся сваёй работай – дапамагалі наладжваць людзям камунікацыю паміж сабой. Тым больш, і сам мільярдэр заявіў: Twitter павінен стаць шчырай платформай для людзей з самымі рознымі меркаваннямі.

Каму-каму, але толькі не Ілану Маску пра гэта разважаць – тут жа нагадалі людзі з добрай памяццю. Так, у брытанскім выданні Independent выйшла цэлая падборка прыкладаў, калі бізнесмен вельмі сумніўна сябе паводзіў у якасці заступніка свабоды слова. Учыняў сапраўдную траўлю супрацоўнікам, прасіў урад Кітая цэнзурыраваць негатыўныя каментарыі адносна яго кампаніі Тэсла, пагражаў судом сваім крытыкам.

Гэтак жа смешна казаць і пра свабоду выказванняў у сацсетках. Дарэчы, паказальна, як адрэагаваў на пост Маска пра свабодную птушку камісар Еўрасаюза па пытаннях унутранага рынка Цьеры Брэтон: «У Еўропе птушка будзе лятаць па нашых правілах». Што гэта, як не намёк на цэнзуру?

З Twitter звязана і яшчэ адна вядомая гісторыя, можна сказаць, паваротная ў развіцці сацыяльных медыя. Менавіта гэтая сацсетка пажыццёва забаніла акаунт (скажам прасцей, закрыла рот) на той час яшчэ прэзідэнта ЗША Трампа. Здарылася гэта пасля нападзення на Капітолій у студзені 2021-га. Цяпер усе ўважліва глядзяць на Маска: што ён будзе рабіць з Трампам? Верне яго «у эфір» ці не? А іншых пажыццёва забаненых карыстальнікаў? Сам Трамп гаворыць, што не вельмі і жадае вяртацца, яму добра ў сваёй сацыяльнай сетцы, створанай якраз па выніках тых падзей.

Як бы там ні было, ужо зараз сацсеткі сталі сапраўдным полем цэнзуры і лініяй фронта ў палітычнай барацьбе. Найперш у ЗША, дзе яны ў свой час нарадзіліся. У ЗША, якія лічаць сябе аплотам свабоднага свету. Сёння там зноў публічна спрачаюцца адносна права на рэдагаванне запісаў у інтэрнэце, так званую мадэрацыю. Нядаўна два кансерватыўныя амерыканскія штаты – Флорыда і Тэхас – прынялі законы, якія забараняюць онлайн-платформам выдаляць кантэнт, заснаваны на меркаванні людзей. Левыя заклікаюць: мадэрацыя патрэбна, інакш у інтэрнэце будуць фэйкі, расізм і распальванне іншай нянавісці! Правыя крычаць: гэта цэнзура, гарантуйце нам права на свабоду слова! Апошняга слова чакаюць ад Вярхоўнага суда ЗША, але ці зможа ён яго сказаць? Калі новаўвядзенні будуць прыняты, некаторыя эксперты чакаюць радыкальных змяненняў правілаў гульні ў інтэрнэце.

Між тым, мадэрацыя не спрацавала ў 2006 годзе. Тады толькі з’явіўся YouTube, а ў ім з'явілася шакуючае відэа: аматарскія кадры павешання звергнутага прэзідэнта Ірака Садама Хусэйна. Як пазней аказалася, рашэнне пакінуць гэта відэа або выдаліць яго, прымала малады юрыст карпарацыі Google Ніколь Вонг. Чатыры гады таму на адной з канферэнцый яна прызналася: у выніку прыйшлі да высновы, што відэазапіс пакарання быў гістарычным момантам, таму важна, каб карыстальнікі яго ўбачылі і змаглі распаўсюджваць.

А вось убачыць фатаграфіі груднога кармлення дзяцей у сацсетцы Facebook было цяжэй, таму што іх выдалялі за парушэнне правіла, што забараняе дэманстраваць аголеную натуру (і гэта прывяло групу разгневаных маці да офіса Facebook). Што атрымліваецца – фота кормячых жанчын больш страшнае, чым кадры абуральнага самасуда над вядомым палітыкам? Або проста гэтая мадэрацыя (чытай: цэнзура) вельмі выбарачна працуе?

Пасля, як нагадвае выданне «Вашынгтон Пост», быў 2016 год, калі выявілася: ліберальныя супрацоўнікі Facebook тайна хавалі матэрыялы з кансерватыўных выданняў у раздзеле навін сацыяльнай сеткі. Іншымі словамі, тэхналагічныя гіганты Сіліконавай даліны навязвалі карыстальнікам свае каштоўнасці. Калі гэта стала вядома, гендырэктар Facebook Цукерберг адправіўся ў тур прасіць прабачэнні ў вядучых кансерватыўных палітыкаў і экспертаў.

Затым быў год 2020-ты. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША таблоід New York Post апублікаваў артыкул пра незаконныя матэрыялы, знойдзеныя ў ноўтбуку сына Джо Байдэна Хантэра. Што зрабілі дзве асноўныя «свабодныя» сацсеткі? Правільна, узгадалі пра мадэрацыю! Facebook выкарыстаў алгарытмы, каб абмежаваць распаўсюджванне гэтай гісторыі ў сваёй сетцы. А Twitter проста забараніў усе спасылкі на артыкул і заблакаваў акаунт публікацыі. Калі падняўся страшны шум, яны проста сказалі, што гэта было памылкай. Не больш за тое.

Карацей, у цэнзуры амерыканскіх сацыяльных сетак ужо даўняя багатая гісторыя. А вы і далей слухайце расказы Ілана Маска, як ён выпусціў птушачку Twitter на волю і зробіць усіх свабоднымі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: